Міхаіл Герасімавіч Елісееў: штрыхі да партрэта

22 Jan, 2025.

 

17 студзеня споўнілася 85 гадоў з дня нараджэння вядомага беларускага навукоўца-гісторыка, кандыдата гістарычных навук, дацэнта Міхаіла Герасімавіча Елісеева.

М. Г. Елісееў нарадзіўся 17 студзеня 1940 г. у в. Кашалёва Буда-Кашалёўскага раёна Гомельскай вобласці. Па заканчэнні СШ № 2 г. Буда-Кашалёва ў 1956 г. паступіў на гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, па завяршэнні якога працаваў настаўнікам. У кастрычніку 1963 г. ён быў залічаны аспірантам па кафедры гісторыі новага і найноўшага часу БДУ. Яго навуковым кіраўніком быў прызначаны загадчык кафедры прафесар Л. М. Шнеерсон.

Сферай навуковых інтарэсаў М. Г. Елісеева стала сучасная гісторыя Германіі – замежная палітыка ФРГ, узаемаадносіны дзвюх нямецкіх дзяржаў – ФРГ
і ГДР. Падчас вучобы ў аспірантуры ён быў накіраваны ў Берлінскі ўніверсітэт імя Гумбальта ў якасці стажора-аспіранта, дзе куратарства над ім ажыццяўляў вядомы навуковец-гісторык і антыфашыст Вальтэр Бартэль. Па заканчэнні аспірантуры М. Г. Елісееў быў прыняты на працу выкладчыкам кафедры гісторыі новага і найноўшага часу БДУ, спачатку асістэнтам, затым старшым
выкладчыкам, з 1973 г. – в. а. дацэнта, а з 1976 г. – дацэнтам гэтай жа кафедры. 

У 1971 г. М. Г. Елісееў абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму «Заходнегерманская палітыка міжнароднай ізаляцыі ГДР і яе крах». У 1975 г. была апублікавана яго манаграфія «Бон і ГДР. Як пацярпела правал на міжнароднай арэне палітыка ХДС/ХСС, накіраваная супраць ГДР (1949–1969 гг.)». Кніга мела ў аснове арыгінальны нямецкі матэрыял, у ёй былі паказаны складанасці ўзаемаадносін паміж дзвюма нямецкімі дзяржавамі, якія ўвабралі ў сябе комплекс праблем біпалярнага свету, халоднай вайны, міжнароднага права і міжнароднай палітыкі. Грунтоўна былі разгледжаны ўзаемаадносіны ФРГ і ГДР з моманту іх узнікнення і да ўсеагульнага прызнання ГДР і прыняцця дзвюх нямецкіх дзяржаў у ААН.

У 1976 г. М. Г. Елісееў быў пераведзены на пасаду старшага навуковага супрацоўніка для падрыхтоўкі доктарскай дысертацыі, тэмай якой стала даследаванне ролі СвДП у сістэме парламенцкіх партый ФРГ у кантэксце праблем усходняй і германскай палітыкі. Па заканчэнні дактарантуры М. Г. Елісееў падрыхтаваў доктарскую дысертацыю, рэкамендаваную да абароны, аднак цяжкасці з публікацыяй манаграфіі і загружанасць дактаранта грамадска-палітычнай працай абарону адцягвалі. У 1989 г. будзе апублікавана кніга «Паміж канфрантацыяй і разрадкай. СвДП у партыйнай сістэме ФРГ: праблемы “ўсходняй” палітыкі». У ёй асвятлялася важная частка гісторыі палітычнага нямецкага лібералізму пасля Другой сусветнай вайны. Аўтар даследаваў сацыяльныя і ідэйна-палітычныя плыні ў СвДП, эвалюцыю гэтай партыі ў бок рэалізму, барацьбу груповак, расколы партыі і, самае галоўнае, замежнапалітычную ролю па комплексе ўсёй «усходняй палітыкі» ФРГ. Кніга закранула сацыялогію парламентарызму, у ёй былі дадзеныя партрэтныя замалёўкі бачных дзеячаў ФРГ і СвДП, а таксама іншых палітычных партый. Тут утрымліваліся два характэрныя назіранні аўтара – слабасць тэарэтыка-палітычнай базы СвДП і спробы рэанімаваць лібералізм, які не апраўдаў сябе ў гады Веймара, а затым ператварыць у «сацыяльны лібералізм» сучасны абноўлены лібералізм.

У 1989 г. выйшла новая кніга М. Г. Елісеева ў суаўтарстве з У. Е. Снапкоўскім – «Дзве германскія дзяржавы і еўрапейская бяспека. Гісторыя і сучаснасць». У ёй было паказана, што ГДР іграла важную ролю ў справе захавання свету ў Еўропе. Дзве нямецкія дзяржавы ў двухблокавай палітыцы паступова эвалюцыянавалі ў
бок мірнага суіснавання. Напружаныя адносіны паміж ФРГ і ГДР ніколі не прыводзілі да ваенных дзеянняў. Хоць адмоўнага ў палітыцы паміж ФРГ і ГДР было шмат, але сістэмнае пераўзыходзіла, што падтрымлівала мір у
Цэнтральнай Еўропе. 

У наш час, калі з палітычнай карты зніклі і ГДР, і СССР, радыкальна змянілася геапалітычная сітуацыя ў свеце, многае з гісторыі ФРГ успрымаецца ў іншым ракурсе. Але няма сумневаў у тым, што трапныя характарыстыкі дзейнасці вядомых нямецкіх палітыкаў Г. Коля, Г.-Д. Геншэра, Г. Шміта, В. Шэеля, дадзеныя М. Г. Елісеевым у яго працах, не страцілі сваёй актуальнасці. Кіруючыя колы ФРГ выкарыстоўвалі і выкарыстоўваюць усё магчымае, каб абараніць свае нацыянальна-дзяржаўныя інтарэсы.

Усяго М. Г. Елісеевым было апублікавана каля 50 навуковых прац – названыя манаграфіі, артыкулы ў калектыўных зборніках, навукова-метадычная літаратура. Шматлікія творчыя распрацоўкі праблем найноўшай гісторыі Германіі высунулі яго ў лік найбуйнейшых спецыялістаў нашай краіны ў сферы гістарычнай германістыкі.

Навукова-даследчую працу М. Г. Елісееў паспяхова спалучаў з педагагічнай дзейнасцю. У памяці студэнтаў гістарычнага факультэта ён застаўся перш за ўсё як выдатны лектар. Чытаў курсы па найноўшай гісторыі Захаду, гісторыі краін Азіі і Афрыкі, а таксама змястоўныя і тэарэтычна абгрунтаваныя спецкурсы па актуальных праблемах гісторыі і сучаснасці ФРГ, праблемах нацыянальна-
вызваленчых рухаў і сучаснай эканомікі, культуры, палітыкі вызваленых краін для студэнтаў-гісторыкаў, а таксама для студэнтаў замежных краін, што вучыліся ў БДУ. Студэнты высока ацэньвалі ўзровень яго лекцый. Пры вывучэнні меркавання студэнтаў наконт прафесійных і асабістых якасцяў дацэнта М. Г. Елісеева (такія апытанні праводзіліся ў канцы 1980-х – пачатку
1990-х гг.) быў атрыманы высокі бал – 8,6.

М. Г. Елісееў быў чалавекам з актыўнай жыццёвай пазіцыяй, карыстаўся вялікай павагай і аўтарытэтам у калектыве гістарычнага факультэта, уваходзіў у
склад мясцкама і парткама БДУ, а ў 1980–1983 гг. узначальваў партыйную арганізацыю ўніверсітэта. Для яго як кіраўніка велізарнага калектыву былі характэрныя дэмакратызм, дыпламатычнасць, прынцыповасць у адстойванні сваіх поглядаў. У перыяд кіраўніцтва парткамам БДУ ён з’яўляўся членам Мінскага гаркама, Маскоўскага райкама КПБ, дэпутатам Маскоўскага раённага Савета дэпутатаў працаўнікоў. Часта выступаў з дакладамі па пытаннях выхаваўчай працы на навукова-практычных канферэнцыях, якія праводзіліся гарадскімі і раённымі партыйнымі камітэтамі. Актыўная навуковая і грамадская дзейнасць М. Г. Елісеева атрымала належнае прызнанне. Ён быў узнагароджаны ганаровымі граматамі ЦК ВЛКСМ, ЦК ЛКСМБ, Мінвуза БССР, неаднаразова – ганаровымі і граматамі рэктарата БДУ, у 1982 г. быў адзначаны Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР.

М. Г. Елісееў добра валодаў нямецкай мовай, часта выступаў перакладчыкам на афіцыйных прыёмах, пры чытанні лекцый замежнымі палітыкамі і навукоўцамі. Ён неаднаразова бываў у ГДР, ФРГ як стажор, удзельнік навуковых канферэнцый, як кіраўнік студэнцкіх груп, якія выязджалі на практыку ў Енскі ўніверсітэт імя Ф. Шылера.

На працягу многіх гадоў М. Г. Елісееў з’яўляўся членам савета гістарычнага факультэта, савета па прысуджэнні навуковых ступеняў кандыдата гістарычных навук, у 1978–1984 гг. – членам савета ўніверсітэта.

Міхаіл Герасімавіч Елісееў заўчасна сышоў з жыцця 5 жніўня 1997 г. пасля цяжкай хваробы. Шматлікія свае жыццёвыя і творчыя планы ён не змог ажыццявіць. У памяці наступных пакаленняў выпускнікоў гістарычнага факультэта ён застаўся не толькі як выдатны прафесіянал, але і як сардэчны чалавек, які заўсёды мог даць параду, выслухаць і зразумець, прыйсці на дапамогу таму, хто ў ёй меў патрэбу.

 

Міхаіл СТРАЛЕЦ, доктар гістарычных навук, прафесар, Вольга РАДЗЬКОВА, кандыдат гістарычных навук, дацэнт

print

Вам таксама можа спадабацца: