Сёлета ў маі на канферэнцыі міністраў адукацыі 48 краін Еўрапейскай прасторы Беларусь была прынята ў Балонскі працэс. БДУ – галоўны ўніверсітэт краіны, і таму ад яго працы па ўдасканаленні адукацыйнага працэсу шмат у чым залежыць якасць прафесіянальнай падрыхтоўкі спецыялістаў у краіне.
Савет маладых вучоных філалагічнага факультэта ў пачатку снежня зладзіў сустрэчу з загадчыцай кафедры педагогікі і праблем развіцця адукацыі БДУ, доктарам педагагічных навук, прафесарам Вольгай ЖУК. Вольга Леанідаўна як член нацыянальнай групы экспертаў па пытаннях рэформы вышэйшай адукацыі падрабязна растлумачыла сутнасць Балонскага працэсу, ахарактарызавала сусветныя сацыякультурныя тэндэнцыі, якія ўплываюць на развіццё вышэйшай адукацыі.
Вольга Леанідаўна адразу падкрэсліла, што прыняцце Беларусі ў Балонскі працэс – гэта сведчанне таго, што наша сістэма вышэйшай адукацыі развіваецца дастаткова эфектыўна. І шматлікія сустрэчы з замежнымі экспертамі пацвярджаюць гэтую добрую ацэнку.
– Наколькі актыўна ідзе працэс нашай адаптацыі да Балонскага працэсу?
– Перш за ўсё мы маем так званую Дарожную карту – план мерапрыемстваў па аптымізацыі айчыннай сістэмы вышэйшай адукацыі. Напрыклад, больш поўнае ўкараненне Еўрапейскай сістэмы назапашвання і пераносу крэдытаў. У прынцыпе, мы ўжо яе рэалізуем, новым з’яўляецца тое, што ўпершыню вучэбная нагрузка ацэньваецца не з пазіцыі таго, наколькі «адпрацаваў» са студэнтамі выкладчык, а наколькі плённа студэнт асвоіў тую ці іншую вучэбную дысцыпліну або адукацыйную праграму.
У адпаведнасці з Дарожнай картай мы павінны ўкараніць трохузроўневую структуру вышэйшай адукацыі (бакалаўрскі, магістарскі, доктарскі (аспірантура)). Як вядома, аспірантура ў нас аднесена да паслядыпломнай адукацыі. Зараз разглядаецца пытанне аб уключэнні аспірантуры ў структуру вышэйшай адукацыі. Гэта, безумоўна, узмоцніць збалансаванасць і пераемнасць праграм падрыхтоўкі спецыялістаў і навукова-педагагічных кадраў вышэйшай кваліфікацыі.
Таксама з улікам Дарожнай карты нам трэба распрацаваць нацыянальную рамку кваліфікацый. Гэта таксама вельмі вялікая праца, і яе нашы суседзі – Расія, Украіна – ужо ажыццявілі. Размова ідзе аб карэктным апісанні на аснове пераемнасці сучасных кваліфікацыйных патрабаванняў да прафесійнай дзейнасці выпускнікоў усіх ступеняў вышэйшай адукацыі (бакалаўр, магістр, кандыдат навук (доктар)). У Балонскім працэсе выкарыстоўваецца ўніверсальны інструмент – так званыя Дублінскія дэскрыптары – для апісання характарыстык ступеняў і кваліфікацый. Нам таксама трэба ўжываць гэты інструмент. Распрацоўку нацыянальнай кваліфікацыйнай рамкі трэба ажыццяўляць сумесна з сектарам працы, працадаўцамі. Хачу падкрэсліць, што ўкараненне еўрапейскай сістэмы крэдытаў і сучаснай нацыянальнай рамкі кваліфікацый з’яўляецца сродкам акадэмічнага прызнання нашых дыпломаў, развіцця крэдытнай мабільнасці студэнтаў.
Яшчэ важным паняццем Балонскага працэсу з’яўляецца студэнтацэнтрыраваны падыход. Ён вызначае вектар пераарыентацыі навучальнага працэсу ў ВНУ ад выкладання (аб’ём гадзін, навучальныя мэты выкладчыкаў, тэрміны навучання і г.д.) да вучэння як дзейнасці студэнтаў, да больш поўнага ўліку іх адукацыйных магчымасцяў і патрэбаў, патрабаванняў працадаўцаў. Галоўным у навучанні становіцца дзейнасць студэнтаў па засваенні адукацыйных праграм, узрастае аб’ём іх самастойнай працы, адказнасць за атрыманыя вучэбныя вынікі.
– Вы згадалі крэдытную сістэму. Ці будуць змены закранаць залікова-экзаменацыйную сесію, улік наведвання?
– Лічу, што гэтыя змены ўжо адбываюцца. Ва ўніверсітэце ўведзена рэйтынгавая сістэма ацэнкі вынікаў навучання, у заліковых кніжках ужо выстаўляюцца крэдыты. Тут вельмі важна кожнаму студэнту разумець, што ацэньваецца менавіта яго вучэбная праца. Крэдыты неабходна зарабіць, выканаўшы шэраг прамежкавых вучэбна-даследчых работ у рамках асваення дысцыпліны або яе модуля, абараніўшы вучэбна-даследчы праект, заданне на перыяд практыкі і г. д.
– А што менавіта дае крэдытная сістэма? І як ацэньваецца дзейнасць студэнта? Крэдыты – гэта мера ацэнкі «кошту» пэўнай дысцыпліны або паспяховасці выканання вучэбных работ ці здачы экзамену?
– І тое, і іншае. Усе віды вучэбнай нагрузкі, якую выконвае студэнт, ацэньваюцца крэдытамі – вынікі вывучэння вучэбнай дысцыпліны, яе модуля або цыкла дысцыплін, вынікі практык, самастойная праца студэнтаў па дысцыпліне, выкананне вучэбна-даследчых праектаў, распрацоўка курсавых і выпускных работ і інш. Вызначэнне крэдытаў грунтуецца на розных параметрах. Але абавязкова ўлічваюцца тэрміны навучання, аўдыторныя гадзіны, агульная вучэбная нагрузка студэнта, якая змяшчае ўсе віды выкананай студэнтам вучэбна-даследчай дзейнасці і вынікі навучання.
– Калі правамерна казаць пра павышэнне якасці адукацыі ў рамках Балонскай сістэмы, то ці правамерна таксама казаць пра павышэнне статусу нашага дыплома?
– Статус дыплома, безумоўна, падвысіцца. Да дыплома будзе выдавацца спецыяльны дадатак, так званы Diploma Supplement, дзе з дапамогай сістэмы крэдытаў і еўрапейскай ацэначнай табліцы будзе выразна пазначана, якія дысцыпліны, якія віды вучэбна-даследчай працы студэнт асвоіў, якія адзнакі атрымаў і колькі набраў у працэсе навучання крэдытаў. І, паколькі гэтая крэдытная сістэма з’яўляецца агульнай для краін Балонскага працэсу і павінна быць звязаная з нацыянальнай і еўрапейскай рамкамі кваліфікацый, то любому эксперту ў еўрапейскай ВНУ будзе зразумела, што ведае і ўмее рабіць уладальнік дыплома і якімі кампетэнцыямі ён валодае. Гэта з’яўляецца, у сваю чаргу, элементам прызнання дыпломаў і ўмовай развіцця мабільнасці студэнтаў.
– Як Вы лічыце, Балонскі працэс – гэта эвалюцыя або рэвалюцыя для айчыннай вышэйшай адукацыі?
– Вядома, эвалюцыя. Па сутнасці, у 2010 г. мы былі гатовыя ўвайсці ў Балонскі працэс. Многія патрабаванні ўжо былі выкананы. Гэта ўкараненне двухступеньчатай структуры вышэйшай адукацыі, распрацоўка адукацыйных стандартаў спецыяльнасцяў на кампетэнтнаснай аснове і многае іншае. Таму мы ўжо не адзін год, і нават не адну пяцігодку, рухаемся ў рамках патрабаванняў Балонскага працэсу. Значнае не толькі пашырэнне правоў студэнтаў і выкладчыкаў, звязаных з іх мабільнасцю. Гэта, перш за ўсё, адказнасць за якаснае выкананне вучэбнай нагрузкі, патрабаванне да павелічэння аб’ёму самастойнай працы студэнта, якую ацэньваюць крэдытамі, павышэнне патрабаванняў да педагагічных кампетэнцый выкладчыка – умець арганізоўваць адукацыйны працэс у рамках студэнтацэнтрыраванага падыходу на аснове сучасных эфектыўных методык і тэхналогій, уключаючы інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі.
– А ў чым заключаецца студэнтацэнтрыраваны падыход?
– Па сутнасці, гэта асобасна арыентаваны падыход, які забяспечвае больш поўны ўлік адукацыйных патрэбаў і магчымасцяў студэнтаў, меркаванняў працадаўцаў па падрыхтоўцы спецыялістаў. Якія інструменты Балонскага працэсу падтрымліваюць дадзены падыход? Па-першае, гэта ўжо разгледжаная намі Еўрапейская сістэма назапашвання і пераносу крэдытаў. Па-другое, гэта магчымасць студэнта выбіраць навучальныя дысцыпліны, курсы па выбары і форму навучання, выбудоўваць індывідуальныя адукацыйныя траекторыі па засваенні адукацыйных праграм.
Студэнтацэнтрыраваны падыход мае на ўвазе актывізацыю самастойнай работы студэнтаў – як аўдыторнай, так і пазааўдыторнай. Напрыклад, у абноўленых адукацыйных стандартах спецыяльнасцяў для першай ступені вышэйшай адукацыі Беларусі ўтрымліваюцца 35–40 % дысцыплін і спецкурсаў па выбары студэнтаў. 50 % ад аб’ёму гадзін па дысцыпліне адводзіцца на самастойную працу студэнтаў. 30–40 % зместу тыпавых праграм можа змяняцца выкладчыкамі пры распрацоўцы рабочых вучэбных праграм з улікам навуковых інавацый, кірункаў развіцця прафесійнай дзейнасці, патрабаванняў студэнтаў і працадаўцаў. У магістратуры 70 % зместу адукацыйнай праграмы фарміруецца ўстановай вышэйшай адукацыі. З гэтай долі 50 % прыпадае на электыўныя дысцыпліны, якія абірае для вывучэння сам студэнт. Гэтыя палажэнні з’яўляюцца нарматыўна-метадычнай асновай для рэалізацыі студэнтацэнтрыраванага падыходу.
– Безумоўна, Балонскі працэс дае магчымасці студэнтам стажыравацца за мяжой. А ці ўзрасце мабільнасць навуковых работнікаў і выкладчыкаў?
– Канешне. У рамках Балонскага працэсу існуюць спецыяльныя праграмы, напрыклад, Erasmus+, «Гарызонт 2020». Яны накіраваны на далучэнне выкладчыкаў да міжнародных праектаў. У гэтай сувязі ўзрастаюць патрабаванні да педагагічных кампетэнцый выкладчыкаў: гатовасць удзельнічаць у навуковых даследаваннях, валоданне англійскай мовай, якая становіцца ўніверсальнай у навуковых даследаваннях. Напрыклад, у 2015 г. падчас конкурсу праектных прапаноў па праграме Erasmus+ у рамках інструмента «Развіццё патэнцыялу ў сферы вышэйшай адукацыі» беларускія ВНУ са сваімі замежнымі партнёрамі ўдзельнічалі ў падачы 46 заявак. Сярод адабраных для фінансавання – 4 праекты, у якіх удзельнічае наш універсітэт. Інфармацыю пра розныя праграмы і міжнародныя праекты можна знайсці на сайце офіса праграмы Erasmus+ у Беларусі www.erasmus-plus.belarus.unibel.by. Таксама існуе еўрапейскі сайт Балонскага працэсу – www.ehea.info. Акрамя таго, беларускім офісам праграмы Erasmus+ выпускаецца інфармацыйны бюлетэнь, у якім змяшчаецца карысная інфармацыя і метадычны матэрыял па пытаннях Балонскага працэсу.
– І апошняе. Як Вы адзначылі, Балонскі працэс – гэта патрабаванне глабалізацыі. Але, пры сваім маштабным характары, гэта працэс, які ўніфікуе сусветную сістэму адукацыі, ці працэс, які падтрымлівае нацыянальную спецыфіку?
– Вельмі добрае пытанне, і адказаць на яго трэба адназначна. Як ужо казала, мэта Балонскага працэсу – зрабіць больш гарманічным функцыянаванне і развіццё адзінай Еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі, садзейнічаць узмацненню яе канкурэнтаздольнасці і прывабнасці. Галоўным прынцыпам Балонскага працэсу застаецца «ўпарадкаваная разнастайнасць». Уласныя стандарты якасці вышэйшай адукацыі мы павінны звяраць са стандартамі якасці вышэйшай адукацыі ў рамках Балонскага працэсу і за кошт гэтага павышаць якасць, эфектыўнасць і даступнасць айчыннай адукацыі.
Але ніхто не прымушае нас ігнараваць уласны лепшы адукацыйны вопыт, нацыянальныя традыцыі ў адукацыі. Балонскі працэс закладвае вектар ва ўдасканаленні нацыянальных сістэм вышэйшай адукацыі. Гэта апераджальная адукацыя. Яна павінна рэагаваць на выклікі і патрабаванні часу, забяспечваць падрыхтоўку спецыялістаў з улікам не толькі актуальных патрабаванняў рынку працы, але і перспектыўных напрамкаў развіцця вытворчасці, навукі, тэхналогій. Сучасны ўніверсітэт, якім з’яўляецца наш БДУ, павінен гарантаваць студэнтам падрыхтоўку да будучыні, а не да мінулага. Таму сёння мы павінны арыентавацца не толькі на патрэбы працадаўцаў, але і ствараць (або абнаўляць) вучэбныя планы ці адукацыйныя праграмы «з апераджэннем» і забяспечваць інавацыйнае развіццё краіны.
Так, Балонскі працэс у пэўным сэнсе ўніфікуе Еўрапейскую прастору вышэйшай адукацыі, каб вытрымаць націск глабалізацыі і забяспечыць якасць адукацыі. Але пры гэтым на аснове ўпарадкаванай разнастайнасці Балонскія рэформы падтрымліваюць нацыянальную спецыфіку.
Гутарыў Сяргей МАЕЎСКІ
Відэа: