Выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь былі прызначаны на 26 студзеня 2025 года ў адпаведнасці з пастановай Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь ад 23 кастрычніка 2024 года. Перыяд датэрміновага галасавання быў вызначаны Цэнтральнай выбарчай камісіяй Рэспублікі Беларусь у адпаведнасці з заканадаўствам у пяцідзённы тэрмін да даты правядзення выбараў – з 21 па 25 студзеня 2025 года.
6 снежня 2024 года завяршылася стадыя вылучэння кандыдатаў у Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь. Зараз ажыццяўляецца праверка вынікаў працы ініцыятыўных груп кандыдатаў, якія балатуюцца, наконт падліку колькасці подпісаў грамадзян і іх сапраўднасці. Вядучая роля ў рэгістрацыі кандыдатаў у Прэзідэнты адводзіцца Цэнтральнай выбарчай камісіі Рэспублікі Беларусь.
У студзені 2025 года будзе праходзіць перадвыбарная агітацыя кандыдатаў у Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь. Пры гэтым у дзень выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь правядзенне перадвыбарнай агітацыі не дапускаецца. У адпаведнасці з выбарчым заканадаўствам кандыдатам у Прэзідэнты падаюцца магчымасці выступленняў у сродках масавай інфармацыі, асвятлення іх перадвыбарных праграм, сустрэч з выбаршчыкамі, правядзенне пікетаў і іншых мерапрыемстваў. Пры рэалізацыі дадзеных магчымасцяў кандыдатам і іх давераным асобам важна ўлічваць прававыя акты, якія выдаюцца Цэнтральнай выбарчай камісіяй і органамі мясцовай улады і рэгламентуюць дазволы і забароны падчас правядзення масавых мерапрыемстваў, выступленняў у сродках масавай інфармацыі, сустрэч з выбаршчыкамі. Як правіла, сустрэчы з выбаршчыкамі праводзяцца ў памяшканнях устаноў і арганізацый, вызначаных паводле ўсталяванага мясцовымі органамі ўлады пераліку; інфармацыйныя стэнды для выбаршчыкаў афармляюцца ў строга адведзеных для гэтага месцах, эфірны час для выступленняў кандыдатаў размяркоўваецца ў дзяржаўных сродках масавай інфармацыі.
Для правядзення масавых мерапрыемстваў у перыяд перадвыбарнай агітацыі ўсталяваны спецыяльны парадак, які рэгламентуецца Законам Рэспублікі Беларусь ад 30.12.1997 № 114-З «Пра масавыя мерапрыемствы» і Выбарчым кодэксам Рэспублікі Беларусь. Мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы па ўзгадненні з адпаведнымі выбарчымі камісіямі вызначаюць месцы, у якіх кандыдаты ў Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь могуць праводзіць масавыя мерапрыемствы. Масавае мерапрыемства, а таксама падрыхтоўка да яго павінны быць спынены па патрабаванні кіраўніка ці намесніка адпаведнага органа мясцовага выканаўчага і распарадчага органа, органа ўнутраных спраў у выпадках:
— калі ў апавяшчэнні паказана дата, час пачатку і заканчэння правядзення масавага мерапрыемства, якія супадаюць з датай і часам правядзення масавага мерапрыемства кандыдата, які раней падаў апавяшчэнне ў мясцовы выканаўчы і распарадчы орган;
— калі ў пададзеным апавяшчэнні парушаецца ўсталяваны час для правядзення масавага мерапрыемства (з 8 да 22 гадзін);
— калі пры правядзенні масавага мерапрыемства ўзнікае небяспека для жыцця і здароўя грамадзян.
Спісы выбаршчыкаў складаюцца па кожным участку для галасавання і падпісваюцца старшынёй і сакратаром участковай выбарчай камісіі. Грамадзяне, зарэгістраваныя па месцы жыхарства на тэрыторыі ўчастка для галасавання, уключаюцца ў адпаведны спіс выбаршчыкаў участковай камісіяй. Грамадзяне Рэспублікі Беларусь могуць быць таксама ўключаны ўспіс выбаршчыкаў на тэрыторыі ўчасткаў для галасавання, па месцы якіх яны не зарэгістраваны, аднак для гэтага патрабуецца наяўнасць дакумента, які пацвярджае пражыванне на тэрыторыі дадзенага ўчастка, пра што паведамляецца ўчастковай камісіі па месцы жыхарства грамадзяніна. Грамадзянін можа быць уключаны ў спіс выбаршчыкаў толькі на адным участку для галасавання.
Бюлетэнь для галасавання выдаецца грамадзяніну Рэспублікі Беларусь у дзень выбараў ці датэрміновага галасавання на падставе пашпарта або іншых дакументаў, дазволеных для выдачы бюлетэня Цэнтральнай выбарчай камісіяй (гэта можа быць пасведчанне кіроўцы, пенсійнае пасведчанне, студэнцкі білет і інш.).
У адрозненне ад выбараў дэпутатаў у адзіны дзень галасавання, тэрыторыя Рэспублікі Беларусь пры правядзенні выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь уяўляе сабой адзіную выбарчую акругу.
Вопыт юрыдычнага факультэта БДУ ў прававой асвеце членаў працоўнага калектыву і студэнтаў па тэматыцы выбарчай кампаніі
У рамках рэалізацыі лакальных прававых дакументаў БДУ юрыдычным факультэтам арганізуецца і праводзіцца цэлы шэраг мерапрыемстваў у галіне прававой асветы па тэматыцы выбарчай кампаніі:
1. арганізуюцца дыялогавыя пляцоўкі для студэнцкай моладзі і працоўных калектываў у падраздзяленнях комплексу БДУ;
2. праводзяцца дыялогавыя пляцоўкі на базе юрыдычнага факультэта БДУ для студэнтаў і работнікаў юрыдычнага факультэта;
3. сістэматызаваны прававыя і інфармацыйныя матэрыялы для стэндаў выбаршчыкаў і інш.
З найбольш значных праведзеных для работнікаў і студэнтаў юрыдычнага факультэта мерапрыемстваў па тэматыцы электаральнай кампаніі хацелася б вылучыць наступныя, праведзеныя ў снежні 2024 года:
наведванне Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь супрацоўнікамі і студэнтамі юрыдычнага факультэта БДУ – сустрэча са Старшынёй Палаты прадстаўнікоў І. П. Сергяенкам у рамках правядзення інфармацыйна-асветніцкага праекта «Моладзь для Беларусі!»;
дыялогавая пляцоўка «Электаральная кампанія: ад прававой асветы да актыўнай грамадзянскай пазіцыі» з кіраўніцтвам РГА «Патрыёты Беларусі»;
сустрэча студэнцкага актыву юрыдычнага факультэта з прадстаўнікамі судзейскага корпуса горада Мінска «Моладзевае асяроддзе. Рызыкі і ўразлівасць».
Юрыдычная адказнасць за неправамерныя дзеянні ў рамках выбарчай кампаніі
Варта памятаць, што артыкулам 9.10 Кодэкса Рэспублікі Беларусь пра адміністрацыйныя правапарушэнні ўсталявана адміністрацыйная адказнасць за:
— правядзенне перадвыбарнай агітацыі ў дзень выбараў;
— незаконнае прыцягненне ці выкарыстанне грашовых сродкаў ці матэрыяльных рэсурсаў пры падрыхтоўцы і правядзенні выбараў (калі гэтыя дзеянні не цягнуць крымінальнай адказнасці).
Паказаныя дзеянні цягнуць накладанне адміністрацыйнага спагнання ў выглядзе папярэджання або штрафу да 15 базавых велічынь.
Наўмысныя знішчэнне ці пашкоджанне друкаваных матэрыялаў, якія адносяцца да выбараў (напрыклад, плакатаў з інфармацыяй пра кандыдатаў у Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь), караюцца штрафам да 10 базавых велічынь.
Удзел у незаконных масавых мерапрыемствах цягне адказнасць па частцы 1 артыкула 24.23 Кодэкса Рэспублікі Беларусь пра адміністрацыйныя правапарушэнні (штраф да 100 базавых велічынь, грамадскія работы або адміністрацыйны арышт), іх арганізацыя забаронена часткай 2 дадзенага артыкула (штраф ад 25 да 150 базавых велічынь (для юрыдычных асоб – ад 20 да 200 базавых велічынь), грамадскія работы або адміністрацыйны арышт).
Паўторнае здзяйсненне дадзеных дзеянняў (удзелу або арганізацыі незаконных мерапрыемстваў) караецца па частках 3-4 артыкула 24.23 Кодэкса Рэспублікі Беларусь пра адміністрацыйныя правапарушэнні штрафам ад 20 да 200 базавых велічынь, грамадскімі працамі ці адміністрацыйным арыштам. Тыя ж дзеянні, учыненыя ў трэці раз (пры ўмове, што асоба двойчы прыцягвалася да адміністрацыйнай адказнасці на працягу года), з’яўляюцца ўжо злачынствам, за якое пакаранне прадугледжана артыкулам 3422 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (арышт, абмежаванне свабоды да 3 гадоў, пазбаўленне свабоды да 3 гадоў).
Пры гэтым варта ведаць, што «вулічная» актыўнасць можа ўтвараць і больш цяжкі склад злачынства. Так, арганізацыя дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, забаронены часткай 1 артыкула 342 КК Рэспублікі Беларусь (пакаранне: арышт, абмежаванне свабоды да 5 гадоў, пазбаўленне свабоды да 4 гадоў). Здзяйсненне такіх дзеянняў, а таксама навучанне ці падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках (частка 3 артыкула 293 КК, частка 2 артыкула 342 КК) цягнуць прызначэнне пакарання ў выглядзе арышту ці пазбаўлення свабоды тэрмінам да 3 гадоў.
Не пакінута Крымінальным кодэксам Рэспублікі Беларусь без увагі і дзейнасць «падбухторшчыкаў» да вулічных бясчынстваў: публічныя заклікі да арганізацыі несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў і ўцягванне ў іх трэціх асоб караюцца паводле артыкула 369-3 КК арыштам, абмежаваннем свабоды да 5 гадоў ці пазбаўленнем свабоды да 5 гадоў.
Калі ж незаконны мітынг перарастае ў пагром, знішчэнне чужой маёмасці, напады на прадстаўнікоў улады, то дадзеныя дзеянні кваліфікуюцца як масавыя беспарадкі, удзельнікам якіх пагражае ад 3 да 8 гадоў пазбаўлення свабоды (ч. 2 арт. 293 КК), а арганізатарам – ад 5 да 15 гадоў пазбаўлення свабоды (ч. 1 арт. 293 КК).
Дэкан юрыдычнага факультэта, кандыдат юрыдычных навук, дацэнт А. В. Шыдлоўскі
намеснік дэкана па ідэалагічнай і выхаваўчай рабоце юрыдычнага факультэта В. П. Сухапараў
намеснік начальніка цэнтра адукацыйных інавацый юрыдычнага факультэта, начальнік аддзела «Юрыдычная клініка БДУ» А. І. Федаровіч