Цалкам фестываль заняў два дні. 40 камандаў з удзельнікаў, не старэйшых за 24 гады, адказвалі на пытанні “Сваёй гульні”, “Медыя-азбукі”, “Гульні ў словы”, “БДУ-квізу”, “Эрудыт-квартэта” і “Што? Дзе? Калі?”. І хоць большасць з секцый праходзіла па-руску, штогод на фестывалі знаходзіцца месца для блока на матчынай мове — “БДУ-квізу па-беларусу”. Менавіта з яго мы прапануем вам фотарэпартаж.
Гэты беларускамоўны этап фестывалю зроблены для таго, каб знаўцы паказвалі свае веды ў роднай мове, культуры і гісторыі. “БДУ-квіз” сёлета складаўся з васьмі частак. Удзельнікам трэба было адказаць на пытанні па апошніх навінах краіны і свету, узгадаць аўтараў слоў і кампазітараў беларускіх песень, пазнаць у твар беларускіх дзеячаў, як знакамітых, так і малавядомых. У гэтым годзе квіз дапоўніўся сярод іншага і відэатурам. У ім удзельнікам паказвалі без гуку буктрэйлеры з фестывалю мабільнага кіно Velcom, а знаўцы мусілі адказаць, па якой кнізе здымалі тое ці іншае відэа. Адказы прымаліся на папяровых бланках на мове. Арганізатары заклікалі ўдзельнікаў разважаць над пытаннямі ў сваіх колах таксама па-беларуску, але нікога, зразумела, не прымушалі.
Першае месца заняла мінская каманда “Надта змянілася за лета”. Таксама “пад узнагароду” трапілі “На світанку” (2-е месца) і “Рэперы” (3-е). Вынікі “БДУ-квізу па-беларуску” ўключаюцца ў агульны залік фестывалю. Акрамя яго існуе яшчэ залік толькі для камандаў БДУ. І ўжо па гэтых двух заліках дзве найлепшыя каманды атрымліваюць пропуск на студэнцкі чэмпіянат Беларусі па інтэлектуальных гульнях. Гэтым разам туды паедуць “Маеш рацыю” ад БДУ і “Капітан-Рамадан”.
Віталь АРЭШКА
Фота аўтара