Штогод, пачынаючы з 2007 года, найлепшым аспірантам краіны прызначаюцца стыпендыі Прэзідэнта. Яны стымулююць маладых даследчыкаў у сферы навукі, спрыяюць падрыхтоўцы навуковых работнікаў вышэйшай кваліфікацыі.
Стыпендыі Прэзідэнта Беларусі на 2025 год прызначаны 49 аспірантам, якія выконваюць дысертацыйныя даследаванні ва ўстановах адукацыі і навуковых арганізацыях у галіне тэхнічных, медыцынскіх, хімічных, эканамічных, педагагічных і іншых навук па актуальных і запатрабаваных для адпаведных галін тэмах. Адным з адзначаных навукоўцаў з’яўляецца аспірант факультэта геаграфіі і геаінфарматыкі Юрый Давідовіч.
Прафесію Юрый абраў яшчэ ў школе, бо вельмі палюбіў геаграфію. Гімназія, у якой ён вучыўся, мела політэхнічны кірунак, таму навакольныя спачатку дзівіліся, чаму ён абраў іншую спецыяльнасць. Але юнака захапляла навука пра Зямлю, таму ў 9 класе ён пачаў удзельнічаць у алімпіядах на раённым і гарадскім узроўнях, займаў прызавыя месцы і паціху рыхтаваўся да паступлення на спецыяльнасць «космааэракартаграфія».
Актыўную навуковую дзейнасць Юрый пачаў на другім курсе: пісаў навуковыя артыкулы, прадстаўляў вынікі сваіх даследаванняў на канферэнцыях, універсітэцкіх, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах.
Ужо на наступны год ён ўладкаваўся ў лабараторыю оптыка-фізічных вымярэнняў аддзела аэракасмічных даследаванняў Інстытута прыкладных фізічных праблем імя А. Н. Сеўчанкі. Сумесна са сваім першым навуковым кіраўніком Францам Емяльянавічам Шалькевічам Юрый займаўся даследаваннем спектральнай адлюстравальнай здольнасці розных прыродных аб’ектаў: глебы, сельскагаспадарчай і лясной расліннасці і інш.
У аддзеле аэракасмічных даследаванняў Юрый адпрацаваў 5 гадоў. Па матэрыялах працы напісаў дыпломную работу і магістарскую дысертацыю. Пасля гэтага ён поўнасцю перайшоў працаваць і вучыцца на факультэт геаграфіі і геаінфарматыкі, але ўсё яшчэ падтрымлівае сувязі з інстытутам. Зараз у навуковай скарбонцы маладога чалавека больш за 50 публікацый у айчынных і замежных навуковых выданнях.
Такая актыўная дзейнасць дала свой плён. Так, яго праекты «Распазнаванне ўсыханняў драўнянай расліннасці на аэракасмічных здымках» і «Спектральныя індэксы для вывучэння ўсыхання хвойнай расліннасці» падчас конкурсу ГІС-праектаў 2019 і 2020 гадоў былі адзначаны дыпломамі I ступені. А ў 2021 годзе праца «Валідацыя наземных і спадарожнікавых спектраметрычных вымярэнняў прыродных аб’ектаў Курыльскіх астравоў» была ўдастоена асаблівага прыза.
Па выніках навучальнай і навуковай дзейнасці ў 2020–2021 гг. Юрый быў двойчы ўдастоены стыпендыі імя А. Н. Сеўчанкі, а ў 2022 годзе – стыпендыі імя Ф. Скарыны.
– Студэнтам і магістрантам я шмат дзе ўдзельнічаў і перамагаў, але з усяго, напэўна, я б вылучыў Прэзідэнцкую стыпендыю, якую я атрымліваў у магістратуры, Падзяку Старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Таксама я быў лаўрэатам Рэспубліканскага конкурсу работ студэнтаў і конкурсу навуковых прац БДУ, – дзеліцца сваімі дасягненнямі навуковец.
Спіс узнагарод Юрыя сапраўды ўражвае. Ён «Найлепшы малады вучоны СНД – 2021», тройчы прызнаваўся студэнтам года БДУ ў намінацыі «Навука», найлепшым выпускніком у намінацыі «Лідар». Заваёўваў шмат дыпломаў на розных рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах, прызнаваўся найлепшым маладым спецыялістам установы адукацыі Маскоўскага раёна і Мінска. Яго партрэт можна было сустрэць на Дошцы гонару БДУ.
Пасля атрымання дыплома Юрый пайшоў выкладаць на кафедру геадэзіі і космааэракартаграфіі па сумяшчальніцтве. Вёў лабараторныя і практычныя заняткі па метадах дыстанцыйных даследаванняў, тэматычным дэшыфраванні, дыстанцыйнай спектраметрыі і інш. Таксама курыраваў у студэнтаў тапаграфічную практыку. На дадзены момант малады вучоны прыпыніў сваю выкладчыцкую дзейнасць, бо ўсе свае сілы накіраваў на напісанне і абарону кандыдацкай дысертацыі. Аднак ён прызнаецца, што плануе працягнуць актыўную працу ва ўніверсітэце.
– Тэма маёй дысертацыі – ацэнка трансфармацыі структуры глебавага покрыва Беларускага Палесся паводле дадзеных дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі. Я праводжу прасторавы аналіз трансфармацыі структуры глебавага покрыва Палесся па матэрыялах дыстанцыйных здымкаў рознага дыяпазону даўжынь хваляў у мэтах рацыянальнага прыродакарыстання.
Зараз Юрый вучыцца ў аспірантуры на кафедры глебазнаўства і геаінфармацыйных сістэм. Яго навуковым кіраўніком з’яўляецца Аляксандр Мікалаевіч Чэрвань. Увесь час аспіранта займае праца над кандыдацкай і ў НДЛ экалогіі ландшафтаў, дзе сумесна з супрацоўнікамі лабараторыі ён праводзіць даследаванні па вывучэнні ўплыву фрагментацыі ландшафтаў на экасістэмы Беларусі.
У вольны час Юрый чытае кнігі, глядзіць фільмы, серыялы і збірае маркі. Ён прызнаецца, што займаецца гэтым з малодшай школы і ўжо сабраў тры альбомы..
Студэнтам і маладым вучоным, якія знаходзяцца толькі ў пачатку свайго навуковага шляху ён раіць ніколі не здавацца. Каб дасягнуць поспеху ў любой галіне, а асабліва ў навуцы, трэба быць уседлівым і ўважлівым. Навука любіць мэтанакіраваных.
Ганна КАЗАКОВА