16 лютага 2025 г. споўніцца 100 гадоў з дня нараджэння доктара гістарычных навук прафесара Давіда Барысавіча Мельцэра. Ён нарадзіўся ў горадзе на Прыпяці – Мазыры, які ў той час меў статус цэнтра Мазырскага раёна і Мазырскай акругі. У 1930 г. сям’я пераехала ў Мінск.
Жыццёвы шлях выхадца Мазыра дзеліцца на два перыяды: савецкі і амерыканскі. Памежны пункт – выезд на пастаяннае месца жыхарства ў ЗША ў жніўні 1992 г.
У першым перыядзе асноўнае месца займае Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. У БДУ франтавік Д. Б. Мельцэр паступіў у 1943 г. Тут ён прайшоў шлях ад студэнта да прафесара. Прафесарам Давід Барысавіч вылучаўся па розных пазіцыях. Ён апублікаваў 10 кніг, звыш 200 артыкулаў па гісторыі міжнародных адносін і гісторыі Балгарыі. Навуковец увайшоў у лік вядучых балгарыстаў СССР. Ажыццёўленая прафесарам сістэмная рэканструкцыя савецка-балгарскіх адносін міжваеннага перыяду была высока ацэнена спецыялістамі са шматлікіх краін. Адгукнуўся і ўрад Балгарыі. Савецкі навуковец быў адзначаны прэстыжнай узнагародай гэтай краіны – ордэнам «Кірыл і Мяфодзій» I ступені.
Давід Барысавіч запомніўся розным пакаленням студэнтаў выдатным выкладаннем курса «Гісторыя паўднёвых і заходніх славян», цікавых спецкурсаў па кафедры гісторыі БССР. Гэтыя спецкурсы ўяўлялі сабой апрабацыю навуковых пошукаў прафесара. Навуковец і педагог вельмі паспяхова кіраваў напісаннем дыпломных, курсавых прац, навуковымі пошукамі студэнцкай моладзі. Акрамя таго, ён стварыў уласную навуковую школу, прадстаўленую 2 дактарамі і 11 кандыдатамі навук. Вучні Давіда Барысавіча зрабілі важны ўнёсак у развіццё гістарычнай навукі. Імі апублікаваны сур’ёзныя працы ў галіне гістарычнай славістыкі, гістарычнай германістыкі. Прафесар прымаў таксама дзейны ўдзел у лёсе многіх маладых людзей, якія ішлі ў навуку, нават калі не быў іх навуковым кіраўніком. Пра гэта сведчылі членства ў савеце па абароне кандыдацкіх дысертацый, экспертыза і апаніраванне дысертацый.
Д. Б. Мельцэр узорна спраўляўся з абавязкамі намесніка дэкана гістарычнага факультэта па навуковай рабоце, члена савета гістарычнага факультэта. Ён актыўна прапагандаваў гістарычныя веды ў электронных і друкаваных СМІ. Гэты ўнікальны чалавек мэтанакіравана займаўся ўцягваннем сваёй альма-матар у народную дыпламатыю на балгарскім напрамку. Д. Б. Мельцэр узнагароджаны Ганаровай граматай і Граматай Вярхоўнага Савета БССР, ганаровымі граматамі Мінскага абкама КПБ, ЦК ВЛКСМ, ЦК ЛКСМБ, Міністэрства вышэйшай і сярэдняй адукацыі СССР і БССР, нагрудным знакам Мінвуза СССР «За выдатныя поспехі ў працы», шасцю савецкімі медалямі, сярод якіх медаль «60 гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гг.», медаль Жукава, медалём «100 гадоў з дня нараджэння Георгія Дзімітрава», Залатым знакам і ганаровай граматай Усенароднага камітэта балгарска-савецкага сяброўства.
У амерыканскі перыяд многае ў жыцці гэтага чалавека памянялася. У навуковых даследаваннях акцэнт быў зроблены на гебраістыку. З засваеннем адпаведнага даследчага поля звязаны выхад 3 кніг, напісанне звыш 100 артыкулаў. Гэта поле ўключае трагедыю і гераічнасць яўрэяў Беларусі ў гады Другой сусветныя войны, гісторыю генетычна звязанага з беларускай зямлёй сегмента яўрэйскай дыяспары ў ЗША. Давід Барысавіч без малога два дзесяцігоддзі працаваў палітычным аглядальнікам на тэлеканале RTN. Навуковец і педагог выдатна зарэкамендаваў сябе ў якасці віцэ-прэзідэнта Беларускага зямляцтва ўсходнееўрапейскіх яўрэяў, члена кіравання нью-ёркскага аддзялення Амерыканскай асацыяцыі яўрэяў з былога Савецкага Саюза.
Д. Б. Мельцэр меў надзейны тыл. Амаль 67 гадоў сумеснага жыцця з Ганнай Якаўлеўнай Рытенбанд кажуць пра многае. Адчуваў сябе шчаслівым бацькам, дзядулем, прадзядулем. Памёр 2 красавіка 2022 года.
Давід Барысавіч Мельцэр – чалавек з вялікай літары. Быў узорам высокага прафесіяналізму, беззапаветнага служэння людзям, сапраўднага гуманізму, маральнай чысціні.
Міхаіл СТРАЛЕЦ