Студэнт геаграфічнага факультэта БДУ Ягор Левачоў: “Розніца ў тым, што ў Францыі ты вучышся самастойна”

12 Oct, 2015.

Егор Левачёв БГУ

Наш cуразмоўца – Ягор Левачоў (http://vk.com/levachou)

БДУ: Ягор, з прыездам!

Ягор: Зусім нядаўна вы ездзілі на мерапрыемства ў САК “Брыганціна”, памятаю ваш стан чакання пасля падачы дакументаў. І вось вы ўжо на Радзіме. Мне здаецца, мы штосьці прапусцілі :)

БДУ: Распавядзіце ўсё па парадку. Што было спачатку, дзе праходзіла стажыроўка, і чый быў выбар?

Ягор: З задавальненнем распавяду. Вучыцца ў Францыі я захацеў яшчэ ў канцы першага курса. Са школы хацеў вывучыць французскую і таму ва ўніверсітэце не працягнуў навучанне англійскай. Але, як высветлілася, тэмпы авалодання французскай былі не дужа хуткімі і ўзровень не быў найлепшым. Таму было вырашана ехаць у Францыю. На жаль, у мяне атрымалася гэта зрабіць толькі на пятым курсе, і шкадую, што не раней. На чацвёртым курсе я сабраў усе неабходныя дакументы, дзякуй сябрам, яны мне дапамаглі з гэтым, і я пайшоў па пратаптанай сцежцы. Я падаваў дакументы на ўдзел у праграме ERASMUS MUNDUS MID. Дакументаў сапраўды шмат, гэта адымае і сілы, і час. Але не варта адчайвацца. Адправіўшы ўсе дакументы ўзімку, у маі я даведаўся, што праходжу па конкурсе, чаму я быў вельмі рады. З верасня 2014 па студзень 2015 я вучыўся ва Універсітэце Бардо  ў г. Бардо, Францыя

Егор Левачёв БГУ

БДУ: Як ваш досвед можа істотна палегчыць падрыхтоўку і знаходжанне ў іншай краіне нашым студэнтам?

Ягор: Я магу падказаць тое, што калі вы вучылі іспанскую ці французскую, то не абавязкова мець спецыялізаваныя сертыфікаты, як па англійскай. Вашы веды мовы можа пацвердзіць і ваш выкладчык па замежнай мове. І магу параіць абавязкова вывучыць загадзя ўсе дакументы па вашай праграме, не варта верыць чуткам.

БДУ: І з якіх дакументаў варта пачынаць?

Ягор: На мой погляд і досвед, самымі важнымі і першараднымі з’яўляюцца пацвярджэнне дастатковых ведаў мовы і матывацыйны ліст – яго цяжка скласці. Прынамсі, так было для мяне. Пералік усіх дакументаў і формаў ёсць на сайце ўніверсітэта, усё распісана па кроках.

БДУ: Хто вам дапамагаў?

Ягор: Мне дапамагалі мае сябры і знаёмыя, якія ўжо праходзілі падобныя стажыроўкі, і асабліва тыя, хто праходзіў яе ў Бардо. А таксама мне вельмі было прыемна адчуваць падтрымку з боку Ірыны Міхайлаўны Ананіч (вядучы спецыяліст аддзела міжнародных праграм і праектаў упраўлення міжнародных сувязяў БДУ).

БДУ: Ягор, ці атрымлівалася падарожнічаць падчас стажыроўкі?

Ягор: Так, атрымлівалася. Але раю не рабіць маіх памылак і папярэджваць каардынатараў. Тады не паўстане пытанняў са страхаваннем.

БДУ: Як жывуць французы? Якая ў Францыі моладзь?

Ягор: Французы жывуць добра, усмешліва і ветліва, я б сказаў. Моладзь не моцна адрозніваецца ад нашай, з аднаго боку, яны неабавязковыя (так, гэта праўда) і індывідуальныя, з іншага – заўсёды гатовыя выйсці на вуліцы і падтрымаць астатніх.

БДУ: У чым заўважылі розніцу па працэсе адукацыі, у чым было лёгка, а ў чым складаней?

Егор Левачёв БГУ

Ягор: Асноўная розніца ў тым, што ў Францыі навучанне накіравана на тое, што ты вучышся самастойна. Няма ніякіх адзнак па практычных, няма ніякіх бонусаў за наведванне ўсіх лекцый. Выкладчык паказвае, як вырашаецца задача, і ўсё. І на іспыце бачныя ўсе твае веды.

БДУ: Што можаце прапанаваць для ўкаранення ў сістэму адукацыі Беларусі?

Ягор: Мне вельмі спадабалася працэдура правядзення іспыту. Калі вырасту і буду працаваць выкладчыкам у ВНУ, буду таксама прымаць іспыты. Французы праводзяць іспыты па двух прынцыпах – ананімнасць і роўнасць.

БДУ: Што для вас БДУ?

Ягор: БДУ для мяне – гэта вядучая ВНУ, як казаў наш дэкан “Сарбона Усходу”. Але хацелася б пасля вядучай ВНУ працаваць і на вядучых пазіцыях.

БДУ: І пра тое, пра што мы не спыталі, ёсць магчымасць распавесці :)

Ягор: Я магу толькі дадаць, што Францыя – гэта не простая краіна, часам раз’юшвае, часам яе любіш да непрытомнасці. Таму мае рацыю Сарказі: “Францыю трэба ці любіць – ці з’язджайце”. Мне вельмі спадабалася вучыцца і жыць у Францыі, я рады, што ёсць такія магчымасці міжнароднага абмену. Усім раю скарыстацца!

БДУ: Дзякуй, Ягор!

Наталля КАПАЦЭВІЧ

Егор Левачёв БГУ

r2_kafn2a83a_orig_e84c71b6

 

print

Вам таксама можа спадабацца: