Новы ўзровень супрацоўніцтва з усходнімі партнёрамі

19 Mar, 2025.

Намер пашырыць супрацоўніцтва ў галіне адукацыі і навукі стаў ключавым у праграме афіцыйнага візіту ў В’етнам і Кітай дэлегацыі БДУ на чале з рэктарам Андрэем Каралём. 

Узмацненне міжуніверсітэцкага ўзаемадзеяння, вызначэнне галін сумесных навуковых даследаванняў абмеркаваў Андрэй Кароль з калегамі В’етнамскага нацыянальнага ўніверсітэта (г. Ханой). Сёння гэта вядучы і найстарэйшы ўніверсітэт у сваёй краіне, супрацоўніцтва з якім БДУ вядзе з 2023 года ў рамках афіцыйнага пагаднення. Напаўненне яго прадметным зместам стала вынікам праведзеных перамоў. У прыватнасці, бакі прапрацавалі перспектывы рэалізацыі сумесных адукацыйных праграм, абмен студэнтамі і выкладчыкамі, правядзенне сумесных навуковых даследаванняў.

Вынікам перамоў з кіраўніцтвам Цэнтра міжнароднага адукацыйнага кансультавання пры Дэпартаменце міжнароднага супрацоўніцтва Міністэрства адукацыі і прафесійнай падрыхтоўкі В’етнама стане садзейнічанне ў папулярызацыі сярод в’етнамскай аўдыторыі адукацыйных паслуг БДУ. Былі разгледжаны розныя формы працы па дасягненні вызначаных прапаноў. Перспектыўным бачыцца схіленне грамадзян В’етнама да навучання ў беларускай ВНУ, рэалізацыя сумесных адукацыйных праграм, удзел БДУ ў адукацыйных выставах у В’етнаме.

Важным намерам візіту ў В’етнам стала навуковая праблематыка. Дэлегацыя БДУ наведала В’етнамскую акадэмію навук і тэхналогій (ВАНТ) з мэтай узмацнення супрацоўніцтва, вызначэння новых тэм для сумесных праектаў і павелічэння колькасці партнёраў з ліку в’етнамскіх універсітэтаў. Штогод навукоўцы БДУ сумесна з в’етнамскімі калегамі ўдзельнічаюць у конкурсе сумесных навукова-тэхнічных праектаў, арганізаваных ВАНТ і Беларускім рэспубліканскім фондам фундаментальных даследаванняў. Толькі за 2022– 2024 гады бакі рэалізавалі восем праектаў у галіне хіміі, фізікі, нанаматэрыялаў. Сёлета зацверджаны да выканання беларуска-в’етнамскі праект на 2025–2026 гады «Кіраванне механізмамі спінавага пераносу і спін-залежнага рассейвання ў спін-вентыльных структурах на аснове шматпластовых тонкіх плёнак з перпендыкулярнай магнітнай анізатрапіяй для рэалізацыі беспалявога пераключэння намагнічанасці ў прыладах спінтронікі». Выканаўцамі выступаюць фізічны факультэт БДУ і Інстытут матэрыялазнаўства ВАНТ (г. Ханой).

У наш час дзейнічаюць 14 пагадненняў аб супрацоўніцтве паміж БДУ і дзесяццю адукацыйнымі і навуковымі ўстановамі В’етнама. Грамадзяне гэтай краіны вучацца на факультэтах філасофіі і сацыяльных навук, механіка-матэматычным, філалагічным, у Інстытуце бізнесу БДУ. Таксама БДУ ганараваны вышэйшай дзяржаўнай узнагародай В’етнама ў дачыненні да замежных краін – ордэнам Дружбы народаў за актыўны ўнёсак у падрыхтоўку студэнтаў і развіццё сяброўскіх адносін паміж краінамі.

Новы ўзровень партнёрства вызначаны паміж БДУ і Кітаем

Афіцыйный візіт у КНР уключаў перамовы са стратэгічнымі партнёрамі па пытаннях новых формаў і вектараў супрацоўніцтва.

Важнай стала сустрэча Андрэя Караля з рэктарам Пекінскага ўніверсітэта Гун Цыхуанам. Вядучы ўніверсітэт Кітая з’яўляецца адным з ключавых партнёраў БДУ, з якім развіваецца супрацоўніцтва ў галіне адукацыі, навукі і моладзевай палітыкі. Нагадаем, бакі рэалізуюць праграму сумеснай падрыхтоўкі спецыялістаў, актыўна вядзецца праца па адкрыцці Беларуска-кітайскага цэнтра фундаментальных навуковых даследаванняў на базе БДУ і Пекінскага ўніверсітэта. Гэты намер прадугледжаны падпісаным у лістападзе мінулага года мемарандумам. Адкрыццё цэнтра ўключана ў План супрацоўніцтва паміж урадамі Беларусі і Кітая ў рамках ініцыятывы «Адзін пояс, адзін шлях». Моладзевы вектар развіваецца ў рамках заснаваных Дзён сяброўства і адзінства паміж ВНУ. Адной з прадугледжаных падзей гэтай ініцыятывы стане правядзенне ўлетку ў Мінску беларуска-кітайскага моладзевага форуму. Арганізацыйныя пытанні, праграму дадзенага мерапрыемства, а таксама супрацоўніцтва па рэалізацыі студэнцкіх актыўнасцяў разгледзелі бакі падчас сустрэчы.

Завяршылася праграма візіту ў Кітай выніковымі перамовамі з кіраўніцтвам Кітайскага ўніверсітэта камунікацый. Гэта адна з вядучых ВНУ па падрыхтоўцы журналістаў, спецыялістаў у галіне анімацыі і лічбавых мастацтваў, гукапісу, інфармацыйна-камунікацыйнай інжынерыі, інтэлектуальных медыя і інш. Узаемная цікавасць на працягу партнёрскіх адносін, у прыватнасці праз развіццё акадэмічнай мабільнасці, рэалізацыю сумесных праграм і навуковых сувязяў у гуманітарнай галіне была выяўлена ВНУ ў падпісанні абноўленага мемарандума аб паразуменні.

Сёння Кітай з’яўляецца адным са стратэгічных партнёраў для БДУ. Пацвярджэннем таму з’яўляецца станоўчая дынаміка павелічэння колькасці пагадненняў з гэтай краінай за апошнія дзесяць гадоў. Каля 20 % ад агульнай колькасці ўсіх міжнародных дамоў БДУ складзены па кітайскім вектары. Усяго дзейнічае больш за 600 пагадненняў з арганізацыямі з 57 краін.

У апошнія гады былі падпісаны пагадненні з Пекінскім універсітэтам, Універсітэтам Цынхуа, Фуданскім універсітэтам, Шанхайскім універсітэтам Цзяатун і інш. Супрацоўніцтва развіваецца па розных адукацыйных і навуковых напрамках, уключаючы навучанне кітайскіх грамадзян у БДУ, сумесную падрыхтоўку студэнтаў з Пекінскім універсітэтам, адкрыты інстытуты з Далянскім політэхнічным універсітэтам. Арганізуюцца навуковыя даследаванні, канферэнцыі, публікуюцца калектыўныя артыкулы.

 

Паводле інфармацыі прэс-службы БДУ

print

Вам таксама можа спадабацца: