Да 85-гадовага юбілею з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры прайшоў «адкрыты мікрафон» «Прачытай Караткевіча з намі».
Студэнты падрыхтавалі вершы, урыўкі прозы, песні на словы Уладзіміра Караткевіча.
Пачаўся вечар з верша «На Беларусі Бог жыве» ў выкананні Святланы Чыжык і верша «Зімняя элегія» ад Веранікі Працэнкі. Тэму песень на вершы Караткевіча адкрывалі па словах-успамінах дырыжора Міхаіла Фінберга:
Уладзімір Караткевіч – сімвал нацыянальнага духу. Калі я прыйшоў у эстраду, то быў здзіўлены, што на яго вершы было напісана ўсяго некалькі песень. У мінулым годзе мы падрыхтавалі канцэртную праграму «Новыя песні Уладзіміра Караткевіча», у якую ўвайшлі 30 твораў. Караткевіча лёгка перакладаць на мову песні. Таму што яго паэзія адлюстроўвае ўнутраны стан беларуса, яго душу і даказвае, што беларуская мова – самая лепшая і мілагучная ў свеце.
Каб пацвердзіць гэтыя словы, студэнтка эканамфака Ганна Палачанкіна праспявала акапэла «Устану рана насустрач сонцу».
Наступнай тэмай стала сувязь Уладзіміра Караткевіча і нідэрландскага мастака Іераніма Босха.
Сапраўдныя паэты, мастакі асабліва востра адчуваюць падзеі, якія адбываюцца, і нават могуць прарочыць будучыню. Пра такога прарока Іераніма Босха напісаў верш Караткевіч», – распавяла вядучы бібліятэкар Ірына Шкіронак.
«Караткевіч сам быў прарокам. За 17 гадоў да чарнобыльскай аварыі напісаў верш «Дзяўчына пад дажджом», які расказала Наталля Юркевіч.
Патрыятычную тэматыку прадэманстраваў Аляксандр Духан песняй «Дзе мой край».
Песню «Казкі» выканала студэнтка філфака Аліна Карпіцкая. «Ёсць у Аліны сябар Аляксандр Радзівонаў, якога дзяўчына ўгаварыла паўдзельнічаць у мерапрыемстве. Аляксандр падумаў-падумаў і выбраў свой любімы верш Уладзіміра Караткевіча. А таксама, наколькі я ведаю, і аднаго з членаў журы Анатоля Вераб’я – «Заяц варыць піва».
Працягнуў вечар урыўкам з апавядання «Лятучы галандзец» студэнт гістфака Іван Цвірка.
Творы Караткевіча перакладзены больш чым на дваццаць моў.
Прадэкламаваў верш «Лісце» на персідскай мове студэнт ФФСН Дзмітрый Корзунаў.
Наступным быў дуэт Аліны Карпіцкай і Святланы Чыжык «Цягнікі заспявалі, заплакалі…»
«…Караткевіч зведаў горкага кахання. Але мы не будзем пра сумнае. Сёння ў нас жартоўны верш «Гісторыя з першым каханнем» у выкананні студэнта гістфака Кастуся Цаўлоўскага».
Наступнай вялікай тэмай чытанняў стала вучоба аўтара на рускім аддзяленні філалагічнага факультэта Кіеўскага ўніверсітэта імя Тараса Шаўчэнкі.
Менавіта верш Шаўчэнкі «Сон» расказаў сын украінскага народа Сяргей Шэўчык.
Яшчэ адной вялікай тэмай на мерапрыемстве была славутая аповесць «Дзікае паляванне караля Стаха».
Песню на словы і музыку Сяргея Башлыкевіча пра дзікае паляванне выканала Ксенія Валенда, а сябры літаратурнай суполкі «КЛУмБа» інсцэніравалі ўрывак з аповесці.
Пад уплывам твораў класіка напісала свой верш студэнтка філфака Кацярына Роўда пад назвай «Жыве Караткевіч».
Было некалькі віктарын пра жыццё і творчасць Караткевіча. Адну правёў студэнт-гісторык Андрэй Кімбар, а другую літаратуразнаўца, кіраўнік праекта 25-томнага выдання У. Караткевіча, дацэнт БДУ Анатоль Верабей.
У дзень нараджэння Роберта Бёрнса шатландцы віншуюць адзін аднаго са святам. Я вас усіх сёння таксама віншую. Хачу адкрыць таямніцу: ёсць малюнак Караткевіча, які яшчэ не друкаваўся. Там ёсць Шэкспір, Пушкін і Караткевіч. Караткевіч, па сутнасці, выканаў гістарычную місію ў беларускай літаратуры. Ён пайшоў далей за Конан Дойла і зрабіў першы беларускі гістарычны раман-дэтэктыў», – зазначыў Анатоль Верабей.
Мерапрыемства ладзілася пры падтрымцы фундаментальнай бібліятэкі, Саюза жанчын і Клуба аматараў мастацкага слова «КЛУмБа».
Фаіна НАКАНЕЧНАЯ
Глядзіце відэа: