Экспазіцыя прымеркавана да 60-гадовага юбілею акадэміка.
У яе ўвайшлі навуковыя працы Сяргея Абламейкі, прысвечаныя пытанням развіцця інфарматыкі, а таксама артыкулы пра адміністрацыйную і педагагічную дзейнасць акадэміка. На выставе прадстаўлены найбольш цікавыя навуковыя і навукова-папулярныя працы, манаграфіі, падручнікі, энцыклапедычныя публікацыі, тэзісы дакладаў міжнародных канферэнцый і шэраг іншых матэрыялаў, якія выйшлі ў перыяд з 1979 года і па цяперашні час.
Уся экспазіцыйная літаратура падзелена ў адпаведнасці з жанрава-тэматычным прынцыпам. Пачатак выставы складае частка “Кнігі”, куды ўваходзяць манаграфіі, падручнікі і адукацыйныя дапаможнікі, па якіх сёння вядзецца навучанне студэнтаў у вышэйшых навучальных установах па спецыяльнасцях “Вылічальныя машыны, сістэмы і сеткі” і “Інфарматыка”.
Частка “Часопісы і зборнікі артыкулаў” уключае матэрыялы, апублікаваныя пад рэдакцыяй і пры сурэдактарстве Абламейкі. Працы канферэнцый пад рэдакцыяй акадэміка ўваходзяць у частку “Канферэнцыі”.
“Навуковыя артыкулы” працягваюць тэму навуковай працы акадэміка. Абламейка з’яўляецца аўтарам каля 200 часопісных артыкулаў пра інфармацыйныя і касмічныя тэхналогіі, у тым ліку больш як 50 з іх выйшлі на англійскай мове ў розных міжнародных выданнях. У экспазіцыі адлюстраваны толькі найбольш актуальныя зместава працы.
Часткі “Працы ў галіне навукі” і “Працы ў галіне адукацыі” складаюцца з публікацый, у якіх Сяргей Абламейка прадстаўляе сваё бачанне развіцця айчыннай навукі і адукацыйнай сістэмы. У частцы “Дысертацыі” змяшчаюцца аўтарэфераты дысертацый, абароненых пад кіраўніцтвам і пры кансультаванні акадэміка.
На рахунку навукоўца каля ста сустрэч з прадстаўнікамі розных СМІ. Гэты факт знайшоў адлюстраванне ў тэматычнай рубрыцы “Інтэрв’ю”. На выставе прадэманстравана шырокая падборка газет, часопісаў рэспубліканскіх, расійскіх і замежных СМІ.
Актыўная дзейнасць Сяргея Абламейкі як навукоўца, педагога і адміністратара адлюстравана праз наглядны матэрыял часткі “Фотарэпартажы”.
Завяршае экспазіцыю частка “Літаратура пра С. У. Абламейка”, дзе прадстаўлены публікацыі і кнігі, якія распавядаюць пра рэктара БДУ як выбітную асобу і кіраўніка, навукоўца з сусветным імем.
Выстава будзе працаваць да 5 кастрычніка ўключна па адрасе: вул. Бабруйская, 5а.
Даведка.
Абламейка Сяргей Уладзіміравіч нарадзіўся 24 верасня 1956 года ў гарадскім пасёлку Воранава Гродзенскай вобласці (Беларусь). Вядомы навуковец у галіне інфармацыйных і касмічных тэхналогій, апрацоўкі выяў і распазнаванні вобразаў, доктар тэхнічных навук, акадэмік Акадэміі навук Беларусі, Беларускай інжынернай акадэміі, Еўрапейскай акадэміі, Расійскай акадэміі касманаўтыкі імя К.Э. Цыялкоўскага, Расійскай акадэміі прыродазнаўчых навук, Іспанскай каралеўскай акадэміі дактароў, Еўрапейскай акадэміі эканомікі і кіравання і шэрагу іншых акадэмій. З 31 кастрычніка 2008 года з’яўляецца рэктарам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
Па заканчэнні ў 1978 г. БДУ па спецыяльнасці “Матэматыка” працаваў у Інстытуце тэхнічнай кібернетыкі АН БССР (у наш час Аб’яднаны інстытут праблем інфарматыкі НАН Беларусі) да 2008 г., прайшоўшы шлях ад стажора-даследчыка да генеральнага дырэктара (2002-2008 гг.). Абараніў кандыдацкую (1984 г.), затым доктарскую (1990 г.) дысертацыі.
Пад кіраўніцтвам Сяргея Абламейкі і пры яго непасрэдным удзеле распрацаваны тэорыя, метады і алгарытмы апрацоўкі і распазнаванні графічнай інфармацыі. Фундаментальныя вынікі, атрыманыя ў дадзенай галіне, набылі шырокую вядомасць. На гэтай аснове ў Беларусі сфарміравалася моцная навуковая школа, якая атрымала міжнароднае прызнанне. Абламейка ўнёс значны ўнёсак у развіццё інфарматыкі ў Рэспубліцы Беларусь.
Сяргей Абламейка з’яўляецца аўтарам каля 600 навуковых прац, у тым ліку 23 кніг і падручнікаў, тры з якіх апублікаваны ў ЗША, Англіі, Польшчы. Пад яго рэдакцыяй і пры сурэдактарстве выйшла 42 зборнікі прац, 15 з іх — на англійскай мове. Пад кіраўніцтвам Абламейкі абаронена 10 кандыдацкіх і 3 доктарскія дысертацыі.
У 1998 г. за вялікі ўнёсак у развіццё тэорыі апрацоўкі выяў Сяргей Уладзіміравіч абраны галоўным членам Міжнароднай асацыяцыі па распазнаванні вобразаў (IAPR), затым віцэ-прэзідэнтам (2004-2006 гг.), першым віцэ-прэзідэнтам IAPR (2006-2008 гг.).
Сяргей Уладзіміравіч – ганаровы прафесар шэрагу замежных універсітэтаў, у тым ліку Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя М. В. Ламаносава (2014 г.). Далянскага політэхнічнага ўніверсітэта (2013), Універсітэта Бінь Зыонг (г. Хашымін, В’етнам) (2014).
С. У. Абламейка – член прэзідыумаў НАН Беларусі, Рэспубліканскага савета рэктараў, Еўразійскай асацыяцыі ўніверсітэтаў; старшыня савета па абароне дысертацый пры БДУ.
Сяргей Уладзіміравіч кіраваў шэрагам расійска-беларускіх дзяржаўных праграм навуковых даследаванняў (“Суперкамп’ютары СКІФ” (2002-2004 гг.), “Космас-БР” (2002-2003), “Космас-СГ” (2004-2007), “Космас-НТ” (2008-2010 гг.), “СКІФ-Грыд” (2007-2010 гг.)), а таксама шматлікімі міжнароднымі праектамі; працай па стварэнні Беларускай касмічнай сістэмы дыстанцыйнага зандавання Зямлі (2006-2008 гг.) і шматфункцыянальнай касмічнай сістэмы Саюзнай дзяржавы (з 2008 г.); дзяржаўнай праграмай “Інфарматыка і космас” (2011-2015 гг.).
З 2003 г. Абламейка – намеснік старшыні Нацыянальнага савета па космасе Рэспублікі Беларусь, член камісіі па пытаннях дзяржаўнай навукова-тэхнічнай палітыкі пры Савеце міністраў Рэспублікі Беларусь, Савета па інфарматызацыі пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь і іншых навуковых саветаў.
Абламейка з’яўляецца галоўным рэдактарам часопіса “Веснік БДУ”, намеснікам галоўнага рэдактара часопіса “Вышэйшая школа”, членам рэдкалегій міжнародных выданняў Pattern Recognition and Image Analysis, ICTACT Journal on Image and Video Processing, “Веснік камп’ютарных і інфармацыйных тэхналогій”, “Інфарматыка”, “Нейракамп’ютары”, “Вышэйшая адукацыя ў Расіі”, “Фокус”, Nonlinear phenomena in complex systems і інш.
За актыўную грамадскую і навуковую працу Абламейку ўзнагароджаны медалём Францыска Скарыны (2007 г.), ордэнам Дружбы (2009 г.), медалём Саюзнай дзяржавы “За супрацоўніцтва” (2010 г.), а таксама з’яўляецца лаўрэатам прэміі Ленінскага камсамола Беларусі (1990 г.), Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь у галіне навукі і тэхнікі (2003 г.), прэміі НАН Беларусі за найлепшую навуковую працу (2007), сумеснай прэміі НАН Беларусі і Расійскай акадэміі навук за стварэнне суперкамп’ютараў СКІФ (2010 г.) і інш.
Алена МАРЦУЛЕВІЧ