Званне “Ганаровы прафесар Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя М. В. Ламаносава” прысвоена рэктару БДУ акадэміку Сяргею Абламейку. Адпаведны дыплом яму ўручыў 25 студзеня рэктар расійскай ВНУ акадэмік Віктар Садоўнічы на ўрачыстым пасяджэнні вучонага савета МДУ.Цырымонія адбылася падчас візіту дэлегацыі БДУ ў МДУ імя М. В. Ламаносава для ўдзелу ў мерапрыемствах, прысвечаных 259-годдзю з дня заснавання Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта.
Цырымонія адбылася падчас візіту дэлегацыі БДУ ў МДУ імя М. В. Ламаносава для ўдзелу ў мерапрыемствах, прысвечаных 259-годдзю з дня заснавання Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Звання «Ганаровы прафесар МДУ імя М. В. Ламаносава» Сяргей Абламейка ўдастоены за шматгадовае плённае супрацоўніцтва паміж двума ўніверсітэтамі і выбітныя заслугі ў галіне стварэння асноў суперкамп’ютарнай адукацыі.
Рэктар МДУ Віктар Садоўнічы высока ацаніў дасягненні Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта як аднаго з флагманаў вышэйшай адукацыі і навукі ў краінах СНД. Ён адзначыў, што БДУ справядліва ўвайшоў у тройку вядучых універсітэтаў постсавецкай прасторы па звестках міжнароднага інфармацыйнага агенцтва «Інтэрфакс», якія былі апублікаваныя ў снежні 2013 г. Такі вынік з’яўляецца высокай ацэнкай адукацыйнай, навукова-даследчай і міжнароднай дзейнасці БДУ.
Прадстаўнічая дэлегацыя БДУ на чале з рэктарам у складзе першага прарэктара Міхаіла Жураўкова, прарэктара па эканоміцыі інвестыцыях Уладзіміра Панарадава, начальніка ГУПЭІД Ірыны Антаневіч і начальніка ГУБУФ Таццяны Каўшэвіч прыбыла ў Маскоўскі дзяржаўны ўніверсітэт яшчэ 24 студзеня. З самай раніцы беларускіх гасцей прыняў рэктар МДУ Віктар Садоўнічы. Гаворка зайшла пра праграму развіцця МДУ, планы па стварэнні тэхналагічнай даліны МДУ «Вараб’ёвы горы», а таксама пра функцыянаванне Фонду развіцця МДУ. У другой палове дня госці наведалі НДІ ядзернай фізікі МДУ, дзе абмеркавалі развіццё ядзернай фізікі і касмічных праграм, у тым ліку дамовіліся пра актывізацыю сумесных прац па распрацоўцы і запуску міжуніверсітэцкага нанаспадарожніка. Затым яны сустрэліся са старшынёй выканкама Еўразійскай асацыяцыі ўніверсітэтаў Аляксандрам Сідаровічам, з якім закранулі пытанні супрацоўніцтва. Госці азнаёміліся з факультэтам біяінфарматыкі і біяінжынерыі МДУ, дзе абмеркавалі сумесныя працы ў сферы біяінфарматыкі і паназіралі за вытворчасцю лекавых сродкаў.
На наступны дзень, 25 студзеня, беларускія госці ўзялі ўдзел у традыцыйнай Боскай літургіі ў Дамавым храме Святой Таццяны, якую правёў Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл. Рэктар БДУ Сяргей Абламейка быў запрошаны на святочную трапезу з патрыярхам. Потым адбылася цырымонія закладкі капсулы новага студэнцкага інтэрната ў будучым гарадку МДУ з удзелам мэра Масквы Сяргея Сабяніна і Віктара Садоўнічага. Прадстаўнікі БДУ наведалі таксама факультэты журналістыкі і псіхалогіі МДУ, дзе абмеркавалі перспектывы супрацоўніцтва.
Увечар на ўрачыстым пасяджэнні, прысвечаным 259-й гадавіне МДУ, рэктар маскоўскай ВНУ акадэмік Віктар Садоўнічы вельмі цёпла прадставіў свайго калегу рэктара БДУ акадэміка Сяргея Абламейку. «У Беларускім дзяржаўным універсітэце працуюць нашы самыя лепшыя сябры. На базе БДУ кожны год праходзяць форумы Еўразійскай асацыяцыі ўніверсітэтаў, форумы творчай і навуковай інтэлігенцыі краін СНД і іншыя разнапланавыя мерапрыемствы», – адзначыў Віктар Антонавіч.
У сваёй падзячнай прамове Сяргей Абламейка падкрэсліў вялікі ўклад Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта ў станаўленне і развіццё БДУ, асабліва вылучыўшы тры этапы: першы – прыезд у Мінск з Масквы першага рэктара БДУ Уладзіміра Пічэты з групай прафесараў, другі – перыяд працы БДУ ў 1943/44 гг. на станцыі Сходня пад Масквой пры непасрэдным удзеле МДУ, і трэці – апошнія 20 гадоў плённага супрацоўніцтва ў складзе Еўразійскай асацыяцыі ўніверсітэтаў, створанай па ініцыятыве МДУ. «Хачу падзякаваць Вам, паважаны Віктар Антонавіч, за тую вялізную ролю, якую Вы іграеце ў развіцці нашай ВНУ і адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь. Віншую ўсіх са святам – Днём расійскага студэнцтва і Днём стварэння МДУ, і ўпэўнены, што мы будзем заўсёды разам – нашы ўніверсітэты і нашы краіны», – заўважыў Сяргей Уладзіміравіч.
На ўрачыстым мерапрыемстве прадстаўнікоў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта цёпла павіншавалі наша знакамітая зямлячка касманаўт Валянціна Церашкова, а таксама віцэ-прем’ер РФ Вольга Галадзец, дэпутат Дзярждумы Уладзімір Жырыноўскі, вядомы палітолаг і дзяржаўны дзеяч Вячаслаў Ніканаў і іншыя ганаровы асобы.
Сяргей ШАФАЛОВІЧ