Выпуск 1964 г.: 60 гадоў з фізічным факультэтам БДУ

27 Dec, 2024.

 

Ужо многія гады фізічны факультэт БДУ рыхтуе высокакваліфікаваных спецыялістаў. Дыпламаваныя фізікі ўслаўляюць alma mater у якасці работнікаў прадпрыемстваў і ўстаноў, выкладчыкаў, кандыдатаў навук, прафесараў, акадэмікаў. У гэтым годзе 60-гадовы юбілей адзначае ўнікальны выпуск 1964 г. Выпускнікі любяць і памятаюць родны факультэт, з цяплом успамінаюць пра вясёлыя студэнцкія гады, лекцыі і дарагіх выкладчыкаў.

У 1958 г. фізіка-матэматычны факультэт быў падзелены на фізічны і матэматычны. Першым дэканам новага факультэта стаў кандыдат фізіка-матэматычных навук Міхаіл Панцялеевіч Халімановіч. Для выпускнікоў 1964 г. знаёмства з фізічным факультэтам пачалося ў 1959 г. Наперадзе – 5 гадоў навучання, яскравых падзей, цікавых адкрыццяў, навуковых дасягненняў.

Гэты курс можна назваць сапраўды ўнікальным. У 1959 г. на фізічны факультэт быў адкрыты набор на 150 чалавек, у той час як раней было не больш за 50. Таксама ў 1961 г., на трэцім курсе, студэнты фізічнага факультэта разышліся на два патокі: педагагічны і даследчы.

Вячаслаў Яўгенавіч Абухоў – кандыдат тэхнічных навук, дацэнт, майстар спорту СССР па спартыўным турызме. Доўгі час працаваў у Фізіка-тэхнічным інстытуце НАН Беларусі. Даследаваў працэсы фарміравання ў вакууме структуры і ўласцівасцяў тонкіх плёнак металаў, якія прымяняюцца ў мікраэлектроніцы, працэсы ўзаемадзеяння лазернага выпраменьвання з плёнкамі арганічных металаў. Менавіта Вячаслаў Яўгенавіч, ад першага курса і да апошняй сустрэчы 55-годдзя заканчэння фізфака, быў фоталетапісцам курса і захаваў усе фота з вучобы, адпачынку, спартыўных мерапрыемстваў і сельгаспрац. Успамінае: «І вось урачысты момант. Мы, першакурснікі фізічнага факультэта, сядзім у самай вялікай ва ўніверсітэце на той час аўдыторыі ў старым корпусе фізфака (зараз гэты будынак займае рэктарат), цалкам запоўненай маладымі людзьмі. Ва ўсіх эйфарыя. Дзіва што, мы з абітурыентаў ператварыліся ў студэнтаў».

Сяргей Мікалаевіч Чаранкевіч – акадэмік НАН Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, доктар біялагічных навук, прафесар. Апісаў шэраг з’яў у клетках крыві, імуннай сістэме, пухлінных клетак. Сяргей Мікалаевіч асабіста і ў суаўтарстве апублікаваў звыш 570 прац, у тым ліку больш за 160 артыкулаў, 5 манаграфій, 5 навучальных дапаможнікаў. Успамінае: «Наш курс быў дружны, захоплены навукай, было шмат творчых людзей. Нам было цікава адзін з адным, і гэта цікавасць захавалася на доўгія гады. Дагэтуль мы арганізуем сустрэчы і праводзім час разам».

Раман Раманавіч Чырвонцаў – дзейны адвакат Адвакацкай калегіі горада Масквы, намеснік старшыні савета Федэральнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі беларусаў Расіі. Падчас навучання з’яўляўся ўдзельнікам каманды КВЗ фізфака, студэнцкай оперы «Архімед». Пасля заканчэння фізфака і службы ў Савецкай арміі працаваў на заводзе паўправадніковых прыбораў імя Ф. Э. Дзяржынскага. У 1988 г. стаў ініцыятарам і адным са стваральнікаў першай у СССР нацыянальна-культурнай грамадскай арганізацыі «Маскоўскае таварыства беларускай культуры імя Францішка Скарыны». Стаў складальнікам нотных кніг на беларускай мове «Беларускія папулярныя песні», «Беларускія народныя песні», выдадзеных у Маскве ў 2022 г. Гэтыя кнігі былі перададзены ў дар музею гісторыі БДУ.

