Ні дня без усмешкі (Змяць граніт у складкі)

2 Jan, 2014.

6-1

 

Студэнцтва – вясёлая пара. Спраўдзіць гэту агульнавядомую ісціну дапаможа факультэцкі фальклор: анекдоты, байкі, забаўныя выказванні выкладчыкаў і «ляпсусы» студэнтаў…

Анекдоты

ДІКСТ
Два супрацоўнікі арганізацыі, у якой студэнт праходзіць практыку, назіраюць за сваім падапечным:
– Во, хоць даведаемся, як людзі працуюць…
* * *
Размова перад фізкультурай:
– Пашка, а ты што тут робіш? Цябе ж, здаецца, выключылі…
– Дык гэта не нагода фізкультуру прагульваць!!!
(Запісала Ганна Міцькавец)

ФПМІ
6-4У зімовую сесію:
— Вось здадзім сесію, у снежкі пагуляемся!
— Дзе вы ўлетку снег знойдзеце?!
* * *
Даўжнікі пад дзвярыма:
— Вой, як вас многа! Напэўна, сёння аўтаматы будуць раздаваць?
— Ага. І боты.
* * *
Напярэдадні сесіі ў інтэрнаце адбыліся партыі ў карты. Пераможца атрымаў канспект.
* * *
Прафесар: «Што вы ўвесь час жуяце?»
Аўдыторыя: «Яна формулы перажоўвае»
Прафесар: «Яшчэ і адрыгваць будзе?»
* * *
Дыферэнцыяльныя ўраўненні. Выкладчык, з уласцівай яму хуткасцю, пакрывае дошку формуламі. Хуткасць запісу такая, што студэнты ледзь паспяваюць занатоўваць канспект, не тое што зразумець напісанае. Тут з калідора даносіцца пах гарэлага. Ерафеенка, запытальна: «Чуеце, гарэлым пахне? Хтосьці надта хутка піша!»

воротницкий

ФРКТ
З серыі «найлепшая «адмазка» на іспыце». Студэнтка з сям’і вернікаў пасля абвяшчэння адзнак: «Алена Уладзіміраўна, не стаўце мне тройку, калі ласка, а то мне бацюшка епітым’ю за ляноту прызначыць…»
* * *
З пункта гледжання матэматыкі выраз «расставіць усе кропкі над «ё» роўна ў два разы мацнейшы, чым выраз «расставіць усе кропкі над «і».
(Запісаў выкладчык матэматычнага аналізу  М. А. Прохаравіч)

Байкі геафака
Георгія Якаўлевіча Рылюка любілі і паважалі практычна кожны, хто з ім сутыкаўся. Уладальнік энцыклапедычных ведаў, выдатны лектар і проста чалавек з добрым адчуваннем гумару. Як распавядаюць, ён вельмі любіў палохаць першакурснікаў – падыходзіў падчас лекцыі і пытаў:
– А дзе гэта вы былі, малады чалавек, а 10-й гадзіне падчас лекцыі па…? У «Перамогу» на новы фільм хадзілі? Спадабалася? – усміхаўся ён, а студэнты ледзь не падалі са стула.
На самай справе, Рылюк меў добрую зрокавую памяць… і жыў якраз насупраць «Перамогі»! Раніцай, калі стаяў на балконе, ён уважліва разглядаў усіх на­веднікаў кінатэатра. І вылучаў сту­дэнтаў. Старшакурснікі ведалі пра гэтую яго асаблівасць – і хадзілі ў іншыя кінатэатры.
(Запісала Ніна Літвінка)
* * *
Спадарыня Лаўрыновіч, наогул, вельмі добры выкладчык, эмацыйна распавядае так, цікава. І вось аднойчы чытала лекцыю, вельмі спяшалася даць нам як мага больш матэрыялу… потым мы называлі ёй розных жывёл, а яна паказвала на карце іх гістарычную радзіму як віду. Жывёл называлі ўсялякіх розных, ад капібар да хахуляў… і нехта крыкнуў: «Адзінарог!»… А яна, гледзячы на карту: «… адзінарог … адзінарог… Нешта я забылася… Я пасля ўдакладню і вам скажу…» – запрацавалася з намі!!!
(Ад студэнтаў запісала Марына Карней)

Ад выкладчыкаў
з любоўю
ФПМІ
•    Усё было б добра, калі б вам не трэба было здаваць мне іспыт.
•    Вось уявіце чорную дзірку. Яна накручваецца, накручваецца. Гэта Microsoft.
•    Адну тэарэмку дакажам – і я адпушчу вас на волю.
•    Няроўнасць Кошы–Бунякоў­скага–Шварца – надзейная трайная абарона!гилевский бгу
•    Гэта задача – гумар у кароткіх штоніках!
•    Хачу, каб вы запісалі тэарэмку… Зрэшты, нашто яна вам – не пішыце.
•    Я даў кнігу аднаму студэнту гадоў 10 таму. Калі ён прынясе, я вам яе пакажу…
•    Гэта Гаус прыдумаў, майстар ён быў шуткаваць…
•    Калі базіс не артаганальны, дык там самыя цуды адбываюцца!
•    Дэкаратыўная, але патрэбная ўласцівасць…
•    Матрыца С у нас будзе вось такая, пузатая!
•    Цудадзейная функцыя Фра­бе­ніуса.
•    Скончым параграф у на­паў­даказаным выглядзе – я тут усё адно нічога даказаць не змагу.
•    Перадайце адсутным, што пароль на іспыце «18 лістапада».
•    Пэўныя шурпатасці матэматычнага апарату можна апусціць.
•    Дадзена матрыца. Трэба вызначыць размяшчэнне колаў Гершгорына ў залежнасці ад t. Гэта карысна і прыемна!

Журфак
Г. А. Андрушэвіч, асновы фатаграфіі:
•    Тое, што вы рукі сунулі ў раствор – гэта нічога, яны ў вас усяго толькі праявяцца;
•    Вы лепей сваёй рабоце назву прыдумайце, а то адчуванне такое, што ў дзяцінстве вы чыталі не «Карлсана», а матэрыялы са з’ездаў партыі.
П. В. Васючэнка, старажытная беларуская літаратура:
– Прыборы адключайце, буду канфіскоўваць. Увогуле, у Еўропе ёсць цікавы від спорту – кіданне мабільнікаў аб сцяну.

Д. А. Вайтовіч, асновы прыро­дазнаўства:
•    Рэферат старонак на восем – больш не трэба. Майце сорам, мне ўсё гэта яшчэ чытаць.
•    Што рабіць, калі вас цягне да хлопца, які дуб дубам? Ну, дуб таксама прыгожая расліна…
•    Калі велізарны метэарыт зваліцца ў Атлантычны акіян, атрымаецца грандыёзная юшка.
•    (Пра студэнта, які пакінуў лекцыю без папярэджання) Арганізм, напэўна, своечасова адчуў нейкай часткай цела, што трэба сыходзіць.

А. А. Градзюшка, асновы журна­лістыкі:7-2
•    Сёння ў трох групах былі заняткі, мы няблага павесяліліся.
•    (Піючы падчас лекцыі ваду) Вой, бензін заканчваецца…

В. І. Дзесюкевіч, сучасная руская мова:
•    (Пра бясконцы шум на паверх вышэй) А там усе пары нешта соўваюць. Напэўна, мэблю крадуць.
•    Ну што, будзеце яшчэ запісваць? Не? Будзеце!
•    Мярцвяк будзе адушаўлёным, а труп – неадушаўлёным.
•    Навошта вам універсітэт, вам патрэбны дзіцячы садок! За касічкі тузаюць! (Студэнт просіць выбачэння) Калі ласка, калі ласка! Не мае ж касічкі!

Д. М. Драздоў, гісторыя каму­нікацый:
•    Кітайскае пісьмо нам расшы­фроў­ваць не трэба – паклічам сту­дэнта-кітайца, ён усё нам і зробіць.
•    Справа не ў назве газеты. Напрыклад, «Камсамольская праўда». Якая яна камсамольская, і якая праўда?

Н. А. Зубчонак, старажытнаруская літаратура:
•    Мабільнікі буду збіраць у скрынку і адносіць дэкану: хай раздае на патрэбы выкладчыкаў – тым, у каго няма.
•    Смех лічыўся самым вялікім грахом, таму хопіць смяяцца. (Смех у зале) Ну вось дасмеяцеся!

У. А. Капцаў, руская літаратура:
– Маўчалін маўчаў лепш, чым Чацкі гаварыў.

Я. Ф. Конеў, асновы міжнарод­най журналістыкі:
•    Не прымушайце экзаменатара думаць: экзаменатар, які думае, усё адно што малпа з гранатай.7-1
•    Благі той замежны карэспандэнт, які не п’е як конь.
Н. В. Кузьміч, асновы тэорыі лі­та­ратуры:
Тлумачу для «непісьменных». Я так разумею, што ў гэтай аўдыторыі толькі адзін «пісьменны» чалавек – гэта я!

У. М. Ладуцька, асновы фота­журналістыкі:
•    Вашы бацькі зрабілі благую рэч: яны навучылі вас хадзіць і гаварыць. Я навучу вас сядзець і маўчаць.
•    Я добры! Каму сказана!
•    Рабочая вопратка: халат. Дзяўчаты, у махровых прыходзіць не трэба. А якім ён будзе – чырвоным, белым, чорным – мне фія­летава.

В. М. Самусевіч, сучасная беларуская мова:
•    Мой мабільны тэлефон – 5**- **-03. Калі будзе зусім дрэнна, набірайце проста 03.

Т. І. Прановіч, замежная літара­тура:
•    Ну, хто можа пераказаць? Вось, Шарай трымае руку. Ці гэта не рука, а проста кулак?
•    Я назаву вам трох аўтараў, ад якіх, не хвалюйцеся, нічога не засталося, таму чытаць вам не прыйдзецца.
•    Калі да 26-га вы не здасце заяву на практыку, вас гвалтоўным чынам адправяць у Малую Бе­раставіцу.
•    Як гэта вас прывабіць, каб вы слухалі? Хіба станчыць?..
•    Да 10-га я хаджу і пасміхаюся, пасля 10-га снюся ў начных жахах.
(Запісаў Дзмітрый Умпіровіч)

Геафак
Адным з самых любімых вык­лад­чыкаў геафака (асабліва ў сту­дэнтаў 1 курса) з’яўляецца Юрый Васільевіч Кухарчык (ці, як яго ласкава называюць студэнты паміж сабою, «дзядзька Юра»). Яго пары заўсёды прыносяць нам не толькі веды, але і пазітыўныя эмоцыі:7-3
•    Выхад арганікі на сушу ў Ардовіку… (жывёлы і расліны)… паперлі, не сядзелася ім!
•    Да канца Кембрыю мацерыкі зрушыліся ў паўднёвае паўшар’е. І ўвесь Ардовік там і пратырчалі.
•    Нават лысаму чарнобыльскаму вожыку гэта зразумела…
•    Вось ключы. Даю сваю машыну таму, хто самне граніт у складкі.
•    Добры дзень, інфаркт, заходзь…
•    Чаго ж гэта я маленькім не памёр?
•    Я буду жыць вечна!
•    Эх, жабяняты!
•    (На 1-м курсе Ю. Кухарчык тлумачыць утварэнне марэннага пагорка)  Ішоў сабе ледавік, жор усё, што пад нагамі валялася, набіў цэлае пуза, а потым… *паўза* вырвала яго… вядома!

П. А. Каўрыга:
•    Чакаюцца ападкi, магчыма, з камянямi.
•    «Цыклон ідзе на Варшаву». Варыянты адказаў у тэстах П. А. Каў­рыгі: А) можна, Б) няможна!!!

В. С. Аношка:
•    Капіляры – гэта… ну… гэта тонкія капіляры…
•    Я два разы не паўтараю (секундная паўза)… два разы не паўтараю…

І. І. Шчасная:
• Ага, 3 курс, дайце я на вас пагля­джу і добра запомню – да канца дой­дуць не ўсе, асабліва пасля мяне…

Г. Я. Рылюк:
•(Называе прозвішча студэнта) …здыму штаны, пастаўлю на па­­да­коннік, і вы ўсім будзеце дэ­ман­страваць свае бегавыя цягліцы.
(Падрыхтавала Марына Карней)

Гістфак
А. А. Сакалова:Êàôåäðà ÔÕ
•    Бярэш спіс літаратуры і чэшаш яго.
•    Версальскі мір што, быў нейкай дабрачыннай акцыяй для Японіі?

Г. С. Хадасевіч:
• Памятаеце, калі мы з вамі будавалі сацыялізм, праводзілі беларусізацыю…
• Я буду вас дручыць.

М. У. Саковіч:
• Так, у нас ёсць яшчэ адна кафедра. У нас яна не адна.
• Я вам сказала і культурна і дзёрзка.
• Пакуль у аўдыторыі няма макраэканамічнай раўнавагі, выкладчык можа пагаварыць сам з сабой.

А. І. Кушнір:
• 22 чэрвеня а 4-й гадзіне раніцы без абвяшчэння пачнецца наша экскурсія.
• Дзяўчаты больш вынослівыя, бясстрашныя і бязлітасныя.
• У вас цесны споены… спаяны калектыў…

А. В. Перзашкевіч:
• Іспыт – гэта размова двух ра­зумных людзей, і калі адзін з іх не мае рацыі, то другі не атрымае стыпендыі.

В. А. Фядосік:
• Калі ў школе была добрая адзнака, то намалюйце добрую схему, а калі не – то як атрымаецца. 7-5
• Грэкі рассяліліся вакол мора, як жабы вакол возера.
• Тыраны бываюць розная: жорсткія, арыгіналы…
• Ён глядзіць, а зверху – морда гальская!

С. Б. Каун:
• Генрых Валуа абяцаў вярнуцца. Як Тэрмінатар.
• Я не злапомны, я проста злы, і ў мяне добрая памяць.
• Вы не ў казку патрапілі, а ў БДУ.
(З газеты «Ніка» гістарычнага факультэта)

Ляпсус
студэнтус
Усім выкладчыкам хочацца, каб усе студэнты былі разумныя, адукаваныя і адказвалі на «дзясяткі». Аднак некаторыя памылковыя сту­дэнцкія выказванні таксама здольныя парадаваць, ці, прынамсі, раз­весяліць:

Геафак
•    Вапняк складаецца са шкілетаў раслін.
•    Сярод прадстаў­ні­коў жывёльнага свету вылучаюцца янот-патаскун і вавёрка-сучага.
•    Амфібіі выкормліваюць сваіх дзіцятак малаком.
•    Караблі Васка ды Гама даплылі да Афрыкі і раздзяліліся: Васка паплыў у адзін бок, а Гама ў іншы, каб выратавацца ад піратаў.
•    Пошук эканамічнай выгады ў нетрах БССР.
•    Падземнаводныя расліны.
•    Кадмій выкарыстоўваецца ў дэкаратыўных мэтах у атамных рэактарах.
(Падрыхтавала Ніна Літвінка)

Філфак
•    Запіскі Самсона Самурая (замест «Самасуя»).
•    Скарына напісаў 23 кнігі Бібліі.
•    Беларускі селянін душыўся перад светлым заўтра.
•    Шамякін напісаў аповесці «Палеская мадонна» і «Сатанісцкі труп» (замест «Сатанінскі тур»).
•    Кручкоў гатовы рваць на цёмных палешуках іх апошнія кашулі.
•    Максім Танк паказаў, як трэба сядзець у турме.
•    …пісаў пра Радзіму ціха і незаўважна…
(З кнігі «Смяяцца не грэх» – Мн., БДУ, 2002, уклад. А. Бельскі)

Журфак
7-6• Пры канцы жыцця Францыск Скарына стаў астрогам (замест «астролагам»)

• Князь Ігар з братам Усеваладам ваявалі Полацк і палачан (замест «полаўцаў»)

• Еўрапейскія дзеячы Асвет­ніцтва: Дзьедро, Русон

• Грунвальдская бітва спыніла агрэсію мангола-татар

• Адзін з мастацкіх стыляў эпохі Асветніцтва: (студэнцкія варыянты) семінталізм, сементалізм, сегменталізм (закрэслена, пап­раўлена на «сінтэменталізм»), сеніменталізм… (правільна «сен­ты­­менталізм»)

(З пісьмовых прац): Галоўны герой – гэта няшчасны чалавек, які жыў настолькі цёмнаю жыццём, што мне адбылася (папраўлена на «лося») вельмі сумна… і калі такі чорствы чалавек закахаўся ў маладую дзяўчынку мне адбылося неяк прыемна і ў той жа час страшна… страшна за яго…
Апрацавала матэрыялы «фальклору»
Маргарыта АЛЯШКЕВІЧ

На фота:

1. «Хімбатальён» на Фестывалі факультэтаў БДУ

2. І. Ю. Варатніцкі.

3. Выкладчык тэрвер С. В. Гілеўскі

4. Дні ММФ

print

Вам таксама можа спадабацца: