Одзін з найбольш доўгачаканых конкурсаў механіка-матэматычнага факультэта “Містар мехмат–2016” грандыёзна прайшоў у актавай зале Інстытута журналістыкі БДУ. За паўгадзіну да пачатку мерапрыемства ў холе чакаў вялікі натоўп студэнтаў, у якім адны прыдумлялі, як падтрымаць свайго знаёмага ўдзельніка конкурсу, іншыя – абмяркоўвалі фотасесіі, якія прайшлі перад конкурсам, а трэція проста з нецярпеннем чакалі магчымасці прыемна і цікава правесці час.
Калі дзверы ў залу расчыніліся, першыя наведнікі былі ўражаны незвычайнай задумкай упрыгожвання залы: словы “Містар мехмат”, якія свяціліся са сцэны, стваралі на гэтай імпрэзе адмысловую атмасферу.
Чароўныя і харызматычныя вядучыя конкурсу не давалі сумаваць ніводнаму гледачу. І гледачы не сядзелі на месцы, а актыўна ўзаемадзейнічалі з вядучымі і ўдзельнікамі мерапрыемства.
Першы конкурс, дзякуючы якому ўдзельнікі змаглі распавесці пра сябе больш, чым гэта можна зрабіць у інтэрв’ю ці відэароліках, стаў конкурс візітовак. Адны дэманстравалі свае смешныя фатаграфіі з дзяцінства са школьнага жыцця, іншыя разагравалі публіку перад наступнымі выпрабаваннямі, а быў такі ўдзельнік, які прыдумаў сваю візітоўку дзякуючы… сваім імю і прозвішчу! Вы не паверыце, але сярод прыгажуноў-мехматаўцаў быў Андрэй Малахаў! Толькі не той, што з “Першага канала”, а просты, але вельмі вясёлы хлопец з мехмата. Сам пра такое нечаканае спалучэнне сваіх імя і прозвішча Андрэй казаў так: “Мама хацела назваць майго брата Генадзем”.
Сярод кандыдатаў на званне “Містар мехмат” быў таксама першы віцэ-містар мехмат 2014 года Максім Русецкі і вядомы на факультэце і ва ўніверсітэце актывіст студэнцкага саюза Юрый Свідзерскі. З вуснаў яго сяброў і яго самога гучалі жарты пра “ўзрост” Юрыя, бо ён быў самым старэйшым удзельнікам.
Арганізатары “Містара мехмат” падрыхтавалі для сваіх падапечных нямала выпрабаванняў, у якіх кожны з удзельнікаў павінен быў максімальна ярка выявіць сябе.
Пасля чарады яркіх і вясёлых конкурсаў былі вызначаны пераможцы ў розных намінацыях, а таксама вызначылася тройка найлепшых прэтэндэнтаў на “містара” механіка-матэматычнага факультэта!
Такім чынам, улюбёнцам гледачоў стаў Максім Русецкі. Юнак набраў больш за ўсё галасоў і атрымаў свой “прыз глядацкіх сімпатый”. Максім таксама быў найлепшым імправізатарам на конкурсе, завошта і быў адзначаны ў намінацыі “Найлепшая імправізацыя”. У творчым нумары Максіму Русецкаму таксама не было роўных, таму і ў дадзенай намінацыі ён стаў першым. Найлепшую фатаграфію, якая сярод астатніх здымкаў удзельнікаў была прадэманстравана да конкурсу, зрабіў Дзяшкевіч Кірыл. Таксама Кірыл стварыў для конкурсу “найлепшы вобраз”, за што і атрымаў узнагароду ў намінацыі. Да пачатку конкурсу таксама праводзіўся конкурс відэаролікаў. Найлепшае відэа зняў Юрый Свідзерскі.
А зараз пераходзім да самага цікавага. Другім віцэ-містарам механіка-матэматычнага факультэта стаў Аляксандр Косароў. На адну прыступку вышэй падняўся Юрый Свідзерскі. А пераможцам конкурсу і, адпаведна, містарам механіка-матэматычнага факультэта стаў ужо знаёмы нам Максім Русецкі!
Віншуем Максіма з яго доўгачаканай перамогай! Жадаем самаму хвацкаму хлопцу мехмата заваявання новых вышынь!
Махры ЯГШЫЕВА
Яшчэ больш фота тут