Самая шматлікая каманда студэнтаў папрацавала над праектам міжнароднага моладзевага форуму «Моладзь. Інтэграцыя. Развіццё», які адбудзецца з 24 па 29 кастрычніка. Прыбылі студэнцкія каманды з 13 краін. Секцыі, трэнінгі, канферэнцыі, а галоўнае – сустрэчы з прадстаўнікамі дзяржаўнай улады, бізнесу, спорту, культуры. Топ-менеджары, кіраванцы, запрошаныя спікеры з буйных кампаній, якія працуюць у Беларусі і за мяжой, абмяркуюць моладзевае прадпрымальніцтва, валанцёрства, інтэрнэт і сацыяльныя сеткі, удзел студэнтаў у кіраванні ўніверсітэтам, развіццё творчай асобы і механізмы міжнароднага супрацоўніцтва ў сферы студэнцкага самакіравання.
У нашага ўніверсітэта ёсць афіцыйная эмблема – «папараць-кветка». А зараз увага: ёсць ідэя адшукаць/стварыць/знайсці той знак, якім студэнты БДУ змогуць ганарыцца, як хакейныя і футбольныя каманды ганарацца сваімі талісманамі. Студактыў разумее, што навязаць нешта падобнае немагчыма, яно з’яўляецца з жыцця студэнцкай сям’і. Так, напрыклад, у радыёфізікаў ёсць грак. А што магло б стаць адзіным і аб’яднаўчым, выбіраць трэба разам. Таму з 26 верасня ў сацыяльных сетках стартаваў конкурс на талісман БДУ. Любы студэнт можа даслаць сваю ідэю, якім павінен быць гэты неафіцыйны талісман-лагатып. 5–7 найлепшых запусцяць на галасаванне. Калі ты хочаш прапанаваць Студэнцкай асамблеі свой цуд, сачы за навінамі ўніверсітэта ў «Твітары» і «УКантакце». Вынікі арганізатары падвядуць да канца кастрычніка, а імя пераможца будзе абвешчана да Міжнароднага дня студэнта.
Хлеба і відовішчаў! Студэнцкая асамблея & Камбінат грамадскага харчавання БДУ (г. зн. усе буфеты і сталовыя) запусцілі конкурс на найлепшы мастацкі малюнак «Як я бачу БДУ». Прымаюцца працы любога фармату да 30 кастрычніка. Аўтарскія палотны з подпісам стваральніка ўпрыгожаць сцены ва ўсіх студэнцкіх сталовых, буфетах і кафэ. Найлепшыя працы па выніках галасавання атрымаюць прызы.
Прафсаюзная арганізацыя студэнтаў БДУ 21 верасня дала старт двум агульнаўніверсітэцкім інтэрнэт-конкурсам: інстаграм-конкурс «95 фота пра БДУ» ў 6 намінацыях і – для аматараў сачыняць – літаратурны конкурс паэзіі і прозы «95 знакаў пра БДУ» на платформе «Твітара» ў дзвюх намінацыях. Найлепшыя конкурсныя працы будуць узнагароджаны 27 кастрычніка на закрыцці юбілейных святаў BSU NIGHT, там арганізуюць прыгожую выставу фотапрац і «літсушку».
BSU NIGHT («Ноч БДУ») пачнецца 27 кастрычніка ў 18.30 на базе Falcon Club («Фалкон клаб») на праспекце Пераможцаў, 20. Вялікая моладзевая тусоўка для ўсіх студэнтаў, магістрантаў, аспірантаў, выпускнікоў і працаўнікоў універсітэта. Плануюцца прэс-канферэнцыі з найлепшымі выпускнікамі БДУ па тэмах: палітыка, культура, шоу-бізнес, спорт. Яшчэ гадзінная прэс-канферэнцыя з хэдлайнерам і сустрэча з кіраўніцтвам. Майстар-класы, шмат зон для розных актыўнасцяў. Святочнай ноччу чакаем запальныя дыджэй-сэты, хэдлайнер – адна з зорак лэйбла Black Star. Кінасеансы будуць бліжэй да раніцы. Скончыцца BSU NIGHT у 5.30 наступнага дня. Асноўная падзея «ночы» – гэта не спевакі і спікеры. Да дня нараджэння зрабілі неардынарную пастаноўку мюзікла пра гісторыю ўніверсітэта з 1921 года і да сёння.
«Школа старастаў» прайшла з 4 па 6 кастрычніка ў «Брыганціне». Гэта ўжо 10-я школа, дзе студэнтаў-старастаў навучалі працы з групамі, вырашэнню канфліктаў, прамоўніцкаму майстэрству і ўся-му, што ім спатрэбіцца ў адказнай працы лідара навучальнай групы.
Яркі і арыгінальны студэнцкі саюз 10 кастрычніка запусціў праект «БДУ ў тваім фармаце». Час для ўдзелу ёсць у кожнага студэнта, бо найлепшыя фота і відэа па розных намінацыях абяруць 1 снежня. На пачатку кастрычніка на факультэтах прайшлі адборачныя «капуснікі», а ўжо 17 лістапада найлепшыя каманды пазмагаюцца на сцэне Ліцэя БДУ ў грандыёзным фінале.
БРСМ БДУ правёў традыцыйны спартыўна-інтэлектуальны конкурс «Кубак першакурсніка». Каманды ваявалі ў «Гаі» на пікетах, а таксама памераліся сіламі ў спартыўных і творчых спаборніцтвах. У творчых нумарах дзеці пафантазіравалі пра тое, што будзе з БДУ праз яшчэ 95 гадоў.
20 кастрычніка ініцыятыўная група студэнтаў БРСМ выправілася з праграмным праектам «Універсітэт – твой крок у будучыню» ў Воранава Гродзенскай вобласці. Асветніцкая місія накіравана на прафарыентацыю старэйшых школьнікаў. У горадзе і ў раёне студэнты наведалі школы, дзе яны распавялі пра БДУ, прэзентавалі яго факультэты, спецыяльнасці, пахваліліся дасягненнямі і натхнілі школьнікаў на выдатную здачу ЦТ і паступленне.
Савет па якасці адукацыі правёў нонстоп-анкетаванне першакурснікаў, спрабуючы дапамагчы пачаткоўцам факультэтаў у адаптацыі. Уварваўшыся з марамі ў доўгачаканую ВНУ, яны не могуць зразумець, кім у далейшым будуць працаваць. Для рашэння гэтай праблемы на факультэтах правялі круглыя сталы, каб усім максімальна зразумела растлумачыць, дзе яны апынуліся і што іх чакае ў найбліжэйшай будучыні.
На хімічным факультэце ўзнік праект «Школа эксперыментатара», дзякуючы якому на працягу двух месяцаў раз у тыдзень праводзіліся выязныя заняткі ў школах і дзіцячых дамах з эксперыментамі і нянуднымі запамінальнымі правіламі тэхнікі бяспекі. Такі праект дапамог стаць другім дыханнем для хімфака, зацікавіць дзяцей хіміяй, школьнікам па магчымасці ліквідаваць прабелы ў ведах, а таксама сабраць будучых абітурыентаў для хімічнага факультэта БДУ.
Упраўленне выхаваўчай працы з моладдзю таксама падрыхтавала некалькі цікавых конкурсаў і акцый, прымеркаваных да дня нараджэння альма-матар. На пачатку кастрычніка быў абвешчаны конкурс на «найлепшую студэнцкую газету» з тэмай «БДУ – 95!». У ім узялі ўдзел рэдакцыйныя калектывы студэнцкіх газет факультэтаў, а таксама выданняў грамадскіх арганізацый і органаў студэнцкага самакіравання. Пераможцы спаборніцтваў будуць названы 28 кастрычніка.
З 18 кастрычніка стартаваў інтэлектуальны анлайн-конкурс «Папараць-кветка БДУ», у якім можа прыняць удзел кожны ахвотнік у адмысловай групе ў сацыяльнай сетцы «УКантакце» – «Online-конкурсы БДУ». Пытанні віктарыны прысвечаны БДУ, яго гісторыі, сучаснаму становішчу, выбітным асобам універсітэта, спартыўным і культурным дзеячам. Частка пытанняў ад рэктарата БДУ, кіраўнікоў падраздзяленняў і студэнцтва публікуюцца ў відэафармаце.
24 кастрычніка ў будынку рэктарата адкрылася «АРТ-выстава БДУ», якая працягнецца 2 тыдні. На выставе будуць прадстаўлены творчыя працы студэнтаў і супрацоўнікаў нашага ўніверсітэта. Працы выкананы ў розных жанрах і тэхніках. Далучайцеся да святкавання Дня народзінаў нашай дзівоснай альма-матар!
Падрыхтавала Дар’я ШУПЕНЬКА