Сёння, дзякуючы пошукавай сістэме Google, любы ахвотнік можа знайсці інфармацыю рознага зместу: звязацца з анлайн-бібліятэкай, пачытаць навуковую дысертацыю, якую толькі ўчора здаў магістрант Гарвардскага ўніверсітэта, “пахадзіць” у фармаце 3D па музеях, паглядзець-паслухаць канцэрт Вагнера, знаходзячыся пры гэтым у іншай краіне. Пра такое нашы бацькі і марыць не маглі, праўда? Чытай, натхняйся, аналізуй. Карыстайся, адным словам.
А зараз пра цёмны бок медаля. Пачнём са школьнікаў. “Першы раз у першы клас з iPad” – мільгаюць загалоўкі беларускіх газет. Вось дзе ўжо дзівосы! Зараз як зажывём! Троху ніжэй загаловак: “Дзяржава дае безпрацэнтны крэдыт, каб сабраць школьніка ў школу”. Парадокс! Грошай няма на форму, а на iPad, значыць, ёсць. А якім чынам гэты цуд-сродак прынясе карысць дзіцяці? Навучыць прапісваць літары на экране? Наўрад ці. Што тады казаць пра шкоду зроку.
Мімаволі задаёмся пытаннем: каго мы гадуем? Спажыўцоў камп’ютарнай прадукцыі. Працуем не на веды, а на тэхніку. Учорашнія школьнікі – сённяшнія студэнты, якія звыкліся да “вялікага пальца”. На што разлічвае выкладчык 21 стагоддзя, задаючы студэнту падрыхтаваць рэферат, што ён пойдзе ў бібліятэку, праседзіць там дзень-два, вышукваючы патрэбную і цікавую інфармацыю? На жаль, Google у дапамогу. “Ctrl+C, Ctrl+V”, кажучы мовай студэнтаў.
Паехалі далей. Пытанняў “навошта” становіцца ўсё больш. Навошта ехаць ва ўніверсітэт і праседжваць гадзіны, мардуючы сябе голадам, калі гэту ж інфармацыю можна прачытаць у інтэрнэце дома, у цяпле.
Навошта выкладчыку імчацца праз увесь горад, зрываць голас на лекцыях, калі яе можна аформіць у дакумент і разаслаць на пошту навучэнцам. Хай чытаюць. Варыянт: запісаць усё на відэа. Практыка лекцый анлайн даўно не ў здзіўляе ў краінах у стадыі развіцця.
Здавалася б, са з’яўленнем інтэрнэту, дзе захоўвацца інфармацыя непараўнальная з базай дадзенай Нацыянальнай бібліятэкі, нашых ведаў павінна стаць больш. Але вучань арганізаваны такім чынам, што яму значна прасцей націснуць на кнопачку пошуку, чым пераварушыць гару літаратуры, выцягваючы неабходныя факты.
Гаворка ідзе пра большасць. У выніку школьны настаўнік атрымлівае шок: 11-класнікі не ведаюць, хто такі Калчак. А выкладчык універсітэта са здзіўленнем выяўляе, што студэнты не памятаюць год пачатку Першай сусветнай вайны.
Галоўная праблема ў тым, што пры падрыхтоўцы да заняткаў мы, студэнты, у большасці выпадкаў звяртаемся да інтэрнэту, а не да кніг. Мы не вучымся працаваць з навуковай літаратурай, не аналізуем, не адсочваем, не сістэматызуем. Замест таго, каб свае даклады падмацоўваць інфармацыяй з сусветнага павуціння, мы нахабным чынам яе капіруем. На кантрольнай працы бясшумна дастаём смартфон, падлучаны да сеткі, і шчасна перапісваем. Навошта нанова ствараць ровар.
У надзвычайнага сатырыка Міхаіла Жванецкага ёсць геніяльны маналог з гэтай нагоды:
“Націсні кнопку – і загарыцца экран. Націсні кнопку – і зменіш малюначак. Націсні кнопку – і спыніш жыццё. Націсні кнопку – і корань квадратны. Кнопку – і табе расставяць коскі. Кнопку – гатовае прызнанне ў каханні, толькі ўстаў прозвішча і выберы, каму паслаць. Націснуў кнопку – набраў жартаў, выйшаў на сцэну. Як лёгка. Дзеці кіруюцца. Націскай кнопкі – і ты складзеш песню. “Энтар” – і ты маеш чарцяжы. “Энтар” – і ты пазнаеш пра хваробу. Толькі ці станеш ты кампазітарам, урачом, пісьменнікам. Націсні кнопку, і даведаешся. І зразумееш, як мала ты хацеў!”
Як дбаеш, так і маеш, казалі нашы продкі. Хочаш вывастрыць вастрыню розуму, выразнасць думкі? Перастань капіяваць і пачынай думаць самастойна!
Арцём БАСАЛЫГА