«Разумнае і тонкае кіраўніцтва». Гісторыя Марыі Осіпавай

18 Mar, 2025.

У маі будзе 80 гадоў, як адгрымелі апошнія залпы Вялікай Айчыннай вайны. Гэты юбілей – не проста дата ў календары, а сімвал адзінства, стойкасці і гераізму нашага народа, які адстаяў свабоду і незалежнасць Радзімы . У той час абаранялі краіну ўсе. Але імёны жанчын, дзякуючы якім мы сёння жывём, ведаюць нямногія. Напярэдадні Дня Перамогі ўспомнім Марыю Осіпаву – жанчыну , чыя адвага і стойкасць дапамаглі наблізіць доўгачаканы дзень.

Марыя Осіпава нарадзілася 27 снежня 1908 года ў аграгарадку Серкавіцы Талачынскага раёна Віцебскай вобласці. Яе жыццё – гэта шлях упартасці і імкнення да ведаў. Пераехаўшы ў Мінск у 1933 годзе, яна скончыла Вышэйшую камуністычную сельскагаспадарчую школу і Мінскі юрыдычны інстытут, атрымала адукацыю, якая, здавалася б, прадказвала мірнае жыццё. Але вайна ўнесла свае карэктывы, і Марыя Осіпава стала на абарону Радзімы. «Гераізм Осіпавай выяўлены ўсім яе жыццём з першага дня нямецкай акупацыі. Яна неаднаразова ставіла на карту сваё жыццё для выратавання асоб, якія пераследаваліся фашысцкімі ўладамі, якія жывуць і працуюць на карысць Радзімы і па сённяшні дзень» – з успамінаў Златкінай Ф. Я. у лісце першаму сакратару ЦК КПБ тав. Мазураву К. Т.

Усе ішлі за «Чорнай»

З пачаткам акупацыі Мінска Осіпава і выкладчык Мінскага юрыдычнага інстытута А. А. Сакалова сфарміравалі ў інстытуцкім інтэрнаце падпольную групу. А сама Марыя цяпер была вядомая пад псеўданімам Ганна Чорная. Да верасня 1943 года першапачатковы склад з 14 чалавек вырас да 50 актыўных удзельнікаў. Група распаўсюджвала ўлёткі, зводкі Савінфармбюро, хавала яўрэяў і падтрымлівала савецкіх ваеннапалонных. З самых першых дзён заснавання групоўкі Марыя дапамагала ўсім, але ў адказ прасіла таго ж дзеля сваёй Радзімы:

«Ужо ў першыя дні акупацыі я пазнаёмілася з “Чорнай”. Яна дапамагала мне, падвяргаючы сваё жыццё небяспецы, атрымаць з гарадской управы новы пашпарт . Па яе заданні я ўладкавалася на працу перакладчыцай у чыгуначную бальніцу, адкуль я сістэматычна забяспечвала праз “Чорную“ партызанскі атрад медыкаментамі, выкрадала чыстыя бланкі з круглай пячаткай, дзякуючы якім партызаны маглі свабодна рухацца па чыгунцы , па вуліцах і ваколіцах Мінска» – з успамінаў Златкінай Ф. Я. у лісце першаму сакратару ЦК КПБ тав. Мазураву К. Т.

У жніўні 1941 года група Ганны Чорнай наладзіла сувязь з партызанамі і пачала актыўна ўдзельнічаць у разведвальна-дыверсійных аперацыях. У канцы 1941 года група выйшла на сувязь з Мінскім падпольным гаркамам КП(б)Б. З гэтага моманту Осіпава стала сувязной паміж кіраўніцтвам мінскага падполля і партызанскімі атрадамі. Выконваць заданні сама яна ніколі не баялася, старалася не прыцягваць іншыя асобы да сур’ёзных місій.

«Праводзячы вялікую арганізатарскую і кіруючую працу, М.Б. не грэбавала і “нізавой” працай – яна сама часткова выконвала функцыі сувязной . Але пісаць цяпер пра яе працу як толькі пра працу сувязной, гэта ўсё роўна што ацэньваць працу буйнога партыйнага работніка як толькі, скажам, зборшчыка членскіх узносаў» – з успамінаў П. Крастовіч, дацэнта БПІ ў лісце першаму сакратару ЦК КПБ тав. Мазураву К. Т.

Талент, загартаваны вайной

Осіпава неаднаразова рызыкавала жыццём, ратуючы тых, хто пераследаваўся фашысцкімі ўладамі. З першых дзён акупацыі яна перапраўляла ваеннапалонных у лес, забяспечвала іх зброяй, якую асабіста перавозіла праз нямецкія пасты, і дастаўляла медыкаменты.

Новыя знаёмыя для Осіпавай заўсёды былі выдатнай нагодай, каб зрабіць крок наперад да перамогі, бо яна магла ўцягнуць у антыфашысцкую дзейнасць нават тых, хто быў далёкі ад вайны.

Так яна пазнаёмілася з І. Талсцікам, які пакідаў у вялікай колькасці зброю партызанскаму атраду. З ім яна супрацоўнічала яшчэ доўгі час, але запомнілася геніяльнай актрысай, якая ўмела ператварыцца ў патрэбны момант:

«Яшчэ цяпер стаіць перад маімі ва чыма энергічная, маладая жанчына ў сялянскім кажушку і цёплай хустцы на галаве, якая няўмольна перапраўляла зброю ў лес праз шэраг нямецкіх пастоў. Зброя ляжала на дне падводы, прыкрытай саломай. Наверсе, у саломе, “Чорная” хавала кошыкі з яйкамі. Маруся ледзь не кідалася немцам у ногі, прасіла вярнуць адабраныя прадукты, крычала: “Дома – галодныя дзеці, хочуць есці!” З геніяльным прытворствам “плакала” і адчайвалася, што яе падверглі такім матэрыяльным стратам. Яна не губляла самавалодання і стрыманасці, не пераставала іграць ролю нявіннай, сялянкі, якая гандлюе салам і яйкамі, адводзячы такім чынам падазрэнне ад фактычнага прадмета яе гібельных для фашыстаў дзеянняў» – з успамінаў Златкінай Ф. Я. у лісце першаму сакратару ЦК КПБ тав. Мазураву К. Т.

Ліквідацыя Кубэ

Кульмінацыяй падпольнай дзейнасці Марыі Осіпавай стаў яе ўдзел у аперацыі «Адплата», мэтай якой была ліквідацыя генеральнага камісара Беларусі Вільгельма Кубэ.

Кубэ быў адказны за масавае знішчэнне мірных жыхароў, партызан і ваеннапалонных і лічыўся савецкім кіраўніцтвам асобай, якая падлягае ліквідацыі. Шматлікія замахі на яго аказаліся няўдалымі. Нават пранікненне падпольшчыка на прыём да Кубэ скончылася перастрэлкай і гібеллю дыверсанта. Але Осіпава, нягледзячы на правал астатніх, давяла справу да канца:

«Асабліва ярка захавалася ў маёй памяці роля Осіпавай у знаёмстве з Мазанік Аленай. Калі Осіпава мне паведаміла пра свой намер паўплываць на Мазанік, я спачатку вельмі спалохалася, асцерагаючыся за жыццё Марыі Барысаўны, бо гэта знаёмства не выклікала асаблівага даверу і я лічыла яго вельмі рызыкоўным. Але Осіпава верыла ў поспех сваёй справы, і ёй удалося ўгаварыць Мазанік выканаць прысуд беларускага народа: забіць ката Кубэ».

Наладзіўшы сувязь з Аленай Мазанік, пакаёўкай у яго доме, яна перадала ёй міну з хімічным узрывальнікам праз гітлераўскія пасты. Тая заклала яе пад матрац ложка гаўляйтара, і ў 2 гадзіны 20 хвілін 22 верасня 1943 г. В. Кубэ быў забіты.

Каб пазбегнуць арышту, Осіпава і Мазанік пакінулі Мінск і далучыліся да партызан, адкуль былі перапраўлены ў Маскву. За паспяховае выкананне аперацыі ім, а таксама Надзеі Траян было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

Жыццё пасля

Пасля вызвалення Беларусі Марыя Барысаўна актыўна ўдзельнічала ў аднаўленні народнай гаспадаркі і разбуранага Мінска. Аднак пасляваенны час быў цяжкім для ўсіх, у тым ліку і для родных Марыі.

Цікавы факт: Марыя Осіпава ішла на ўсё, каб скончыць вайну і нарэшце ўбачыць мірнае неба над галавой. Таму не баялася адпраўляць сваю дачку на важныя заданні:

«Яна не толькі рызыкавала сваім уласным жыццём, але і не лічылася з жыццём сваёй дачкі. Маленькую, худзенькую, абарваную і галодную 12-гадовую дзяўчынку, якая па сваёй камплекцыі была падобная хутчэй да дзіцяці 7 гадоў, прымушала адпраўляцца ў дарогу на дзясяткі кіламетраў з зашытымі ў вопратку звесткамі. Дзяўчынка баялася, плакала, але маці была жорсткая і няўмольная, калі гаворка ішла пра справы дзяржаўнай важнасці, пра Радзіму».

Пасля вайны Осіпава працавала ў апараце Старшыні Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР, узначальвала аддзел па памілаванні, была членам Вярхоўнага Суда БССР і Камітэта абароны міру. З 1947 па 1963 год выбіралася дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР.

Важнай заслугай Осіпавай стала рэабілітацыя больш чым трохсот падпольшчыкаў, ілжыва абвінавачаных у супрацоўніцтве з акупантамі. Пасля выхаду на пенсію яна актыўна займалася патрыятычным выхаваннем моладзі, удзельнічала ў ветэранскім руху. У 1968 годзе ёй было прысвоена званне «Ганаровы грамадзянін горада Мінска».

Марыя Барысаўна Осіпава памерла 5 лютага 1999 года. У памяць пра яе подзвігі на доме, дзе яна жыла, усталявана мемарыяльная дошка. Гэта стала сімвалам увекавечвання яе гераічных подзвігаў, якія назаўжды застануцца ў гісторыі.

Таццяна САВІЦКАЯ

па ўспамінах з фонду музея гісторыі БДУ

print

Вам таксама можа спадабацца: