Сумесная падрыхтоўка студэнтаў і інавацыі ў адукацыі: новыя дамоўленасці БДУ і Кітая

27 Dec, 2024.

На чале з рэктарам Андрэем Каралём адбыўся афіцыйны візіт дэлегацыі БДУ ў Кітай. Яго вынікам стала падпісанне шэрагу дакументаў аб супрацоўніцтве нашага ўніверсітэта з ВНУ КНР. Гэтыя дамоўленасці адкрываюць шырокія адукацыйныя перспектывы на кітайскім рынку і спрыяюць развіццю прадуктыўнага міжуніверсітэцкага ўзаемадзеяння дзвюх краін.

Адной з першых дамоўленасцяў стала падпісанне пагаднення БДУ і Інстытута інавацыйнай адукацыі (ІІА, г. Санья, Кітай). Дакумент рэгламентуе рэалізацыю сумесных адукацыйных праграм у фармаце «1+3». ІІА з’яўляецца беларуска-кітайскім інстытутам, які створаны сёлета ў сакавіку 2024 года пры ўдзеле БДУ і Хайнанскага цэнтра перадавога досведу ў сферы міжнароднай адукацыі. Гэта калектыўная ініцыятыва арыентавана на супрацоўніцтва дзвюх краін у сферы адукацыі, развіццё экспарту адукацыйных паслуг і павелічэнне кантынгенту кітайскіх грамадзян у беларускіх ВНУ. Прадугледжваецца, што інстытут стане цэнтрам прыцягнення іншых універсітэтаў, у тым ліку замежных. На дадзены момант у інстытуце рыхтуюцца да паступлення ў БДУ і праходзяць курсы па вывучэнні рускай мовы кітайскія грамадзяне з правінцыі Хайнань.

Таксама бакі правялі прадметныя перамовы наконт далейшага развіцця інстытута і выхаду яго дзейнасці на новы ўзровень, удзелу ў гэтай ініцыятыве ўстаноў сярэдняй і сярэдняй спецыяльнай адукацыі г. Санья. Былі разгледжаны перспектывы, першыя вынікі працы, план на 2025 год, навучальна-метадычнае забеспячэнне адукацыйнага працэсу, падрыхтоўка кітайскіх абітурыентаў да паступлення ў ВНУ Беларусі. Як было адзначана на двухбаковай сустрэчы, сёння ІІА з’яўляецца знакавай установай для развіцця міжнароднага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Кітаем у сферы вышэйшай адукацыі. Гэта выяўляецца ў падтрымцы муніцыпальных улад Ячжоу Бэй і ўрада г. Санья, у паспяховым дасягненні дамоўленасцяў пра супрацоўніцтва больш чым з 30 школамі, адукацыйнымі кампаніямі розных правінцый Кітая, у актыўным інфармаванні СМІ правінцыі Хайнань пра дзейнасць інстытута.

Падчас сустрэчы рэктара Андрэя Караля з кітайскімі партнёрамі і кіраўніцтвам адміністрацыі г. Санья ключавой тэмай абмеркавання стала прысваенне ІІА статусу юрыдычнай асобы і рэарганізацыя яго ў філіял БДУ на тэрыторыі Кітая. Гэта дазволіла б паглыбіць супрацоўніцтва паміж краінамі і спрыяла б скаардынаванаму развіццю навукова-тэхнічнай адукацыі Беларусі і Кітая.

Другім важным падпісаным дакументам стаў мемарандум аб узаемаразуменні з Хайнанскім інстытутам праграмных тэхналогій. Дакумент рэгламентуе абмен студэнтамі, магістрантамі, запрашэнне выкладчыкаў і даследчыкаў для сумеснай працы над навукова-даследчымі і адукацыйнымі праектамі. Акрамя таго, мемарандум рэгулюе працэсы абмену інфармацыяй, навучальнымі матэрыяламі, сумеснага правядзення навукова-адукацыйных мерапрыемстваў і падрыхтоўку публікацый.

Працягнуўся візіт дэлегацыі БДУ сустрэчай з кіраўніцтвам Усходне-кітайскага педагагічнага ўніверсітэта (УКПУ). Узаемадзеянне з УКПУ развіваецца ў рамках падпісанай у 2011 годзе дамовы аб супрацоўніцтве, а таксама замацавана ў праграме абмену навучэнцамі. Адным з асноўных вынікаў плённай сумеснай працы дзвюх ВНУ стала адкрыццё Цэнтра вывучэння Беларусі на базе УКПУ. Галоўны беларускі ўніверсітэт забяспечыў установу неабходнай літаратурай, дзяржаўнай сімволікай Беларусі і прадметамі культурна-гістарычнай тэматыкі. Бакі рэгулярна выказваюць прапановы па ўдасканаленні працы цэнтра. Так, БДУ выступае ініцыятарам стварэння і абнаўлення фондаў навуковай, публіцыстычнай і мастацкай літаратуры беларускіх аўтараў з выкарыстаннем рэсурсаў Электроннай бібліятэкі ВНУ, арганізацыі анлайн-лекцый і майстар-класаў па беларускай мове і літаратуры, а таксама сумесных з УКПУ навуковых і культурных мерапрыемстваў.

Рэктар БДУ Андрэй Кароль падкрэсліў важнасць захавання наяўных дамоўленасцяў і абмеркавання новых вектараў развіцця партнёрства, паколькі ўзаемадзеянне з Кітаем з’яўляецца адным з прыярытэтных напрамкаў міжнароднага супрацоўніцтва ў сферы вышэйшай адукацыі не толькі для БДУ, але і Беларусі ў цэлым. «За больш чым 30 гадоў дыпламатычных адносін паміж дзвюма дзяржавамі наша сяброўства стала доўгатэрміновым, а адносіны – давернымі», – адзначыў Андрэй Кароль.

Сёлетняя сустрэча стала лагічным працягам партнёрскіх адносін з мэтай арганізацыі сумесных даследаванняў, стварэння навуковых публікацый у галіне оптыкі, адкрыцця сумеснага гуманітарна-культурнага цэнтра. Важнай тэмай дыскусіі стала перспектыва аднаўлення акадэмічнай мабільнасці студэнтаў і навукоўцаў БДУ і УКПУ.

Таксама візіт дэлегацыі БДУ ў Кітай уключаў абмен вопытам у галіне інавацыйнай адукацыі. Гэта тэма была разгледжана ў рамках беларуска-кітайскага Форуму па развіцці інавацыйнай адукацыі. Удзельнікамі дадзенага мерапрыемства сталі кіраўнікі навучальных устаноў правінцыі. Вітаючы кітайскіх калегаў, Андрэй Кароль распавёў пра ўнікальныя вынікі рэалізацыі эўрыстычнай сістэмы адукацыі ў БДУ. Яна дазваляе дыялагізаваць навучальны працэс, вучыць весці дыялог у сучасным свеце. Гэтае ўменне, са слоў Андрэя Караля, сёння з’яўляецца адной з найважнейшых кампетэнцый чалавека ХХІ стагоддзя. Яно фарміруе талерантнасць, бесканфліктнасць, прыводзіць у адпаведнасць са сваёй прызначанасцю асабісты і прафесійны шлях кожнага. У сучасных умовах, на думку рэктара БДУ, важныя такія тэхналогіі, якія дапамагаюць студэнту адкрываць самога сябе, падаюць яму магчымасць выбудоўваць індывідуальную адукацыйную траекторыю.

Вопыт БДУ ў галіне інавацыйнай адукацыі прадставіў рэктар Андрэй Кароль падчас правядзення метадычных семінараў па прымяненні інавацый у адукацыі. Яны пабудаваны на сістэме эўрыстычнай адукацыі на аснове дыялогу. Яе аўтарам і распрацоўшчыкам выступае Андрэй Кароль. Удзельнікамі семінараў сталі выкладчыкі ІІА, прадстаўнікі навукова-даследчых інстытутаў навукова-тэхнічнага раёна Ячжоу Бэй.

Рэктар БДУ распавёў удзельнікам семінараў пра асаблівасць эўрыстычнага падыходу ў навучанні. Выяўляецца ён у стварэнні вучнем свайго адукацыйнага прадукту, адрознага ад вынікаў іншых навучэнцаў, а не ў атрыманні гатовай інфармацыі. Андрэй Кароль растлумачыў механізм трохступенчатай працы над прадуктам. Вывучэнне рэчаіснасці, супастаўленне сваіх вынікаў з культурна-гістарычным аналагам і дасягненнямі чалавецтва, атрыманне матэрыяльнага і ўнутранага выніку складаюць аснову эўрыстычнага навучання. У дыялогу «свайго» і «чужога» вучань вучыцца ставіць мэты, задаваць пытанні, рэфлексаваць. Таму ён адначасова атрымлівае матэрыяльны вынік у выглядзе эсэ, графікаў, сачыненняў, і ўнутраны – у выглядзе прырашчэння навыкаў крэатыўнасці, пазнавальнасці, здольнасць правільна ставіць пытанні.

Андрэй Кароль растлумачыў, што для індывідуалізацыі працэсу навучання патрэбны выкладчык з эўрыстычнымі кампетэнцыямі. Дадзеным запытам адпавядаюць прадстаўленыя семінары.

Візіт дэлегацыі БДУ ў Кітай быў накіраваны на развіццё міжуніверсітэцкага ўзаемадзеяння з універсітэтамі Кітая. Атрыманыя вынікі дазволяць паглыбіць супрацоўніцтва ў галіне адукацыі, навукі, рэалізацыі праектаў, падрыхтоўкі публікацый і правядзення курсаў павышэння кваліфікацыі для выкладчыкаў. 

Паводле інфармацыі прэс-службы БДУ

print

Вам таксама можа спадабацца: