Адмысловую праграму павышэння кваліфікацыі «Усе трэнды сучаснага лідара», якая разгортвалася з 24 мая па 8 чэрвеня, завяршылі 70 супрацоўнікаў універсітэта.
Першая школа лідара праходзіла ў чэрвені 2013 года ў межах «карпаратыўнага ўніверсітэта», але сёлета на курсы набралі не толькі прафесарска-выкладчыцкі склад, але і прадстаўнікоў структурных падраздзяленняў. Далучыліся супрацоўнікі медыяцэнтра, фундаментальнай бібліятэкі, цэнтра інфармацыйных тэхналогій, Галоўнага ўпраўлення эканамічнай і інвестыцыйнай дзейнасці, упраўлення выхаваўчай работы з моладдзю і інш.
Слухачы або складаюць так званы «кадравы рэзерв», або толькі рэкамендаваныя туды як перспектыўныя супрацоўнікі. То бок яны могуць у любы момант заняць кіраўнічыя пасады ва ўніверсітэце. Таму ўпраўленне кадраў БДУ на базе ФМА зладзіла спецыяльную школу, каб падрыхтаваць будучых лідараў, дапамагчы ім цікава і незвычайна павысіць кваліфікацыю.
Адукацыяй слухачоў займаліся знакамітыя ў прафесійных колах бізнес-трэнеры, топ-менеджары беларускіх кампаній і выкладчыкі БДУ. Майстар-клас «Кіраванне праектамі», для прыкладу, вёў Сяргей Гарэлік, намеснік дырэктара па развіцці і кіраванні праектамі групы кампаній «А-100», інтэрактыўны семінар «Эфектыўная работа і ўзаемадзеянне ў камандзе» – Міхаіл Лях, сертыфікаваны трэнер Міжнароднай асацыяцыі коўчаў, практыкум «Іерархія лідарскіх стыляў і рыс характару» – Алег Радзюк, дацэнт кафедры агульнай і клінічнай псіхалогіі БДУ – усяго каля дзесяці чалавек.
Карэспандэнт газеты «Універсітэт» паназіраў за завяршэннем праграмы. У 9 гадзін раніцы 8 чэрвеня пачаўся заключны семінар «Прыцягненне персаналу» Сяргея Прыходзькі, дырэктара па рабоце з персаналам ЗАТ «Альфа-Банк». За партамі сядзелі па большасці слухачкі. Мужчын па самым аптымістычным падліку недзе каля чвэрці. Цікава, няўжо кіраванне ўніверсітэтам у будучыні адыдзе прыгожай палове? Пакуль сярод дэканаў факультэтаў няма аніводнай жанчыны.
На працягу семінара Сяргей Прыходзька распавядаў, чым адрозніваецца работнік ад супрацоўніка і як зрабіць, каб людзі прынялі місію кампаніі як сваю асабістую. Таксама выкладчык спыніўся на рысах, па якіх можна яшчэ на этапе сумоўя выявіць незацікаўленага супрацоўніка, і шмат яшчэ на чым іншым. Семінар працягваўся болей за гадзіну. Напрыканцы слухачы задавалі разнастайныя пытанні.
Удзельнікі курсаў хадзілі на заняткі з 24 мая, два тыдні, адначасова працавалі на сваіх асноўных месцах працы. Цяпер ім засталося пайсці ва ўніверсітэцкі дворык, там арганізуюць флэш-моб і атрымаюць свае пасведчанні дзяржаўнага ўзору.
Праграма курсаў павышэння кваліфікацыі складалася з прыцэлам на «навучанне дзеяннем». Гэта досыць нестандартны падыход да адукацыі. Удзельнікі спачатку прайшлі анкетаванне, каб выявіць свае лідарскія здольнасці.
Заняткі былі максімальна нефармальнымі, нязмушанымі. Слухачы прайшлі камунікатыўную гульню, прысутнічалі на аглядзе праграмнага забеспячэння. Карацей, атрымаўся гэткі «адукацыйны мадэрн». Рыхтавалі будучых кіраўнікоў па такіх напрамках, як базавыя навыкі кіравання, дзелавыя камунікацыі кіраўніка, дэлегаванне паўнамоцтваў і размеркаванне адказнасці, прыняцце кіраўнічых рашэнняў, камандная праца, эмацыйны інтэлект.
Марыка Баранава, выкладчык рускай мовы як замежнай, ФМА: «Мне падаецца, што крэатыўная адукацыя – гэта цікава і карысна. Людзі стамляюцца на працы. Ім хочацца вучыцца чамусьці новаму. Асабліва спадабалася тое, што некаторыя выкладчыкі ўдзельнічалі ў рэальных праектах. І яны дзеляцца з намі рэальным вопытам, распавядаюць пра рэальныя кампаніі, пра тыя праекты, стартапы, якія яны рабілі».
Дзмітрый Марушка, загадчык кафедры эканамічнай інфарматыкі, ЭФ: «Асабліва хочацца адзначыць майстар-клас «Кіраванне праектамі» (Сяргей Гарэлік – заўв. рэд.) і «Базавыя навыкі кіравання» (Дзмітрый Лук’янаў, дацэнт кафедры агульнай і клінічнай псіхалогіі БДУ – заўв. рэд.). Менавіта гэтыя выкладчыкі, на мой погляд, праявілі максімальны ўзровень крэатыўнасці. Яны імкнуліся ўцягнуць усіх слухачоў у навучальны працэс. Нарэшце, у іх атрымалася пабудаваць міжасабовую камунікацыю, дапамагчы нам стаць бліжэйшымі адзін да аднаго. Хочацца адзначыць нязмушаную форму выкладання. Досыць складаны матэрыял падавалі простай мовай. Лекцыі былі жывыя, практыка-арыентаваныя, і назіралася максімальная зацікаўленасць слухачоў».
Флэш-моб ва ўніверсітэцкім дворыку ўяўляў сабой фітнэс-танец «Зумба», які прафесійна правяла выкладчык ФМА Вольга Шыманская. Спачатку смешна было глядзець, як выкладчыкі, загадчыкі кафедраў танчаць з сур’ёзнымі тварамі, імкнучыся запомніць парадак рухаў. Але потым у іх пачало атрымлівацца, твары сталі менш заклапочаныя, а рухі неблагія і больш-менш сінхронныя. Арыгінальны спосаб завяршыць курсы, тым больш што слухачы ў асноўным не старэйшыя за 35 гадоў.
Ад кіраўніцтва БДУ да выпускнікоў праграмы «Усе трэнды сучаснага лідара» звярнуўся прарэктар па вучэбнай рабоце Аляксей Данільчанка: «Віншую з заканчэннем школы лідара. Спадзяюся, што атрыманыя веды вы зможаце выкарыстаць на практыцы ў сваіх калектывах, што будзеце сапраўды ініцыятыўнымі і крэатыўнымі лідарамі. Вы наш гонар. Мы робім стаўку на моладзь і чакаем ад вас аддачы, каб наш універсітэт прасоўваўся ў міжнародных рэйтынгах і каб усе ведалі, што БДУ — найлепшая ВНУ краіны!»
Віталь АРЭШКА
Яшчэ больш фота тут
Відэа: