Выстава навуковых дасягненняў Беларусі адбылася ў НАН Беларусі. Што прадстаўляў БДУ?

22 Feb, 2025.

 

23 студзеня ў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі прайшла выстава навуковых дасягненняў, прымеркаваная да Дня беларускай навукі. Больш за 300 распрацовак і тэхналогій у выглядзе рэальных узораў, макетаў і мадэляў, а таксама каталогаў, прэзентацый было прадстаўлена гасцям.

У моладзі ў трэндзе – навука!

Мэта выставы – прадэманстраваць вынікі навуковых даследаванняў, эфектыўнасць інавацыйных праграм і сувязь навукі з вытворчасцю. Немалаважную ролю ў навуковай дзейнасці адыгрывае моладзь, пра гэта расказаў старшыня савета маладых навукоўцаў Акадэміі навук Станіслаў Юрэцкі.

Моладзь актыўна і прыходзіць у навуку, і ёю займаецца. Практычна кожны трэці даследчык, які працуе ў нашых сценах, – гэта малады навуковец, якi з’яўляецца кандыдатам цi доктарам навук. У асноўным, самыя маладыя навукоўцы – магістранты і аспіранты, – патлумачыў Станіслаў Юрэцкі. – У трэндзе, безумоўна, інфармацыйныя тэхналогіі, паўсюднае ўкараненне, выкарыстанне ва ўсіх навуках інфармацыйныя тэхналогіі, штучны інтэлект. Таксама гэта біятэхналогіі – дысцыпліны і навукі, звязаныя з біялогіяй, хіміяй, што на выхадзе дае біяпрэпараты рознага прымянення для сельскай гаспадаркі, аховы здароўя і г. д.

Свае распрацоўкі прадставілі арганізацыі з НАН Беларусі і розных міністэрстваў і ведамстваў. Ад Міністэрства адукацыі адразу на некалькіх стэндах быў і БДУ.

Аналагаў няма

Сучасныя храматаграфічныя комплексы становяцца больш складанымі і патрабуюць хуткіх IT-рашэнняў для апрацоўкі дадзеных. Інстытут ядзерных праблем БДУ стварыў інфармацыйна-аналітычны комплекс, які аб’ядноўвае дадзеныя розных прыбораў у сістэме eLab. Гэта беларуская распрацоўка на базе свабоднага ПЗ, якая працуе пад Windows і Linux. Распрацоўка сістэмы пачалася яшчэ ў 2008 годзе. Зараз на базе фрэймворка eLab створана некалькі праграмных прадуктаў, у тым ліку Інтэлектуальная інфармацыйная сістэма eLab-Control, сістэма электроннага дакументаабароту лабараторыі для кантролю якасці гаруча-змазачных матэрыялаў eLab-ГЗМ, навукова-адукацыйны партал eLabScience і на яе базе – партал ядзерных ведаў BelNET.

Як расказвае Святлана Сытава, загадчыца лабараторыі аналітычных даследаванняў НДІ ЯП БДУ, аналагаў дадзенай сістэмы ў Беларусі няма:

Работа над парталам BelNET пачалася ў 2014 г. Зараз ён змяшчае каля 6 тысяч запісаў. Гэта самы буйны навукова-адукацыйны інфармацыйны партал у галіне ядзерных ведаў у Рэспубліцы Беларусь. Тут размешчаны навіны, розныя даведачныя і інфармацыйныя матэрыялы, курсы лекцый і лабараторныя работы. Партал прызначаны для студэнтаў, якія спецыялізуюцца ў галіне ядзерных фізікі і хіміі, ядзерных і радыяцыйных тэхналогій, для выкладчыкаў і спецыялістаў у дадзенай сферы, а таксама для любых асоб, якія цікавяцца такой тэматыкай. Ён абсалютна адкрыты.

У 2025 годзе завершацца два буйныя праекты. Міністэрства адукацыі прафінансуе развіццё партала BelNET, дзе застануцца навуковыя артыкулы, навучальныя матэрыялы і навіны, бо студэнты даюць станоўча водгукі пра сайт. Практычныя ядзерныя веды пяройдуць на іншы партал, які фінансуецца Дзяржатамнаглядам.

Павышаем якасць жыцця з разумнай ежай

У кластары «Разумная сельская гаспадарка» былі прадстаўлены прадукты, якія дапамагаюць падтрымліваць здаровы лад жыцця. У іх склад уваходзяць кампаненты, распрацаваныя ў Навукова-вытворчым цэнтры харчовых тэхналогій БДУ. Пад кіраўніцтвам Таццяны Мадзіеўскай каманда актыўна займаецца стварэннем функцыянальных інгрэдыентаў, якія не толькі паляпшаюць якасць прадуктаў, але і спрыяюць падтрыманню здароўя спажыўцоў.

Мы прадстаўляем прадукцыю серыі «Ежа разумнага горада». Гэта распрацаваныя функцыянальныя інгрэдыенты, якія падтрымліваюць здароўе людзей і павышаюць якасць жыцця. З нашай дабаўкай «Маяк» хлебазавод №3 выпускае хлеб «Смак дня». Таксама кандытарская фабрыка «Спартак» выпускае прадукцыю для дзяцей – «Печаняшкі», якая ўзбагачана кальцыем, прычым павышана ступень засваяльнасці кальцыю за кошт дададзенага вітаміннага комплексу «Берагіня» нашай распрацоўкі. Акрамя таго, яшчэ адна з кампазіцый серыі «Ежа разумнага горада» – «Вера». Яна дазваляе выпусціць у адну стадыю жытнёва-пшанічны хлеб у хатніх умовах.

Над усімі кампазіцыямі праводзіліся комплексныя даследаванні па адпрацоўцы складу. Вывучалася, як яны ўплывалі на тэхналогію і арганалептычныя характарыстыкі гатовай хлебабулачнай прадукцыі. Былі праведзены медыка-біялагічныя даследаванні, каб высветліць эфектыўнасць дабаўкі, у прыватнасці, яе антыстрэсавае дзеянне і здольнасць стабілізаваць функцыі нервовай сістэмы.

Простая і экалагічная вытворчасць

Хімічны факультэт прадставіў на выставе новы прадукт – экалагічна чыстыя тэрмаўстойлівыя цеплаізаляцыйныя матэрыялы, якія, па словах вядучага навуковага супрацоўніка Канстанціна Лапко, выкарыстоўваюцца ў розных сферах: ад будаўніцтва да космасу. Самі матэрыялы вогнеўстойлівыя і не патрабуюць складанага абсталявання ў вытворчасці, прычым практычна безадходныя.

Нашы тэрмаўстойлівыя матэрыялы запатрабаваныя. Працуем мы ўжо 55 гадоў у гэтым кірунку па тэрмаўстойлівых матэрыялах. У пачатку мы займаліся распрацоўкай неарганічных сарбентаў для атамных электрастанцый, а потым распрацоўкай матэрыялаў для касмічнай тэхнікі. Нашы матэрыялы былі выкарыстаны на ракетна-касмічнай сістэме «Энергія-Буран»,– расказвае вядучы спецыяліст. – У апошні час плённа працуем з Кітаем. Супрацоўнічаем з Харбінскім інстытутам нафтахіміі ўжо на працягу 20 гадоў. Выканана вельмі шмат кантрактаў. Больш за паўмільёна долараў прынесена ўніверсітэту.

Падкрэслім, Харбінскі інстытут нафтахіміі з’яўляецца даўнім і асноўным дзелавым партнёрам БДУ ў Кітаі. Першая сумесная беларуска-кітайская навуковая лабараторыя была адкрыта ў 2005 годзе. Таксама факультэт працуе з Пекінскім інстытутам авіяцыйных матэрыялаў з 2015 года. У 2019 было падпісана рамачнае пагадненне стратэгічнага супрацоўніцтва. А ў 2023 г. паміж установамі з’явіўся цэнтр сумесных даследаванняў. З Інстытутам фізіка-хімічных праблем была створана сумесная лабараторыя. У цяперашні час выконваюцца кантракты ў Інстытуце фізіка-хімічных праблем і на хімічным факультэце.

 

Таццяна САВІЦКАЯ

print

Вам таксама можа спадабацца: