II штогадовы фестываль-конкурс маладых дызайнераў адзення «Сузор’е» прайшоў у БДУ. У намінацыі «Конкурс адной мадэлі» дыпломам ІІІ ступені адзначаны студэнт другога курса факультэта сацыякультурных камунікацый Георгій Акінчыц.
Пра ўдзел у конкурсе «Сузор’е»
У снежні на базе БДУ прайшоў другі сезон фестывалю-конкурсу маладых дызайнераў адзення «Сузор’е». Гэта мерапрыемства праводзіцца з мэтай падтрымкі таленавітай моладзі, стварэння пляцоўкі для абмену творчымі ідэямі і вопытам, магчымасці прадэманстраваць патэнцыял і ўзровень прафесійнага майстэрства. Удзельнічалі студэнты і выкладчыкі ўстаноў адукацыі Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі. Сёлета былі прадстаўлены больш за 40 работ.
Вялікі плюс такіх мерапрыемстваў – творчая свабода. Пры падрыхтоўцы да конкурсу студэнты не абмяжоўваюцца зададзенай тэмай, ім не абавязкова прыносіць праект на праверку выкладчыку. Тут ты сам за сябе. На думку дызайнера, у гэтым і ёсць сапраўднае задавальненне.
Як высветлілася, Георгій Акінчыц прысутнічаў на мерапрыемстве ў мінулым годзе. Ён адзначыў, што сёлета ўзровень работ моцна ўзрос.
– Я не зусім згодны з рашэннем судзейскай камісіі, былі творчыя працы, якія я паставіў бы на вышэйшыя месцы. Думаў, што выбраць трох пераможцаў будзе немагчыма бо ўсе рабяты праяўляюць сябе на максімум.
Акрамя таго, студэнт факультэта сацыякультурных камунікацый лічыць, што ўдзельнікі конкурсу «Сузор’е» не павінны канкураваць паміж сабой. На яго думку, такія мерапрыемствы лепш успрымаць як знаёмства з калегамі па цэху.
– Гэта не спартыўная гульня, і ў моманце ўжо нічога не вырашыць. Мне вельмі спадабаліся многія працы студэнтаў як з нашага універсітэта, так і з іншых навучальных устаноў.
«Through the waves»: як ствараўся вобраз
– Першапачаткова я хацеў выпрабаваць свае магчымасці і зрабіць гарсэт з суцэльнага ствала дрэва. Ужо потым я прывязаў канцэпцыю раскошнага карабля, які рассякае хвалі. Адсюль і з’явілася назва «Through the waves» («Скрозь хвалі»), – тлумачыць хлопец.
Дызайн адзення пачынаецца са стварэння малюнкаў. Эскіз да гэтага касцюма Гоша намаляваў усяго за пару хвілін у скетчбуку, а пасля больш за чатыры тыдня выношваў і пераасэнсоўваў ідэю. Працэс стварэння расцягнуўся на тры месяцы. Гэта была не бесперапынная праца. Больш за ўсё часу заняла жамчужына вобраза – драўляны гарсэт. Яго распрацоўка пачалася яшчэ ў верасні.
– Пакуль дазваляла надвор’е, я павінен быў зрабіць гарсэт з дрэва. Пасля заняткаў я хуценька ехаў дадому і да заходу сонца пілаваў. Для мяне гэта было своеасаблівым выпрабаваннем: паспею ці не. Нават калі гарсэт ужо быў адшліфаваны, я доўга думаў, як жа яго прыгожа завяршыць. Лак здаўся мне самым удалым рашэннем. А вось са спадніцай усё было куды прасцей ды хутчэй. Яе я сшыў за адну ноч, седзячы ў майстэрні з сяброўкай.
Да самага канца малады дызайнер не разумеў, якога выніковага выгляду сваёй працы ён хоча: больш ваяўнічага і грознага ці ўсё ж такі рамантычнага і летуценнага. Атрымаўся другі варыянт.
– Мадэль Алёна неверагодна падкрэсліла вобраз сваёй прыгажосцю. А спалучэнне цвёрдага, лакаванага, непрыступнага дрэва і бязладнай, хаатычнай спадніцы надало агульнаму выгляду больш рамантычны настрой.
Пра вучобу на творчай спецыяльнасці
На думку хлопца, заняткі ва ўніверсітэце вельмі дапамагаюць зразумець, у якой галіне трэба развівацца.
– Я такі чалавек, што мне вельмі цяжка сесці за нешта, чым я не гару безумоўна. Універсітэт жа вучыць нас асновам асноў, хочацца нам гэтага ці не, але гэта трэба ў любой прафесіі. Акрамя таго, заняткі з выкладчыкамі вучаць дысцыпліне і цярпенню. Так, пасля гэтага семестра я ўмею шыць ужо восем відаў кішэняў, – жартуе Гоша.
Пра творчасць ды прафесійную будучыню
Мода – літаральна жывы арганізм, які няспынна развіваецца і расце. Адзінае, што хоча студэнт ад прафесіі, – рэалізаваць свой творчы патэнцыял на ўсе сто і знайсці людзей, якія падзяляюць яго пазіцыю ў дызайне. Аднак ніякіх акрэсленых мэтаў ён перад сабой не ставіць – ці проста не раскрывае свае творчыя планы.
Акрамя таго, мой суразмоўца не любіць «сумную моду». На думку Гошы, гэта, можа, прыгожа і эстэтычна, але так плоска і зусім нічога не распавядае пра чалавека, акрамя як пра любоў да «нармальнай вопраткі». Мода не проста адзенне на кожны дзень, а сапраўднае мастацтва, як жывапіс або скульптура.
– На дадзены момант мне падабаецца рабіць тое, што выклікае ў людзей эмоцыі. У адным я ўпэўнены: сапраўдны дызайнер павінен валодаць абсалютнай гнуткасцю ва ўспрыманні сучаснасці, мінулага і будучыні. Каб не ўвайсці ў гісторыю як майстар аднаго эскіза, трэба быць маладым галавой да канца дзён. У гэтай справе няма месца закасцянеласці розуму. Будзь сабой, нясі сваю праўду і свой стыль.
Марыя КАРКВЕЛІС