З чым у вас асацыюецца студэнцкае жыццё ў інтэрнаце? З пельменямі, ралтонам і сасіскамі, скажуць многія, але пра боршч і пірагі ў сценах роднага інтэрната ўзгадае не кожны. Аднак гэта ўсяго толькі чарговы стэрэатып. Сярод нашых студэнтаў існуюць шчырыя гурманы і сапраўдныя кулінарныя майстры. Гэта ў чарговы раз даказаў “Кулінарны конкурс” Студэнцкага гарадка БДУ, які адбыўся 29 верасня на базе інтэрната № 7.
Сёлета ўмовы конкурсу былі глабальна зменены. З дапамогай жэрабя паміж удзельнікамі былі размеркаваны кухні васьмі розных краін і базавыя наборы прадуктаў (курынае мяса, яйкі, сыр, памідоры і г. д.). Задачай каманд было прадставіць кожную кухню найбольш яркімі стравамі (рэцэпты і дадатковыя прадукты на выбар), сервіроўкай стала і эфектным творчым нумарам. На падрыхтоўку страў было вылучана 1 гадзіна 20 хвілін.
У той час як каманды чаравалі ля пліт, гледачы і заўзятары маглі ацаніць творчыя нумары, паўдзельнічаць у інтэлектуальным конкурсе, конкурсе дэгустацыі салат і напояў і зарабіць прызы-ласункі ад спонсараў. Да выканання творчага “хатняга задання” каманды паставіліся з крэатывам і гумарам. Каманда “Плоў Кру” (інтэрнат № 1) прадставіла незвычайны кавер на адну з песень Макса Каржа пра кулінарныя доследы студэнта з Туркменістана з дапамогай гітары, слоікаў, лыжак і іншых “кулінарных прылад”; ад пацешнага грузінскага вяселля каманды “Джон Джолі” (інтэрнат №2) гледачы прыйшлі ў захапленне; каманды “Пряности и страсти” (інтэрнат № 3), “Чубчык кучаравы” (інтэрнат № 7) паспрабавалі адлюстраваць традыцыі Індыі і Украіны ў касцюмаваных танцах; далікатная рамантычная песня ад каманды BellaVita (інтэрнат № 4) перанесла ўсіх у італьянскае кафэ; вясёлыя музыкі ў яркіх строях з каманды “Мексіканская фіеста” (інтэрнат № 11) сыгралі на гітары. А вось паслухаць незвычайныя ўсходнія прыпеўкі пад баян можна было з камандай “Цінь Чуань Цзу”( інтэрнат № 6); каманда “Панскія клёцкі” (інтэрнат № 10) увесь каларыт беларускай кухні паспрабавала перадаць праз чытанне ўрыўка з усім вядомага твора Якуба Коласа “Новая Зямля”.
Яшчэ большае ўражанне на журы і гледачоў вырабіла багацце экзатычных страў і напояў, прадстаўленых камандамі. Запомніць усе іх назвы і рэцэпты за адзін вечар было немагчыма. А вось пазнаёміцца бліжэй з кожнай кухняй і пакаштаваць упадабаныя стравы маглі ўсе госці. Нялёгка было журы вызначыць тройку пераможцаў, бо пра густы не спрачаюцца: кожны кулінарны шэдэўр знайшоў сваіх прыхільнікаў.
Трэцяе месца заняла каманда “чацвёрачкі”, якая прадстаўляла італьянскую кухню. Поспех ёй прынеслі такія стравы, як традыцыйная італьянская піца, лазання і закуска “Вулкан Везувій”.
Другое месца было прысуджана камандзе інтэрната № 6, якая частавала салатай з фасоллю, курыцай з гароднінай і іншымі стравамі па традыцыйных рэцэптах кітайскай кухні. Другі год запар пераможцам конкурсу стала каманда з інтэрната № 7, якая заваявала сэрца кулінарных гурманаў з дапамогай традыцыйных украінскіх страў: баршчу з пампушкамі, галушак са смятанай, гарбуза з неспадзеўкай і сапраўднага сала.
Пераможцы былі ўзнагароджаны салодкімі падарункамі ад студэнцкага гарадка, сертыфікатамі на паход у піцэрыю “Піца Марыа” і кнігамі рэцэптаў.
Сёлета “Кулінарны конкурс” стаў не толькі апетытным і духмяным, але і музычным і шматнацыянальным!
Марыя ШНА
Яшчэ больш фота
Вiдэа глядзіце тут