Зламаць стэрэатыпы, пазнаёміцца з іранскай культурай і навукай можна было 8 кастрычніка ў БДУ. Выстава праходзіла на ФМА, ў холе 6 паверха. І хоць экспазіцыя працавала толькі адзін дзень, гэтага хапіла, каб у марах пачаць планаваць наступны адпачынак каля Персідскага заліву. Чаму? Зараз паглядзім.
Аб самой выставе
Асаблівасцю стаў тэматычны падзел на дзве зоны: навуковую і культурную. Першая была прадстаўлена 20 банерамі, што змяшчалі інфармацыю пра творчасць паэтаў. Культурная праграма прадугледжвала дэманстрацыю твораў мастацтва Ірана. Персідскі народ ганарыцца разнастайнымі тэхнікамі, з дапамогай якіх робіцца керамічны посуд ці абрусы. Было паказана звыш 50 вырабаў ручной працы, выкананых вядучымі іранскімі майстрамі.
Ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця прымаў удзел дэкан ФМА БДУ Віктар Шадурскі. Завітаў і дарадца па культуры Пасольства Ісламскай Рэспублікі Іран у Беларусі Сеед Абдалмаджыд Шафаі.
Ён паспеў трошкі расказаць пра экспанаты, што былі прадстаўлены гледачам. І прапанаваў праводзіць часцей такія сустрэчы.
“Амар Хаям, наколькі я ведаю, з’яўляецца адным з любімых і найбольш вядомых паэтаў у Беларусі. Быў адкрыты вялікі аддзел літаратуры яго твораў ў Нацыянальнай бібліятэцы. Але мы маем шмат вялікіх творцаў слова, хацелася б пазнаёміць беларусаў і з імі. З дапамогай БДУ можна правесці кангрэс ці фестываль”, —адзначыў пасол.
Сучасны Тэгеран — горад вытворчасці
І увогуле, кожны горад гэтай загадкавай краіны. У Іране працвітаюць розныя віды традыцыйных мастацтваў і народныя промыслы. Таму першае, што прыцягвала погляд—незлічоны керамічны посуд, металічныя гарлачы, абрусы, іранскія дываны, чаканка, мініяцюры і іншыя прадметы дэкору. Павел Сторчак, экскурсавод і ідзін з арганізатараў, падрабязна паведамляў пра кожную рэч выставы.
Так, знакамітыя персідскія дываны вяжуць некалькі гадоў. Зроблены яны заўсёды са 100% шоўку. Працэс стварання такой рэчы заключаецца ў тым, каб навязаць вузельчыкі (завязваецца з адваротнага боку вузельчык, абразаецца, спераду застаецца ўзор). Фарбамі карыстаюцца выключна натуральнымі. Таму ва ўсім свеце персідскі дыван—даволі дарагая рэч.
А абрусы выкананы ў стылі набіўнога малюнка каламкар. Дарэчы, у Беларусі існуе падобная да гэтага тэхніка. Посуд, што выкарыстоўваюць іранскі народ, з металічнай асновы, якую таксама ўручную распісваюць. А пасля абпальваюць 2 разы пры 800 градусах.
Акрамя гэтага, студэнты мелі магчымасць бачыць выступленне музыкі на іранскіх інструментах, паслухаць нацыянальныя мелодыі. Іранцы маюць вялікія сем’і, і хаця б адзін будзе валодаць музычнай граматай. З дзяцінства вучацца іграць на ударных і струнных. З еўрапейскіх інструмантаў паважаюць скрыпку.
Навука
Наведвальнікам распавялі пра вялікіх мудрацоў Румі, Рудакі, Амара Хаяма, услаўленага сярэднявечнага навукоўца і ўрача Авіцэну і іншых. Акрамя таго, была падрыхтавана экспазіцыя пра сучасных іранскіх навукоўцаў, якія займаюцца даследаваннямі ў розных галінах навукі, а таксама вядучыя ВНУ гэтай краіны.
Медыцына
На здзіўленне, Іран лічыцца краінай, дзе больш за ўсё робіцца пластычных аперацый. Вельмі папулярная рынапластіка. Прычым робяць яе не толькі жанчыны, але і мужчыны.
“ Калі табе 25 гадоў і ў цябе свой нос—ты няўдачнік, — з усмешкай распявядае Павел Сторчак.
—Многія іранцы, каб не здацца беднымі, проста лепяць сабе пластыр на нос! Потым некалькі месяцаў ходзяць з ім, каб усе ўбачылі і думалі, што іх сябра зрабіў аперацыю”.
Трошкі пра прыроду
Адна з самых вялікіх памылак—прадстаўляць, што Іран гэта толькі пустыня і вярблюды. Насамрэч, тут ў адзін дзень можна сустрэць 4 пары года. Недзе будзе на тэрыторыі Ірана восень, а недзе зіма. Гэта звязана з тым, што краіна выцягнутая з поўначы на поўдзень. Пачынаецца з Каспійскага мора, а скончываецца Персідскім залівам. Гэта краіна яшчэ горная, з вялікай колькасцю вадаспадаў, рэк, азёраў. Тэмпература такса здіўляе: на поўначы будзе -20, на поўдні + 30. Аднак, прыязджаючы сюды, іранскія студэнты мерзнуць. Таму што вільготнасць у нас нашмат большая.
Жанчына і мужчына
Становішча жанчыны там зусім не такое, якое можна уявіць. У Іране дазволена мець 3 жонкі, але здараецца гэта вельмі рэдка. Бо другі шлюб адбудзецца толькі тыды, калі першая жонка дазволіць і калі ў жаніха хопіць грошай. Бо па закону, муж цалкам павінен забяспечыць сваю названую. Яна таксама можа працаваць, калі хоча. Але звычайна іранкам гэта проста не патрэбна.
“Вось і атрымліваецца, што жанчыны там больш абаронены, чым мужчыны. Пры заключэнні шлюбу жаніх павінен плаціць выкуп. А калі па нейкіх прычынах сям’я распадаецца, жонцы ўсё застаецца. Менавіта таму сёння некаторыя іранцы шукаюць сабе жонку-беларуску? ”, — разважае Павел.
Вось на такой вясёлай ноце скончылася экскурсія па краіне персаў. На выставе былі прадстаўлены кнігі, якімі змаглі б азнаёміць з Іранам, з яго гісторыяй , традыцыямі і поглядамі. На памяць раздавалі паштоўкі, дыскі і брашуры. Экспазіцыя не толькі зацікавіла, але і настроіла на гарманічны лад.
Хадзіе Кхарбар, студэнтка ФФСН, галоўны арганізатар
“Шчыра вітаем вас! Мы спадзяёмся, што змаглі арганізаваць выставу, якая пакажа культуру і цывілізацыю Ісламскай Рэспублікі Іран. Выказваем падзяку і ўдзячнасць за супрацоўніцтва, спрыянне і дапамогу пасольству Ірана і дэкану ФМА Віктару Шадурскаму. А таксама ўсім працаўнікам і студэнтам БДУ. Спадзяёмся, што мерапрыемства стане штуршком да больш цеснага супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі”.
Павел Сторчак, студэнт экалагічнага інстытута імя А. Д. Сахарава, арганізатар
“Плануем выставы і ў іншых універсітэтах Мінска. Сёння зроблены першы крок, і не ўсё атрымліваецца паказаць. У нас яшчэ столькі інфармацыі і праектаў! Напрыклад, планавалася асабістая лекцыя па вырабах ручной працы, хацелася паказаць відэа. А яшчэ ў мяне ёсць праграма, 3D-мадэль музеяў Ірана. Калі глядзіш слайды, можна круціць карцінку ў любы бок, пабачыць нават лямпачкі на столі”.
Таццяна МОРАВА
Фота Генадзя КРАСКОЎСКАГА