Святлана Максімаўна Урэцкая (Ляшкевіч) – інжынер, патэнтавед. Выпускніца ўспамінае, што навучанне на фізічным факультэце дазволіла ёй атрымаць каштоўныя веды, аналізаваць і знаходзіць рашэнні ў розных галінах сваёй дзейнасці. Працавала тэхнолагам на заводзе паўправадніковых прыбораў імя Ф. Э. Дзяржынскага, старэйшым інжынерам Бюро патэнтавай і навукова-тэхнічнай інфармацыі аб’яднання «Інтэграл». Пятнаццаць гадоў працавала загадчыцай патэнтава-ліцэнзійнага аддзела Інстытута фізіка-арганічнай хіміі Акадэміі навук БССР. Займала пасаду галоўнага спецыяліста ў Дзяржаўным патэнтавым ведамстве Рэспублікі Беларусь пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь. З 1992 г. па 2007 г. працавала першым кансультантам у Нацыянальным цэнтры інтэлектуальнай уласнасці НЦІУ. Усе гэтыя гады Святлана Максімаўна – галоўны арганізатар вечароў сустрэч гэтага ўнікальнага курса. Склала падрабязныя спісы з дадзенымі ўсіх 150 студэнтаў курса. Успамінае: «Чым знакаміты наш курс 1959–1964 гг.? Галоўнае – тым, што я не памятаю, каб за гады вучобы кагосьці адлічвалі за непаспяховасць. З 150 чалавек нашага курса 2 акадэмікі НАН Рэспублікі Беларусь, 8 дактароў і больш за 20 кандыдатаў навук, а таксама паэткі, мастакі».

Любоў Мікалаеўна Турбіна – выпускніца фізфака БДУ, пісьменнік, літаратурны крытык і перакладчык. Працавала ў Інстытуце генетыкі і цыталогіі АН БССР, кандыдат біялагічных навук, у 1971 г. абараніла дысертацыю па радыебіялогіі. Пасля заканчэння ў 1980 г. Літаратурнага інстытута імя М. Горкага ў Маскве працавала старшым навуковым супрацоўнікам аддзела літаратур народаў Расіі і СНД у Інстытуце сусветнай літаратуры. Член Саюза расійскіх пісьменнікаў і Саюза пісьменнікаў Беларусі. Яе вершы перакладаліся на англійскую, шведскую, сербскую, балгарскую і іншыя мовы. Успамінае: «На фізфаку я вучылася ў першай палове 60-х гг. XX стагоддзя. Гэта быў час, калі фізфак лічыўся самым прэстыжным факультэтам: у модзе была кніжачка «Фізікі жартуюць», а на сцэне Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта выконвалася з поспехам камічная опера «Архімед».

Ларыса Уладзіміраўна Рудава – выпускніца фізфака БДУ, кандыдат біялагічных навук, дацэнт факультэта псіхалогіі ЛДУ ў Санкт-Пецярбургу.

Пераехаўшы ў Бельгію, захапілася жывапісам, пачала пісаць карціны і ўдзельнічаць у выставах. Яе працы яскравыя, незвычайныя і карыстаюцца попытам. Успамінае: «На адной з нашых юбілейных сустрэч я сказала, што фізік можа абраць практычна любую спецыяльнасць пасля ВНУ, таму што фізіка фарміруе глабальны светапогляд, мысленне, пашырае вобраз свету. У мяне засталіся выдатныя ўражанні пра гады навучання, пра нашых выкладчыкаў і аднакурснікаў. Гэта быў залаты час. Бясконцае дзякуй нашаму фізічнаму факультэту БДУ».

У 1964 г. дыпламаванымі фізікамі сталі 150 чалавек: 40 жанчын і 110 мужчын. Выпускнікам іх студэнцкае жыццё запомніцца не толькі вучобай. Студэнты паспелі стаць сведкамі першага палёту чалавека ў космас 12 красавіка 1961 г., замаліся творчай самадзейнасцю, падарожнічалі, весела праводзілі час разам.

Многія студэнты дапамагалі і развіццю сельскай гаспадаркі краіны. Кожнае лета іх з нецярпліва чакалі ў калгасах на ўборку бульбы. Але акрамя гэтага студэнты паспявалі папрацаваць на таку, дапамагчы ва ўборцы саломы, зборы ўраджаю яблыкаў, рамонце тэхнікі. Жылі па некалькі чалавек, харчаваліся ў агульнай сталовай калгаса. Успамінаюць, што працавалі дружна і весела.

Падчас сваёй вучобы ў 1961 г. студэнты арганізавалі першую каманду КВЗ «Архімед». Выступленні былі цікавымі і запамінальнымі. 

Пра ўсё гэта выпускнікі захавалі добрую памяць на доўгія часы. Для іх універсітэт стаў домам, вялікай дружнай сям’ёй. Таму дагэтуль яны з трапятаннем ўспамінаюць пра свае студэнцкія гады ў БДУ. Гэты іх самы шчаслівы і залаты час.

 

Дар’я Артамонава,

С. М. Урэцкая (Ляшкевіч)

print

Вам таксама можа спадабацца: