Віват, студэнт – 2016 ! Святочныя мерапрыемствы да Дня ведаў пройдуць 1 верасня ў БДУ (+ вiдэа)

30 Aug, 2016.

Vivat_student_2016!_devushki_studentki_s_sharikami_hlopaut_Виват_студент - 2016! Деушки _студентки_с_шариками_хлопают

Сцэнарый урачыстага дня ўключае розныя сюжэтныя дзействы: ад традыцыйнага занясення штандараў факультэтаў перад строем першакурснікаў да набажэнства ў гонар пачатку новага навучальнага года ў Мінскім кафедральным Свята-Духавым саборы.

У 10.30 ва ўнутраным дворыку БДУ прагучаць віншаванні ад рэктара акадэміка Сяргея Абламейкі, дэканаў, выкладчыкаў і лідараў моладзевых арганізацый. Будуць зладжаны экскурсіі па рэктараце, навучальных карпусах і музеі гіс­торыі БДУ. Таксама «навабранцы» ўшануюць памяць загінулых у гады ВАВ студэнтаў і выкладчыкаў хвілінай маўчання і ўскладуць кветкі да манумента ва ўніверсітэцкім дво­рыку. Акрамя таго, у гэты святочны дзень першакурснікі змогуць зла­дзіць дэмакратычнае новаўвядзенне нашага часу – групавое «сэлфі». Як звычайна, «фотасесія» пройдзе ў родных «дэкарацыях» на фоне гістарычнага адміністрацыйнага корпуса БДУ.

У гонар пачатку навучальнага года Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Бе­ларусі адслужыць набажэнства ў Мінскім кафедральным Свята-Духавым саборы. Удзел у ім возь­муць кіраўнікі і выкладчыкі, а так­сама студэнты БДУ. Пачатак службы ў 12.00.

Свята працягнецца ўвечар у Палацы спорту. Праграма «Віват, студэнт!» пачнецца ў 17.00. Для першакурснікаў прадэманструюць на велізарным святлодыёдным экране асноўныя шляхі развіцця найстарэйшай ВНУ Беларусі, па­знаёмяць з адукацыйнымі маг­чы­масцямі БДУ. Удзель­нікі і госці імпрэзы стануць сведкамі суперсучаснага светлавога прадстаўлення – лазер­нага шоу. У гэтым навамодным сцэнічным дзействе галоўным элементам уздзеяння на гледачоў з’яўляюцца яркія мультыплікацыі, створаныя сканаваннем промня лазера на плоскай паверхні. Гэту праграму падрыхтавалі артысты тэатра Уладзіміра Кустава.

Завершыцца святочны вечар выступленнем папулярных беларускіх гуртоў і  артыстаў: Дзядзька Ваня, NAVI, «Дразды», «Скай тай», трыа Lay’La і рытм-гурта «Грыг-Перкашн».

Арганізуюць мерапрыемства ўпраўленне па справах культуры і ўпраўленне выхаваўчай работы з моладдзю БДУ.

Вiдэа ( Палац спорту, 2015 г.):

print

Вам таксама можа спадабацца: