“Нам патрэбныя прафесіяналы!” – у адзін голас крычаць працадаўцы. “Дзе ўзяць талковых журналістаў, якія пішуць сур’ёзна?” – пытаюць рэдактары. Пакуль рэдактары вінавацяць выкладчыкаў у тым, што яны нічаму не навучылі маладых журналістаў, а выкладчыкі ў сваю чаргу вінавацяць студэнтаў у ляноце, апошнія моўчкі паціскаюць плячамі. Улічваючы, што на факультэце навучаецца больш за 1550 студэнтаў, шанцы ўладкавацца ў прыстойнае выданне невялікія… І так званыя акулы пяра, якія не адбыліся, паволі пачынаюць задумвацца пра атрыманне другой вышэйшай адукацыі. Моладзі хочацца ўсяго і адразу: працаваць у прэстыжнай газеце з непераборлівым рэдактарам і атрымліваць высокую заработную плату, не прыкладаючы пры гэтым адмысловых высілкаў. Разважаючы над гэтай праблемай, я ўспомніла прыпавесць.
Працавалі неяк тры чалавекі, якія штосьці будавалі. Займаліся-та ўсе адным і тым жа, але, калі іх спыталі, што яны робяць, адказы былі розныя. Адзін сказаў: “Я драбню камяні”, другі сказаў: “Я зарабляю сабе на жыццё”, трэці адказаў: “Я будую храм”. Трэба бачыць сэнс у сваёй працы, тады ты будзеш адчуваць, што робіш штосьці карыснае, важнае, што будзе прыносіць людзям радасць, а такім чынам, сабе самому. Пара б ужо вызначыцца: ці не памыліліся дзвярыма ўніверсітэта…
“Кожны раз, калі я студэнтам прыходзіў на іспыт, я рыхтаваў папку са сваімі публікацыямі, якіх налічвалася каля 40 за семестр, – распавядае Аляксандр Градзюшка. – Калі з такой папкай студэнт прыйдзе ў рэдакцыю і прапануе больш за 10 тэм для артыкулаў, ніякіх канфліктаў з працадаўцам не паўстане. Большасць сённяшніх студэнтаў завісаюць у сацыяльных сетках замест таго, каб вышукваць цікавыя факты. Бракуе энтузіястаў”.
Ці хачу працягваць займацца журналістыкай пасля ўніверсітэта? Вось галоўнае пытанне, якое павінен задаць сабе кожны студэнт. На жаль, большасць маіх знаёмых у апошні час схіляюцца да адмоўнага адказу. Надоечы сустрэла школьную настаўніцу. “Акрамя “Аргументаў і фактаў” чытаць іншыя газеты не цікава”, – сказала яна мне. І тут я засумавала. А які самы цікавы матэрыял напісала я сама? Такі, каб было цікава чытаць не толькі маім бацькам? Добра, хопіць ныць пра гультаяватых студэнтаў. Пайду шукаць новыя тэмы для матэрыялаў. Я ўпэўнена, што патэнцыял, жаданне працаваць, “бачыць дробны вінаград, а не толькі буйны кавун” – якасці, дзякуючы якім малады спецыяліст спадабаецца рэдактару і заслужыць павагу ў любым калектыве. Усім поспеху!
Наталля ЧАРНЯЎСКАЯ