Найлепшая пярвічная арганізацыя БРСМ БДУ абрана падчас студэнцкага форуму «Стань найлепшым».
Нягледзячы на неспрыяльнае надвор’е, у актавай зале запанавала сапраўды летняя атмасфера! Традыцыйная пераклічка, прывітанне і адкрыццё форуму прадвесцілі гарачую барацьбу камітэтаў за званне найлепшай «пярвічкі». 16 каманд на працягу трох дзён імкнуліся цалкам раскрыць свой патэнцыял у творчай дзейнасці, спартыўных спаборніцтвах і інтэлектуальных конкурсах.
На адкрыцці форуму выступілі начальнік УВРМ Аляксей Багамазаў і сакратар БРСМ Яўген Харук, які зазначыў, што «Брыганціна» абяцае быць даволі цяжкай для каманд: «Вам трэба будзе не толькі добра адпачыць, але і актыўна папрацаваць». Апроч асноўнага конкурсу арганізатары паклапаціліся пра згуртаванне і навучанне моладзевых лідараў і павышэнне эфектыўнасці іх працы.
Пасля трэнінгаў каманды адправіліся ў актавую залу, дзе іх кемлівасць і інтэлект праверыў Павел Быкаў з зачаравальнай гульнёй «MAD HEAD».
Пасля вячэры прайшла творчая частка вечара – конкурс відэаролікаў: «БРСМ у гасцях у…». Каманды прадэманстравалі кароткаметражныя фільмы на зададзеную тэматыку. І да завяршэння першага дня ўжо вылучылася пяцёрка галоўных прэтэндэнтаў: ФСК, хімфак, ДІКСТ, біяфак, гістфак.
Увечары камандам трэба было прайсці спартыўную частку спаборніцтва – «Квэст-Брыга», якая прадугледжвала 6 пікетаў, з дапамогай якіх камітэты факультэтаў праяўлялі сябе ў каманднай працы.
Раніцай другога дня актывістаў наведаў рэктар БДУ Сяргей Абламейка. Ён выступіў сябрам журы падчас дэбатаў «Выбірай.BY» і правёў прэс-канферэнцыю, на якой распавёў пра ўніверсітэт і адказаў на пытанні.
Дарэчы, тэмай дыскусій было «Абнаўленне кадраў – заклад поспеху арганізацыі: «свежы» погляд ці досвед кіравання». Капітаны каманд выказвалі свой пункт гледжання на кіраванне арганізацыяй. Адна з каманд падтрымала палітыку правядзення ратацыі кадраў і прыцягнення новых маладых спецыялістаў. Другая ж выказалася за тое, што заклад поспеху арганізацыі складаецца ў досведзе працы, і параілі трымацца меркавання тых супрацоўнікаў, чый стаж кажа сам за сябе. Урэшце, рэктар, які ўзначальваў журы, палічыў важкімі меркаванні абедзвюх каманд і рассудзіў іх мірнай нічыёй.
Пасля абеду кіраўнікі правялі майстар-класы з камандамі па сферах іх дзейнасці.
Далей ішла самая доўгачаканая падзея конкурсу – творчыя нумары каманд. І гэта выклікала сапраўдны фурор як у зале, так і сярод журы! Ідэя была ў тым, каб каманды прадставілі культуру адной з краін, якую напярэдадні вызначыла лёсаванне. Японія, ЗША, Вялікабрытанія, Індыя, Конга – і ўсё гэта на адной сцэне!
Зала патанула ў карнавале фарбаў і калейдаскопе сюжэтаў!
Па выніках конкурсу з невялікай перавагай перамагла каманда факультэта сацыякультурных камунікацый, якой годную канкурэнцыю склалі каманды хімічнага і гістарычнага факультэтаў.
А. Багамазаў: «Дзякуй БРСМ! Гледзячы на арганізацыю мерапрыемства і БРСМ БДУ ў цэлым, хочацца адзначыць, што ўзровень згуртаванасці вашай каманды значна вырас. Я лічу, што такія суладныя дзеянні камітэта, факультэтаў заслугоўваюць маёй асабістай глыбокай пашаны».
Я. Харук: «Я, калі быў студэнтам, лічыў, што лепшых студэнтаў, чым мы, быць не можа. Аднак, гледзячы на вас, я з упэўненасцю магу сказаць, што вы яшчэ лепшыя, чым былі мы ў свой час! Дзякуй вам, гэта сапраўды была найлепшая «Брыганціна!».
Станіслаў ПІНЧУК