Дабро ў дзеянні: валанцёры БДУ

22 Feb, 2025.

 

Цэнтр валанцёрскай дзейнасці Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта прапануе студэнтам унікальныя магчымасці для самарэалізацыі, праявы ініцыятывы і ўдзелу ў сацыяльных праектах. Працуючы ў сяброўскай атмасферы, студэнты аказваюць значную дапамогу грамадству, набываюць новыя навыкі і становяцца часткай маштабных мерапрыемстваў.

Працай цэнтра валанцёрскай дзейнасці БДУ кіруе ўпраўленне па выхаваўчай рабоце. Аб’яднанне стварае цёплую і прыязную атмасферу, дзе кожны чалавек можа праявіць сваю ініцыятыву і вынаходлівасць.

Валанцёры аказваюць бязвыплатную дапамогу, яны маюць магчымасць пабываць на буйных мерапрыемствах рознага ўзроўню, ад універсітэцкага да міжнароднага. Гэта пашырае кола знаёмстваў, дае новыя навыкі і датычнасць да вялікай і дружнай каманды.

Актывісты БДУ супрацоўнічаюць больш чым з 25 сацыяльнымі ўстановамі і арганізацыямі, а таксама цесна ўзаемадзейнічаюць з рэспубліканскім валанцёрскім цэнтрам.

Кожны год валанцёры ўніверсітэта прымаюць удзел у дзясятках мерапрыемстваў розных узроўняў:

  • міжнародныя: фестываль мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску», конкурс Global Weekend, выстава Tibo, культурна-асветніцкі праект Цягнік Перамогі», арганізацыя першынстваў і чэмпіянатаў па розных відах спорту;
  • рэспубліканскія: дзень электратранспарту, конкурс прафесійнага майстэрства World Skills Belarus, фестываль Minsk Electro Day, акцыя «Тыдзень лесу»;
  • гарадскія: Дзень горада, «Экафэст», Мінскі паўмарафон;
  • універсітэцкія: фестываль «Наўруз», «Віват, студэнт БДУ!», дні донара БДУ, віншаванне ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, наведванне дзіцячых дамоў і інтэрнатаў, прытулку для жывёл і многае іншае.

Як адзначае арганізацыя, аб’яднанне заўсёды адкрытае да новага, а любая ініцыятыва будзе ўважліва разгледжана. Цэнтр працуе планамерна і стабільна. 

– Мы арганізоўваем і агітуем студэнтаў прымаць актыўны ўдзел у мерапрыемствах з выпрацаванай валанцёрскай традыцыяй. Напрыклад, нашы студэнты будуць задзейнічаны ў Велікодным фестывалі Беларускай праваслаўнай царквы, суботніках, акцыях па добраўпарадкаванні тэрыторыі, віншаванні ветэранаў з дзяржаўнымі святамі Рэспублікі Беларусь і іншых дабрачынных акцыях, – тлумачыць кіраўнік прэс-службы Алёна Сахарчук.

Праца ў валанцёрскім цэнтры прыносіць шмат бонусаў. Самыя актыўныя студэнты, якія прымаюць удзел у вялікай колькасці мерапрыемстваў, атрымліваюць розныя «плюшкі», напрыклад, хадайніцтва на інтэрнат, зніжэнне кошту навучання або магчымасць пераводу на бюджэт, матэрыяльны стымул, вызваленне ад заняткаў у дні мерапрыемстваў. Акрамя таго, можна прыдбаць новых сяброў і палепшыць партфоліа для працы ў самых розных сферах.

Каб стаць часткай дружнай каманды, трэба толькі запоўніць гугл-форму, якая ёсць на старонцы «Цэнтр валанцёрскай дзейнасці (валанцёры БДУ)» у сацыяльнай сетцы «Укантакце».

 

Марыя КАРКВЕЛІС

print

Вам таксама можа спадабацца: