Дынастыя Шамякіных: 67 гадоў з БДУ

27 Dec, 2024.

Дынастыю Шамякіных складаюць доктар навук, прафесар, кандыдаты навук, аўтары навуковых і навукова-метадычных прац, аўтары літаратурных перакладаў. Педагагічны стаж дынастыі Шамякіных у БДУ складае 67 гадоў.

Шамякіна Таццяна Іванаўна – доктар філалагічных навук, прафесар. Педагагічны стаж у БДУ – 50 гадоў (з іх на пасадзе загадчыцы трох розных кафедраў – 17 гадоў).

Нарадзілася 8 кастрычніка 1948 года ў Мінску ў сям’і беларускага пісьменніка Івана Пятровіча Шамякіна. У 1971 годзе скончыла філалагічны факультэт БДУ, у 1974 годзе – аспірантуру. З 1974 года – выкладчык кафедры беларускай літаратуры БДУ. У 1975 годзе абараніла кандыдацкую дысертацыю «Асноўныя стылістычныя напрамкі сучаснай беларускай прозы». З 1982 года – дацэнт кафедры беларускай літаратуры БДУ, з 1992 г. – дацэнт кафедры беларусазнаўства БДУ, з 1994 г. – дацэнт кафедры тэорыі літаратуры БДУ, з 2001 г. – загадчыца кафедры беларускай лінгвістыкі і міфалогіі БДУ. У 2001 годзе абараніла доктарскую дысертацыю «Беларуская класічная літаратурная традыцыя і міфалогія». З 2003 года – прафесар, з 2004 года – загадчыца кафедры беларускай літаратуры і культуры Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. З 2016 да 2018 гг. – загадчыца кафедры тэорыі літаратуры БДУ. З 2019 па 2024 г. – прафесар кафедры тэарэтычнага і славянскага літаратуразнаўства БДУ.

Спецыялізуецца ў галіне даследаванні беларускай прозы XX стагоддзі (Я. Колас, І. Шамякін, А. Васілевіч, А. Карпюк, І. Пташнікаў, М. Стральцоў, І. Чыгрынаў), а таксама тэорыі літаратуры, славянскай міфалогіі і культуралогіі.

 Член Саюза пісьменнікаў Беларусі. Акадэмік Міжнароднай славянскай акадэміі навукі, адукацыі, культуры і мастацтва.

Таццяна Іванаўна была ўзнагароджана медалём Францыска Скарыны ў 2007 г., стала лаўрэатам літаратурнай прэміі «Залаты купідон» у 2010 г., была ўзнагароджана знакам «Выдатнік адукацыі» ў 2008 г., узнагароджана медалём імя М. Багдановіча ў 2023 г., а таксама шматлікімі граматамі і падзякамі Міністэрства вышэйшай адукацыі БССР, ВАК Рэспублікі Беларусь, рэктарата БДУ, Саюза пісьменнікаў Беларусі і інш.

Аўтар каля 500 літаратуразнаўчых, культуралагічных, крытычных артыкулаў, 7 індывідуальных манаграфій, 5 індывідуальных навучальных дапаможнікаў, больш чым 15 навучальных дапаможнікаў у суаўтарстве.

У 1981 г. была выдадзена кніга літаратурнай крытыкі «На лініі перасячэння».  Таксама аўтра кніг «Іван Шамякін»  (1982), «Міфалогія Беларусі» (2000), «Беларуская класічная літаратура і міфалогія» (2001), «Эсхаталогія (міфы пра патоп)» (2002), «Міфалогія і літаратура» (2003), «Славянская міфалогія. Курс лекцый» (2005), «Культура Кітая» (2006), «Культура Індыі» (2006), «Міфалогія і беларуская літаратура» (2008), «Традыцыйны кітайскі каляндар і славянскія міфалагічныя паралелі» (2010), «Іван Шамякін: вядомы і невядомы» (2011), «Славянская міфалогія» (2012), «Парадоксы часу, ці Рамантыка савецкай навукі» (2015), «Фальклор і беларуская літаратура ў люстэрку міфалогіі» (2016), «Псіхалогія літаратурнай творчасці» (2021), «Прырода – соцыум – славеснасць» (2023).

Адзін з аўтараў энцыклапедый: «Літаратура і мастацтва Беларусі» (1984–1987), «Янка Купала» (1986), «Міфалогія Беларусі» (2008), «Беларускі фальклор» (2006), «Максім Багдановіч» (2011), «Культура Беларусі» (2013). Брала ўдзел у падрыхтоўцы падручнікаў і навучальных дапаможнікаў па гісторыі беларускай літаратуры для школьнікаў, абітурыентаў, студэнтаў.

Пераклала на рускую мову аповесці І. П. Шамякіна «Гандлярка і паэт» (Масква, 1977), «Драма» (часопіс «Нёман», 1989), п’есу «Залаты медаль» (пастаўлена ў 1980), раманы «Вазьму твой боль» (Масква, 1980), «Петраград – Брэст» (Масква, 1985), «Зеніт» (Масква, 1988). Адзін з вядучых спецыялістаў-літаратуразнаўцаў па творчасці народнага пісьменніка Беларусі Івана Шамякіна.

Шамякіна Славяна Вячаславаўна – кандыдат філалагічных навук, дацэнт (дачка Шамякінай Т. І.). Педагагічны стаж у БДУ – 17 гадоў.

Нарадзілася 13 лютага 1982 года ў Мінску. Малодшая дачка Таццяны Іванаўны Шамякінай. У 2004 г. скончыла філалагічны факультэт БДУ па спецыяльнасці «беларуская філалогія» (з дадатковай спецыяльнасцю «руская філалогія»). У 2007 г. скончыла аспірантуру пры кафедры тэорыі літаратуры філалагічнага факультэта БДУ і пачала працу на пасадзе выкладчыка кафедры тэорыі літаратуры філалагічнага факультэта БДУ. У 2013 г. абараніла кандыдацкую дысертацыю «Тыпалогія і структура аб’ектных мастацкіх вобразаў (на матэрыяле беларускіх чарадзейна-фантастычных казак)» па спецыяльнасцях «тэорыя літаратуры; тэксталогія» і «фалькларыстыка». З 2016 г. з’яўлялася дацэнтам кафедры тэорыі літаратуры БДУ, з 2019 – тэарэтычнага і славянскага літаратуразнаўства БДУ, з 2024 г. – дацэнт тэарэтычнага і беларускага літаратуразнаўства філалагічнага факультэта БДУ.

Славяна Вячаславаўна ў 2003 г. стала ўладальнікам прэміі НАН Беларусі за найлепшую навуковую працу маладых навукоўцаў. У 2004 стала пераможцам конкурсу БДУ імя У. Пічэты ў галіне сацыяльных і гуманітарных навук за найлепшую працу студэнтаў і выпускнікоў БДУ.

Спецыялізуецца ў галіне даследавання тэорыі літаратуры, фальклору і міфалогіі. Галоўны прадмет навуковых інтарэсаў – фантастычныя і міфапаэтычныя жанры фальклору і літаратуры.

Аўтар звыш 90 навуковых і навучальна-метадычных публікацый. У 2003 г. выйшаў аўтарскі зборнік навуковых артыкулаў «Verbo tenus (У прасторы слова): Філалагічныя эцюды»; у 2005 г. – манаграфія «Рэчы ў казачным сусвеце. Змястоўна-фармальная адметнасць чарадзейнай казкі на прыкладзе вобразаў магічных рэчаў»; у 2019 г. – навучальна-метадычны дапаможнік «Увядзенне ў літаратуразнаўства»; у 2022 г. – навучальна-метадычны дапаможнік «Усходняя міфалогія». Таксама з’яўляецца адным з суаўтараў навучальных дапаможнікаў «Тэксталогія і яе дапаможныя навукі», «Літаратуразнаўства. Фалькларыстыка», энцыклапедыі «Культура Беларусі», навуковага выдання «Нарысы гісторыі культуры Беларусі (Т. 3. Культура сяла XIV – пачатку XX ст. Кн. 2. Духоўная культура)».

 

Шамякіна Алеся Іванаўна – кандыдат філалагічных навук, старшы навуковы супрацоўнік аддзела тэксталогіі Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі (сястра Шамякінай Т. І.).

