28 студзеня прайшло ўрачыстае пасяджэнне Савета БДУ, прысвечанае Дню беларускай навукі. Асноўныя дасягненні 2015 г. і праблемы, з якімі належыць сустрэцца ў 2016 г., адзначыў у дакладзе першы прарэктар акадэмік Алег ІВАШКЕВІЧ.
Універсітэт у 2015 г. зарабіў больш за $2 мільёны на экспарце навукова-тэхнічнай прадукцыі – асноўная доля на НДІ ядзерных праблем.
Па інфармацыі акадэміка Івашкевіча, агульны прыбытак БДУ ў папярэднім годзе склаў 2 млн 132,5 тыс. долараў. У асноўным скарбонка ўніверсітэта папоўнілася за кошт заказаў з Расіі ($1 млн 641,4 тыс), Венгрыі ($221,7 тыс.) і Германіі ($104,3 тыс.). Зарабілі больш за астатніх НДІ ядзерных праблем ($1 млн 225,36 тыс. – 33 кантракты), НДІ фізіка-хімічных праблем ($294,37 тыс. – 9 кантрактаў) і НДІ прыкладных фізічных праблем імя А. Н. Сеўчанкі ($240,63 тыс. – 9 кантрактаў). Асобна Алег Анатольевіч адзначыў Дзяржаўны інстытут кіравання і сацыяльных тэхналогій, супрацоўнікі якога правялі даследаванне «Прыватызацыя і смяротнасць у посткамуністычных краінах» па замове Еўрапейскага даследчага савета коштам $220 тыс.
У 2015 г., дзякуючы навукоўцам БДУ, карэйскай кампаніі «Самсунг» сталі даступныя новыя вадкакрышталічныя спалучэнні для LCD-экранаў. Для расійскіх модуляў МКС была распрацаваная «САВА» (сістэма арыентацыі відэаспектральнай апаратуры). НДІ ядзерных праблем БДУ замацаваўся як асноўная арганізацыя краіны, якая здзяйсняе даследаванні на Вялікім адронным калайдары ў ЦЕРН. Зараз беларусы ўдзельнічаюць у двух эксперыментах па даследаванні базона Хігса.
Больш за 40 навукоўцаў, якія публікуюцца ва ўплывовых навуковых выданнях, адміністрацыя падтрымае грашыма.
Першы прарэктар назваў самых цытаваных навукоўцаў універсітэта. Алег Анатольевіч абапіраўся на рэйтынг, які складаецца з індэкса Хірша па базe Scopus і з сярэдняга імпакт-фактару часопісаў. Сярод фізікаў гэта супрацоўнікі НДІ ЯП Мікалай Шумейка (62,6), Уладзімір Масолаў і Хуан Суарэс (48).
Тройку найлепшых хімікаў прадстаўляюць Міхаіл Арцем’еў (42,6) і Сяргей Пазняк (27,02) з НДІ ФХП, а таксама акадэмік НАН Беларусі загадчык кафедры агульнай хіміі і методыкі выкладання хіміі хімічнага факультэта Анатоль Лесніковіч (27,1).
Сярод матэматыкаў найлепшыя паказчыкі маюць навукоўцы з ФПМІ Аляксандр Дудзін (19,08), Валянціна Клімёнак (16,94) і Леанід Макаранка (9,86).
У галіне біялогіі найвялікшую цытацыю маюць супрацоўнікі біяфака Вадзім Дзямідчык (30,06), Ігар Сямак (24,59), Ала Патаповіч (22,15).
Геаграфія: Ядвіга Яловічава (5,16), Дзмітрый Курловіч (3,56), Аляксандр Санько (3,51).
Гуманітарныя навукі: Давід Ротман (10,1), дырэктар Цэнтра сацыялагічных і палітычных даследаванняў, Сяргей Рагозін (7,53) і Мікалай Пісарук (6,02) з эканамічнага факультэта.
Па версіі Google Scholar Citations (які ўтрымлівае больш за 1000 навукоўцаў БДУ), найбольшая цытацыя зноў у супрацоўнікаў НДІ ЯП Мікалая Шумейкі (33350), Хуана Суарэса (28421) і Уладзіміра Масолава (27905).
Алег Івашкевіч скіраваў калег актыўней публікавацца ва ўплывовых выданнях з высокім імпакт-фактарам.
Павелічэнне плана набору на другую ступень у 2017 годзе.
Рэктар БДУ акадэмік Сяргей Абламейка, анансуючы новую 5-гадовую праграму развіцця БДУ, закрануў праблему набору абітурыентаў у 2017 г. Ён адзначыў, што з-за двайнога выпуску рэзка паменшыцца колькасць студэнтаў на першай ступені адукацыі, але адміністрацыя ўніверсітэта зараз вядзе перамовы з Міністэрствам адукацыі наконт павелічэння плана прыёму на другую ступень, каб часткова кампенсаваць адток навучэнцаў.
Разгледзеўшы гэтыя і іншыя тэмы, прэзідыум савета перайшоў да цырымоніі прысваення званняў «Заслужаны работнік БДУ», якім ганараваны гэтым разам 10 асоб.
Віталь АРЭШКА
Прэзентацыю даклада першага прарэктара акадэміка А.А.Івашкевіча «Аб некаторых выніках навукова—даследчай дзейнасці БДУ ў 2015 годзе» на ўрачыстым пасяджэнні Савета БДУ і Вучонага савета БДУ, прысвечанага Дню беларускай навукі гл. тут