Дынастыю складаюць прафесар і кандыдат гістарычных навук, аўтары навуковых распрацовак, навучальных дысцыплін. Педагагічны стаж працы ў БДУ складае 65 гадоў.
Шупляк Пётр Аляксеевіч – прафесар гістарычных навук, дэкан гістарычнага факультэта (1991–1996). Педагагічны стаж у БДУ – 52 гады.
Нарадзіўся 8 верасня 1943 года ў д. Брускоўшчына Маладзечанскага раёна.
У 1969 г. пачаў працу на кафедры гісторыі новага і найноўшага часу гістарычнага факультэта. У 1970 г. скончыў гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У 1972–1975 гг. навучаўся ў аспірантуры Енскага ўніверсітэта імя Ф. Шылера, Германія.
У 1975 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю «Прафсаюзы і стачачная барацьба ў Германіі ў перыяд сусветнага эканамічнага крызісу 1929–1933 гг.» (навук. кір. – прафесар М. Вайсбекер). У 1978 г. П. А. Шупляку было прысвоена званне дацэнта, у 1993 г. – прафесара.
З 1981 да 1991 гг. з’яўляўся намеснікам дэкана гістарычнага факультэта БДУ, у 1991–1996 гг. – дэкан гістарычнага факультэта. За гады кіраўніцтва Пятра Аляксеевіча створаны новыя кафедры, дзейнасць якіх была накіравана на вывучэнне айчыннай гісторыі. Для падрыхтоўкі спецыялістаў у галіне гісторыі было адкрыта беларускамоўнае аддзяленне, якое стала ўнікальным у сістэме падрыхтоўкі гісторыкаў у Рэспубліцы Беларусь. Былі адкрыты новыя напрамкі падрыхтоўкі кадраў – аддзяленне міжнародных адносін (з 1995 г. вылучылася ў самастойны факультэт міжнародных адносін), аддзяленне архівазнаўства і музеязнаўства.
З’яўляўся адным з галоўных ініцыятараў правядзення ў 1993 г. I Усебеларускай канферэнцыі гісторыкаў «Гістарычная навука і гістарычная адукацыя ў Рэспубліцы Беларусь (новыя канцэпцыі і падыходы)». Па ініцыятыве П. А. Шупляка ў 1993 г. быў створаны першы ў Беларусі спецыялізаваны навуковы гістарычны часопіс – «Беларускі гістарычны часопіс». У далейшым быў членам рэдкалегіі часопісаў «Беларускі гістарычны часопіс», «Беларуская мінуўшчына», «Веснік БДУ». У 1993–1996 гг. узначальваў Беларускую асацыяцыю гісторыкаў.
Пётр Аляксеевіч – прадаўжальнік традыцый беларускай германістыкі. Навуковымі інтарэсамі на працягу ўсёй яго навукова-педагагічнай дзейнасці з’яўляліся гісторыя Германіі ў XX ст.; гісторыя працоўнага руху; сацыял-дэмакратычны рух на сучасным этапе.
Пётр Аляксеевіч Шупляк быў узнагароджаны ў 1987 г. знакам «За выдатныя поспехі ў працы», у 2003 г. – знакам «Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь», граматамі Міністэрства народнай адукацыі. Падрыхтаваў двух кандыдатаў навук. Аўтар больш чым 50 навуковых прац.
Бурачонак Аляксандр Вячаслававіч – кандыдат гістарычных навук, дацэнт, з 2022 г. дэкан факультэта сацыякультурных камунікацый БДУ. Пляменнік П. А. Шупляка. Педагагічны стаж у БДУ – 13 гадоў.
Нарадзіўся ў 1985 г. у г. Маладзечна. У 2007 г. скончыў гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці «гісторыя (айчынная і ўсеагульная гісторыя)». У 2008 г. скончыў магістратуру Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці «айчынная гісторыя» (прысуджана ступень магістра гістарычных навук). У 2008–2011 гг. навучаўся ў аспірантуры на кафедры гісторыі Беларусі новага і найноўшага часу гістарычнага факультэта БДУ па спецыяльнасці «айчынная гісторыя». У 2013 г. абараніў дысертацыю на суісканне навуковай ступені кандыдата гістарычных навук на тэму «Развіццё прадпрымальніцтва ў фабрычна-заводскай вытворчасці Беларусі (1861–1914 гг.)» (навуковы кіраўнік – доктар гістарычных навук прафесар А. Г. Каханоўскі).
У 2011–2012 гг. працаваў малодшым навуковым супрацоўнікам Беларускага навукова даследчага інстытута дакументазнаўства і архіўнай справы, у 2012–2022 гг. – выкладчыкам, старшым выкладчыкам, дацэнтам кафедры гісторыі Беларусі новага і найноўшага часу, намеснікам дэкана па вучэбнай рабоце і адукацыйных інавацыях гістарычнага факультэта БДУ. Са снежня 2022 г. на пасадзе дэкана факультэта сацыякультурных камунікацый БДУ.
У 2014 г. Аляксандр Вячаслававіч праходзіў павышэнне кваліфікацыі па праграме «Гісторыка-культурная спадчына Беларусі ў ідэалагічнай і выхаваўчай рабоце» ў ДУА «Рэспубліканскі інстытут вышэйшай школы». У 2015 г. – павышэнне кваліфікацыі па праграме «Праектаванне і распрацоўка электронных навучальных матэрыялаў у сістэме інавацыйнай адукацыі» ў ДУА «Рэспубліканскі інстытут вышэйшай школы». У 2016 г. – павышэнне кваліфікацыі па адукацыйнай праграме «Выкарыстанне тэхналогій «змяшанага» навучання пры распрацоўцы электронных навучальных курсаў (на аснове сістэмы LMS Moodle)» у Беларускім дзяржаўным універсітэце. У 2019 г. – адукацыйны семінар «Распрацоўка вынікаў навучання : інструментарый , метадалогія і практыкум» (Сусветны банк). У 2019 г. – павышэнне кваліфікацыі па навучальнай праграме «Тэхналогіі эўрыстычнага навучання ў вышэйшай школе «Методыка навучання праз адкрыццё: як навучаць усіх па-рознаму, але аднолькава» ў Беларускім дзяржаўным універсітэце.
У 2016 г. Аляксандру Вячаслававічу ВАК Рэспублікі Беларусь было прысвоена навуковае званне «дацэнт» па спецыяльнасці «гісторыя».
У галіну навуковых інтарэсаў А. В. Бурачонка ўваходзяць гісторыя беларускай дзяржаўнасці, гісторыя прадпрымальніцтва, сацыяльная гісторыя Беларусі.
Аўтар шэрагу навучальных дысцыплін: «Гісторыя беларускай дзяржаўнасці», «Гісторыя прадпрымальніцтва ў Беларусі», «Сацыяльная гісторыя Беларусі», «Эканамічная гісторыя Беларусі», «Беларусь у гады Першай сусветнай вайны», «Сацыяльныя канфлікты ў гісторыі Беларусі», «Рынак і рынкавыя адносіны ў Беларусі: гісторыя і сучаснасць».
Аўтар звыш 80 навуковых публікацый.
А. В. Бурачонак з’яўляецца членам каардынацыйнага савета пры Міністэрстве адукацыі Рэспублікі Беларусь па развіцці гістарычнай навукі і адукацыі, членам навукова-метадычнага савета Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, кіраўніком секцыі «Гісторыя і грамадазнаўства» ў НМУ «Нацыянальны інстытут адукацыі» Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.
Аляксандр Вячаслававіч быў узнагароджаны падзякай Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (2015), граматай Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (2018). У 2018 г. была прызначана стыпендыя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь як таленавітаму маладому навукоўцу. У 2021 г. быў узнагароджаны ганаровай граматай Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У 2022 г. быў занесены на Дошку пашаны Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У 2024 г. узнагароджаны Граматай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.
Дынастыя Шупляк і Бурачонак справядліва можа ганарыцца сваімі дасягненнямі. Прадстаўнікі дынастыі ўнеслі вялікі ўклад у развіццё ўніверсітэта і гістарычнай навукі.
Дзмітрый СЦЯПАНАЎ, загадчык музея гісторыі БДУ