Нарадзілася 16 чэрвеня 1961 года. Малодшая дачка Івана Пятровіча Шамякіна. У 1983 г. скончыла філалагічны факультэт БДУ, спецыяльнасць «беларуская філалогія». У 1986 г. скончыла аспірантуру пры кафедры беларускай літаратуры філалагічнага факультэта БДУ. У 2001 г. абараніла кандыдацкую дысертацыю на тэму «Прастора і час у трылогіі Якуба Коласа “На ростанях”».

Спецыялізуецца на вывучэнні беларускай літаратуры, асабліва творчасці Івана Шамякіна і Якуба Коласа. З 1986 г. да цяперашняга часу працуе ў аддзеле тэксталогіі Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі. Удзельнічала ў падрыхтоўцы цэлага шэрагу акадэмічных збораў сачыненняў класікаў беларускай літаратуры: Якуба Коласа, Максіма Танка, Івана Шамякіна, Кузьмы Чорнага, Янкі Брыля і інш.

 

Махонь Сяргей Уладзіміравіч – кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры рускай мовы філалагічнага факультэта БДУ (муж Шамякінай А. І.).

У 1983 г. скончыў філалагічны факультэт БДУ, па спецыяльнасці «філолаг, выкладчык рускай мовы і літаратуры». У 1989 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму «Уплыў беларускай мовы на лексіка-стылістычную сістэму рускамоўных тэкстаў». Спецыялізуецца на супастаўляльным вывучэнні беларускай і рускай моў, лексікалогіі, фразеалогіі, лінгвістычным аналізе тэксту.

Аўтар больш чым 90 навуковых і навучальна-метадычных публікацый.

 

Шамякіна Марыя Вячаславаўна – кандыдат філалагічных навук, старшы навуковы супрацоўнік аддзела экалогіі традыцыйнай культуры Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору НАН Беларусі. Дактарант Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы НАН Беларусі (дачка Шамякінай Т. І.).

Нарадзілася 11 жніўня 1976 г. у Мінску. У 1998 г. скончыла беларуска-рускае аддзяленне філалагічнага факультэта БДУ, у 1999 г. – магістратуру на кафедры рускай літаратуры філалагічнага факультэта БДУ, у 2004 г. – аспірантуру на кафедры тэорыі літаратуры філалагічнага факультэта БДУ. У 2005 г. абараніла кандыдацкую дысертацыю на тэму «Паэтыка беларускіх замоў: вобразны света, гукавая арганізацыя тэксту».

У 1999–2000 гг. працавала малодшым навуковым супрацоўнікам навукова-экспазіцыйнага аддзела Літаратурнага музея імя М. Багдановіча. У 2000–2001 гг. – супрацоўнік Беларускага фонду культуры, у 2003–2010 гг. – рэдактар часопіса «Полымя», у 2010–2017 гг. – саветнік-кансультант аддзела падрыхтоўкі выступленняў Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. У 2017–2022 г. – дацэнт кафедры сацыяльна-гуманітарных дысцыплін ДУА «Інстытут памежнай службы Рэспублікі Беларусь». У 2022 г. паступіла ў дактарантуру Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі. У 2024 г. пачала працаваць у аддзеле экалогіі традыцыйнай культуры Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору НАН Беларусі.

Спецыялізуецца ў галіне фалькларыстыкі і беларускай літаратуры. Галоўны прадмет навуковай цікавасці ў наш час – беларуская фантастычная літаратура.

Аўтар дзвюх манаграфій і больш чым 30 навуковых публікацый. У 2005 г. выйшла манаграфія «Паэтыка беларускіх замоў у аспекце літаратуразнаўства: вобразны свет, гукавая арганізацыя тэксту». У 2021 г. выйшла манаграфія «Уяўленні пра будучыню ў фальклорных тэкстах і літаратурных помніках старажытнасці».

Член Саюза пісьменнікаў Беларусі. Аўтар шэрагу літаратурных мастацкіх твораў.

Узнагароджана Ганаровай граматай Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (2017 г.), шэрагам грамат і падзяк ДУА «Інстытут памежнай службы Рэспублікі Беларусь».

Дынастыя Шамякіных працягвае традыцыі беларускага пісьменніка, сцэнарыста і драматурга Івана Шамякіна. Любоў да беларускай літаратуры, культуры, фальклору ў гэтай сям’і на стагоддзі.

 

print

Вам таксама можа спадабацца: