Як я бачу Кітай. У БДУ сустрэлі свята ліхтароў “Юаньсяацзэ”

14 Feb, 2017.

Усходняя ўрачыстасць сведчыць пра заканчэнне традыцыйнага Новага года па месяцовым календары і абвяшчае надыход вясны. Для нашых кітайскіх сяброў “Юаньсяацзэ” – адно з найгалоўнейшых святаў года, таму традыцыйна Рэспубліканскі інстытут кітаязнаўства імя Канфуцыя БДУ ладзіць канцэрт, падчас якога любоў да гэтай старажытнай культуры аб’ядноўвае Беларусь з Паднябеснай.

Чайная цырымонія з удзелам пасла КНР у Беларусі Цуй Цыміна і дырэктара Рэспубліканскага інстытута кітаязнаўства імя Канфуцыя БДУ Анатоля Тозіка

Дзясятага лютага вы б абавязкова затрымаліся ля актавай залы ліцэя БДУ і звярнулі ўвагу на прыемную дзяўчыну, якая дэманстравала асаблівасці чайнай цырымоніі і частавала гасцей духмяным напоем. Пасля дэгустацыі дзве прадстаўніцы краіны-сяброўкі ў нацыянальных кітайскіх сукенках запрашалі на святочны канцэрт. На гэтым прыемныя сюрпрызы не заканчваліся! Сцэна была шчодра ўпрыгожана неад’емным атрыбутам свята – вялікімі чырвонымі ліхтарамі, якія дапамагалі гасцям адчуць атмасферу вялікай урачыстасці і на хвілінку ўявіць сябе падарожнікам старажытнага Кітая.

Першы прарэктар БДУ Алег Івашкевіч заўважыў, што свята ліхтароў – час для сустрэчы з блізкімі людзьмі, таму ў гэтай зале сабраліся разам прадстаўнікі дзвюх краін, паміж якімі сфарміраваліся самыя сяброўскія адносіны. Ён прызнаўся, што “Юаньсяацзэ” адзначаюць у ягонай сям’і, дзе на вячэру будзе прыгатавана “юаньсяа” – традыцыйная святочная страва. Алег Анатольевіч падкрэсліў, што ў апошнія гады адносіны паміж Беларуссю і Кітаем развіваюцца вельмі дынамічна, гэта плённа ўплывае на супрацоўніцтва паміж навучальнымі ўстановамі.

Напрыклад, летась статус узорнага атрымаў Рэспубліканскі інстытут кітаязнаўства імя Канфуцыя БДУ. За падтрымку і давер Алег Івашкевіч падзякаваў Надзвычайнаму і Паўнамоцнаму Паслу КНР у Беларусі Цуй Цыміну, прысутнаму ў зале. Ён у сваю чаргу прызнаўся, што адчувае вялікую радасць ад такіх сустрэч, якія сталі традыцыйнымі ў БДУ. Заўважыў, што адносіны паміж краінамі патрэбна пашыраць, узнімаць на новы ўзровень. Цуй Цымін пажадаў усім здароўя, любові, поспехаў і дабрабыту, а таксама падараваў БДУ вялікі кошык прыгожых кветак.

Канцэртная праграма здзівіла прыемнымі нечаканасцямі. Для гасцей выступалі студэнты і выкладчыкі РІКК БДУ, БДУКМ, а таксама вучні школ і гімназій нашай краіны, дзе вывучаецца кітайская мова. Меладычнасць і лёгкасць, уласцівая кітайскаму мастацтву, заварожвала гледача. Беларуская моладзь цягнулася за сваімі сябрамі і дэманстравала выдатныя веды культуры і мовы Паднябеснай, якая мае 56 нацыянальнасцяў. Напрыклад, дзяўчаткі з дзяржынскай гімназіі падаравалі мангольскі танец з палачкамі. Не засталіся ў баку і народныя матывы: яркі танец з веерамі падрыхтавалі школьніцы з Оршы.

Многія песні, як папярэджвалі вядучыя, мелі філасофскі характар: расказвалі пра сувязь чалавека і прыроды. Парадавалі нумары з выкарыстаннем незвычайных інструментаў. Дуэт прадстаўнікоў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў здзівіў шчыпковым інструментам гучжэн і бамбукавай флейтай.

Студэнты Рэспубліканскага інстытута кітаязнаўства імя Канфуцыя БДУ дэкламавалі для гасцей класічныя і сучасныя вершы кітайскіх аўтараў. Самыя гучныя апладысменты падаравалі нумару, у якім было прадэманстравана мастацтва імгненнай змены масак.

З 2015 года РІКК БДУ праводзіць конкурс дзіцячай творчасці “Як я бачу Кітай”. У гэты раз журы ацаніла больш за 70 работ, аўтары якіх былі ўзнагароджаны падчас сустрэчы. Некаторыя малюнкі і вырабы госці маглі ўбачыць на выставе, размешчанай у холе ліцэя БДУ. Такая вялікая зацікаўленасць моладзі ўсходняй культурай кажа пра цеснае супрацоўніцтва Беларусі і Кітая. Так, сёлета курсы Рэспубліканскага інстытута кітаязнаўства імя Канфуцыя БДУ наведваюць больш за 250 дарослых і дзяцей.

На свяце пабывала
Дар’я НІКАНЧУК
 

Яшчэ больш фота тут

 

print

Вам таксама можа спадабацца: