Дынастыя Баброўскіх і Рашэтнікавых: 90 гадоў з БДУ

22 Feb, 2025.

 

Дынастыю Баброўскіх-Рашэтнікавых складаюць кандыдаты навук, дацэнт, старшы выкладчык, аўтары шэрагу навучальна-метадычных дапаможнікаў. Навуковы і педагагічны стаж дынастыі ў БДУ складае 90 гадоў.

 

Баброўская Валянціна Паўлаўна (1946–2022) – кандыдат хімічных навук, старшы навуковы супрацоўнік – з’яўлялася прадстаўніком навуковай школы хіміі цвёрдага цела і сінтэтычнай нанахіміі акадэміка В. В. Свірыдава; 39 гадоў працоўнага стажу ў БДУ.

З 1954 па 1964 гг. навучалася ў Мачулішчанскай сярэдняй агульнаадукацыйнай політэхнічнай школе. Любоў і цікавасць да хіміі прывілі яшчэ ў старэйшых класах таленавітыя педагогі. Пасля двух гадоў працы на заводзе «Інтэграл» у 1966 г. паступіла на вячэрняе аддзяленне хімічнага факультэта БДУ З малодшых курсаў зарэкамендавала сябе як старанная і захопленая навукай студэнтка, другакурсніцай атрымала прапанову працаваць на кафедры неарганічнай хіміі лабарантам – таму працоўны стаж у БДУ пачаўся ўжо з 1967 г. У 1972 г. завяршыла навучанне на хімічным факультэце і атрымала пасаду старшага тэхніка, затым інжынера сектара распрацоўкі новых фатаграфічных матэрыялаў. З 1975 г. працавала малодшым навуковым супрацоўнікам, з 1986 г. – навуковым супрацоўнікам лабараторыі хіміі фатаграфічных працэсаў НДІ ФХП БДУ. У 1984 г. пад кіраўніцтвам акадэміка В. В. Свірыдава паспяхова абараніла кандыдацкую дысертацыю на тэму «Уплыў розных дадаткаў на стабільнасць раствораў хімічнага асаджэння медзі». З 1988 года працавала навуковым супрацоўнікам, з 1991 г. – старшым навуковым супрацоўнікам лабараторыі хіміі тонкіх плёнак і фотатэхналогіі НДІ ФХП. Нароўні з навуковай працай займалася і педагагічнай дзейнасцю – кіравала курсавымі і дыпломнымі працамі студэнтаў хімічнага факультэта БДУ.

У 1998 г. пераведзена ва УНП РУП «Унітэхпрам БДУ» на пасаду загадчыка сектара ў Навукова-вытворчы цэнтр малатанажнай хіміі. У 2003 г. прызначана на пасаду дырэктара НВЦ (навукова-вытворчага цэнтру) медпрэпаратаў і антысептыкаў. У 2006 г. скончыла працоўную дзейнасць у БДУ, аднак не сышла з прафесіі – да 2021 г. (да 75 гадоў) прапрацавала ў ТАА «Хіммедсінтэз» у якасці начальніка АТК, а затым навуковага кансультанта.

Баброўская Валянціна Паўлаўна – аўтар больш чым 100 навуковых прац у галіне неарганічнай хіміі, хіміі тонкіх плёнак. На яе рахунку больш за 15 аўтарскіх пасведчанняў на вынаходствы, зарэгістраваных у Дзяржаўным рэестры вынаходстваў СССР.

За доўгі перыяд працоўнай дзейнасці ў БДУ Баброўская Валянціна Паўлаўна была неаднаразова ўзнагароджана: 1980 г. – граматай рэктарата БДУ, 1981 г. – знакам «Ударнік камуністычнай працы», 1982 г. – дыпломам II ступені ВДНГ БССР; 1982, 1984 гг. – граматамі НДІ ФХП, 1987 гг. – ганаровай граматай НДІ ФХП, 1988 г. – ганаровай граматай БДУ.

Рашэтнікава Анастасія Мікалаеўна (дачка Баброўскай В. П.) – старшы выкладчык кафедры міжнароднага турызму факультэта міжнародных адносін БДУ. Педагагічны стаж у БДУ – 24 гады.

У 1992 г. скончыла СШ № 101 г. Мінска. У 1997 г. з адзнакай скончыла геаграфічны факультэт БДУ па спецыяльнасці «геаграфія», спецыялізацыя «краязнаўства і арганізацыя турысцка-экскурсійнай працы». У 2000 г. скончыла магістратуру БДУ. З 2000 г. працавала выкладчыкам, старшым выкладчыкам кафедры эканамічнай геаграфіі замежных краін геаграфічнага факультэта БДУ. З 2017 г. – старшы выкладчык кафедры міжнароднага турызму факультэта міжнародных адносін БДУ.

Сфера прафесійных інтарэсаў: геаграфія турызму, экскурсійная справа, арганізацыя санаторна-курортнага абслугоўвання.

Аўтар больш чым 70 навуковых і навучальна-метадычных публікацый. У 2006–2008 гг. уваходзіла ў калектывы аўтараў даведачна-інфармацыйных выданняў «Турысцкая энцыклапедыя Беларусі», «Турысцкія рэгіёны Беларусі», «Курорты і здраўніцы Беларусі». У 2013–2016 гг. была адным з аўтараў выдання «Геаграфічны атлас настаўніка».

Прымае актыўны ўдзел у распрацоўцы навучальных матэрыялаў на замову РУП «Белкартаграфія» для сярэдняй школы і вышэйшых навучальных устаноў. З’яўляецца адным з аўтараў серыі насценных эканамічных карт для сярэдняй школы (2016–2021 гг.). Сумесна з калегамі факультэта геаграфіі і геаінфарматыкі распрацоўвала навучальную насценную карту для вышэйшай школы «Рэспубліка Беларусь. Турысцка-рэкрэацыйныя рэсурсы» (2023 г.). У 2022–2023 гг. у складзе аўтарскага калектыву брала ўдзел у распрацоўцы карт турысцка-рэкрэацыйнай тэматыкі для школьнага атласа «Геаграфія Беларусі» 9 класа.

Неаднаразова была распрацоўшчыкам заданняў для рэспубліканскай прадметнай алімпіяды па прадмеце «Геаграфія», уваходзіла ў журы секцыі «Геаграфія» гарадской навукова-практычнай канферэнцыі школьнікаў (Мінскі дзяржаўны палац дзяцей і моладзі).

У 2023 г. стала адным з аўтараў даведачна-навуковага выдання «Нацыянальны атлас Беларусі» – распрацоўшчыкам серыі карт у раздзелах «Культура, турызм, спорт», «Медыка-геаграфічны стан тэрыторыі» , прысвечаных гісторыка-культурнай спадчыне, турысцка-рэкрэацыйным рэсурсам і развіццю турызму ў Рэспубліцы Беларусь.

Рашэтнікаў Дзмітрый Георгіевіч – намеснік дэкана па вучэбнай рабоце і адукацыйных інавацыях факультэта міжнародных адносін, дацэнт кафедры міжнароднага турызму і гасціннасці. Педагагічны стаж у БДУ – 27 гадоў.

У 1997 г. з адзнакай скончыў геаграфічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. З 1997 г. працуе на факультэце міжнародных адносін БДУ. У 2003 г. пад кіраўніцтвам праф. І. І. Пірожніка абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму «Комплекс міжнароднага турызму ў сістэме замежнагандлёвай дзейнасці Рэспублікі Беларусь» па спецыяльнасці «эканамічная, сацыяльная, палітычная і рэкрэацыйная геаграфія». У 2006 г. прысвоена званне дацэнта па спецыяльнасці «геаграфія».

Сфера навуковых інтарэсаў: геаграфія турызму, канкурэнтаздольнасць турысцкіх дэстынацый.

Аўтар звыш 130 навуковых і навучальна-метадычных публікацый. Браў удзел у распрацоўцы Нацыянальнай праграмы развіцця турызму Рэспублікі Беларусь на 2006–2010 гг., Праграмы развіцця ўнутранага і ўязнога турызму ў г. Мінску на 2003–2005 гг., Комплекснага прагнозу развіцця г. Мінска на перыяд да 2020 г., Стратэгіі ўстойлівага развіцця экалагічнага турызму ў Беларусі. Браў удзел у выкананні тэмы НДР «Распрацоўка праекта Нацыянальнай стратэгіі развіцця турызму ў Рэспубліцы Беларусь да 2035 года».

Лаўрэат стыпендыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь таленавітым маладым навукоўцам 2006 г. Быў экспертам у рэалізацыі шэрагу міжнародных праектаў у сферы турызму і ўстойлівага рэгіянальнага развіцця Рэспублікі Беларусь пад эгідай Праграмы развіцця ААН.

Працуе ў складзе Навукова-метадычнага савета пры Міністэрстве адукацыі Рэспублікі Беларусь (секцыя геаграфіі і картаграфіі).

З’яўляецца аўтарам (суаўтарам) шэрагу навучальных выданняў: падручнік «Геаграфія турызму», навучальныя дапаможнікі «Геаграфія турызму Беларусі», «Арганізацыя санаторна-курортнай гаспадаркі», «Геаграфія міжнароднага турызму», «Культурна-гістарычная і прыродная спадчына Беларусі: тэорыя і практыка выкарыстання ў турызме», «Бізнес у агра- і экатурызме» і інш.

Працягвае традыцыі і маладое пакаленне дынастыі Баброўскіх-Рашэтнікавых. Старэйшы ўнук Баброўскай Валянціны Паўлаўны – Дзяніс Рашэтнікаў у 2019 г. скончыў факультэт міжнародных адносін, у 2020 г. – магістратуру БДУ з адзнакай. За паспяховую дзейнасць па арганізацыі і прапанове працы і дадатковай занятасці для больш чым 1000 студэнтаў БДУ ў 2019 г. быў узнагароджаны падзякай рэктара.

 

Дар’я АРТАМОНАВА

print

Вам таксама можа спадабацца: