Сям’я можа быць крыніцай натхнення, упэўнена студэнтка філфака, двойчы маці, сябар Саюза пісьменнікаў і паспяховы арганізатар моладзевых праектаў у БДУ. Як у “КЛУмБы” адраслі “Карані”, чаму другое дзіцятка даецца лягчэй за першае, хто цэнтруе сусвет і дзе ўзяць добрага мужа – пра ўсё распавядае Кацярына Роўда.
Мне хацелася назваць нашу гутарку “Простыя словы, простыя рэчы”, але чым больш думаеш пра тую “простасць”, тым выразней бачыш, што недарма кажуць: дзе проста – там анёлаў процьма…
Карані і клумбы
Праект “Карані” Кацярына прадставіла на конкурсе “Найлепшы моладзевы праект”. За аснову праекта ўзяты клуб аматараў мастацкага слова “КЛУмБа”, што заснаваны пры Фундаментальнай бібліятэцы БДУ. Тут сабраны маладыя пісьменнікі-пачаткоўцы з розных факультэтаў – на пасяджэннях штомесяц збіраецца каля 30 чалавек, адбываюцца сустрэчы з вядомымі пісьменнікамі, выдадзена кніжка твораў маладзёнаў “Кветкавыя ветразі” (2016).
Усе працуюць у розных напрамках, але Кацярына, як адзін з завадатараў “КЛУмБы”, вылучае наступныя агульныя карані, адчувальныя ў творах большасці клумбаўцаў: па-першае, зварот да моўнай і літаратурнай спадчыны беларусаў і, па-другое, зварот моладзі да хрысціянскіх каштоўнасцяў. На “КЛУмБе”, лічыць паэтка, гадуюцца вартыя “кветкі”, якiя ўжо трэцi год прадстаўляюць БДУ на розных знешніх пляцоўках і форумах.
“Мой светлы, хоць і просты, верш”
Чалавекам, які разгледзеў у Кацярыне творчую натуру, была бабуля – яна чытала ўнуччыны вершы, паказвала іх людзям. Вучыла яе прыпевачкам і песням – той крыніцы пракаветнай народнай мудрасці, адкуль чэрпалі найлепшыя нашы майстры слова. Прыгожая вёсачка Савічы, што на беразе Бярэзіны ў Валожынскім раёне, шматдзетныя сем’і мамы і таты, звычайныя рабочыя, два брацікі, аматары да вершыкаў, прыпевак і маленькіх канцэртаў, якія ладзіла іх сястрыца – вось тая няхітрая і мірная атмасфера, у якой гадавалася паэтка. “Бабуліна хата была цэнтрам сусвету, – згадвае Кацярына. – На святы, асабліва на Вялікдзень, збіралася ўся сям’я, дзеці, унукі, праўнукі, проста госцi. І гэта ўтварала пачуццё адзінства, якое засталося і па смерці бабулі”. Сёння, калі можна чуць пра страту сувязі пакаленняў, пра знікненне пашаны да пажылых людзей, раптам так пранізліва гучаць вершы з любоўю да памерлай бабулі: “Ну как ты там? Какое оно, небо? // А ножки? Баб, а ножки не болят? <…> Встречай меня в деревне, как и прежде, // Касаясь плеч холодным ветерком” (“Водар белага наліву”, с. 42). У дэбютны зборнік “Водар белага наліву” сабраны вершы Кацярыны на беларускай і рускай мовах, а гаваркая назва першага раздзела “Мой родны край, маё натхненне” добра акрэслівае тэматыку вершаў: мова, радзіма, маці, сям’я.
Рэдактарам кнігі выступіў Міхась Пазнякоў – старшыня мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, а таксама “хросны бацька” “КЛУмБы”, які быў на першым паседжанні клуба і дасюль падтрымлівае яго ўдзельнікаў на мерапрыемствах. Аўтарка згадвае: “Карэктарскія-рэдактарскія праўкі ў кнізе, канечне, былі, але Міхась Паўлавіч ніколі не закрэсліць, не скажа – вось гэта выкінь, а накіруе, падкажа, адзначыць, што варта было б падправіць, аддасць табе папачку – падумаеш тыдзень-два, сам папрацуеш над сваімі вершамі”. Кацярына друкавалася ў “ЛіМе”, часопісах “Маладосць” і “Белая Вежа”, альманахах “Дзьмухавец” і “Сафія”, неяк падборка друкавалася і ва “Універсітэце”.
— Што даюць публікацыі?
— Ганарары! – смяецца суразмоўца. – Канечне, гэта і новая аўдыторыя, а яшчэ важна, каб пачыталі прафесіяналы.
А зірнуць на літаратуру больш прафесійным зрокам было даўняй марай дзяўчыны – той самай, якая прывяла яе ў свой час з дэкрэту на філфак…
Дзеці вучобе спрыяюць?
Даўней у маскоўскі літаратурны інстытут не бралі без досведу працы – каб маладзёны спярша “хлябнулі” сапраўднага жыцця, а тады ўжо пнуліся ў літаратуру. Кацярына прайшла свае “жыццёвыя ўніверсітэты” – скончыўшы маладзечанскі гандлёвы прафесіянальна-тэхнічны ліцэй, працавала прадаўцом, потым перабралася за мужам у сталіцу і ўладкавалася на ААТ “Керамін”, дзе давялося два гады працаваць лiцейшчыкам. Затым нарадзілася дзіцятка, і Кацярына з галавой сышла ў сям’ю. Ды вершам, што пісала з 5 класа, не ляжалася ў стале, і вабіў філфак БДУ. У дэкрэце і пачала рыхтавацца да паступлення ва ўніверсітэт: “Дзе малога вучыла, а дзе і сама штосьці падчытвала”. Хацелася зірнуць на літаратуру на новым узроўні, займацца любімай справай, і не ў якасці хобі, а больш сур’ёзна. Не ў гандлі бачыла сябе, а ўсё ж бліжэй да літаратурна-рэдакцыйнай дзейнасці – бліжэй да кнігі, да слова, каб “і сваё жыццесцвярджальнае слова таксама пакінуць у гісторыі”. Калі сынку споўнілася тры гады, паступіла (у 2009 г.). А на 4 курсе нарадзілася дачушка. І хаця, як адзначае Кацярына, дзеці заўсёды чаканыя, а тым больш у сям’і і ў каханні, другое дзіцятка атрымалася своеасаблівым сюрпрызам на Каляды: “Спярша мяне трошкi калаціла, думала, што не скончу вучобу, бо памятала, як напружана прайшоў першы дэкрэт. А Палінка яшчэ ў жывоціку пабывала і на сесіях, і на ўсемагчымых імпрэзах, літаратурна-музычных вечарынах, і ў яе склаўся творчы падыход да матчынай дзейнасці: можа застацца і з татам, адпусціць мамку папрацаваць і парадавацца, і з бабуляй, якой хапае цярпення і здароўя прыязджаць і дапамагаць. З другім дзіцём усё лягчэй, і маральна – усё вядома, і фізічна – дапамагаюць больш. З Алёшкам была ўся ў сям’і, а цяпер і студэнтка, і які-ніякі паэт, і грамадскай дзейнасцю занятая. Сваякі падтрымліваюць, і ад гэтага лягчэй. Безумоўна, іншы раз бывае складана, здараецца раззлавацца, пакрыўдзіцца. Але, паглядзеўшы ў гэтыя маленькія прыгожыя вочкі, якія таксама хочуць лішнюю хвілінку цябе затрымаць, каб абняць, пашкадаваць, а не проста адцягнуць момант паходу ў школу, разумееш – усё не складана. Аднаго адводзіш у школу, другая засынае… Здаецца – столькі зробіш, столькі зробіш, а пачынаеш рабіць – ужо і засумуеш. Пачнеш пісаць верш – а верш-та пра іх. Ніводнай хвіліны не пашкадавала, што паступіла на філфак. Такая колькасць вартых выкладчыкаў, такі матэрыял цікавы – ад гэтага немагчыма адвярнуцца”.
Чалавека вызначае не толькі яго мінулае, але і мары – скіраванасць у будучыню. Для Кацярыны галоўнае – гэта здаровая шчаслівая сям’я. І апірышчам гэтага шчасця з’яўляецца муж – той, якому таксама прысвечаны пранізлівыя радкі дэбютнага зборніка, такія безабаронныя ў сваёй простай шчырасці: “Любимый мой, у нас с тобою дети!” (“Водар…”, с. 38). Так, паэты як дзеці: здзіўляюцца шараговым, здаецца, рэчам, да якіх прымільгалася вока, і нас вымушаюць здзіўляцца разам з імі – бо, аказваецца, і паўсядзённасць скрозь прасякнута цудам. А з мужам, дарэчы, пазнаёміліся на вясковых танцах – хлопец наязджаў з горада, наведваў бабулю на вёсцы, ды неўзабаве пачаў прыязджаць ужо да дзяўчыны: “Гэта было каханне з першага позiрку… Не жадалi губляць хвiлiнкi, якiя маглi праводзiць разам. Мне было ўсяго 18, яму – 22. Вырашылі: калі жыць – дык толькі разам. І ўжо праз шэсць месяцаў так i зрабiлi…”
Як майстар шукаць карані, Кацярына вылучыла і ў сям’і тое, што сілкуе дрэва шчасця: гэта найперш вера, затым памяць пра блізкіх – і тых, хто засталіся дома, і тых, хто пайшлі “на здабычу” штодзённага хлеба, і тых, каго ўжо няма: “[Варта жыць], каб тваім папярэднікам было цікава цябе пачуць-убачыць, і каб тыя, каго ўжо няма, глядзелі з хмаркі і думалі: дзякуй Богу”. Вось у такой сям’і будуць нараджацца шчаслівыя дзеці. А калі такіх сем’яў будзе паболей – то і будзе ўсё ў Беларусі добра, і будзе “мір ва ўсім свеце і здароўе ўсім, каго ведае і каго не ведае”.
Падрыхтавала Маргарыта АЛЯШКЕВІЧ
Кацярына Роўда (творчая аўтабiяграфiя)
Першы творчы поспех прынёс лiтаратурны конкурс сярод студэнтаў БДУ “Славянскi калейдаскоп” (2014), дзе стала лаўрэатам адразу ў трох намiнацыях. У тым жа годзе на базе ФБ БДУ быў створаны клуб аматараў мастацкага слова “КЛУмБа”, якi стаў творчай пляцоўкай для студэнтаў унiверсiтэта, у тым лiку i Кацярыны. Значны ўплыў аказала асабiстае знаёмства з сучаснымi прызнанымi пiсьменнiкамi М. П. Пазняковым, А. М. Зэкавым, В. А. Шнiпам i iншымi выдатнымi аўтарамi, парады, падтрымка, майстар-класы i ўласна творчасць якiх сталi штуршком для яе творчай самарэалiзацыi. Лаўрэат конкурсу “Славянскi калейдаскоп” 2014-2016 гг., заняла 1 i 3 месцы ў рэспублiканскiм конкурсе лiтаратурнай творчасцi cтудэнтаў устаноў вышэйшай адукацыi “Афтограф-2016” (у межах фестывалю “Артвакацыi–2016”). Лаўрэат рэспублiканскага конкурсу “Таленты Беларусi”. Фiналiстка рэспублiканскага конкурсу “Брамамар” (2016). Друкавалася ў часопiсах “Маладосць”, “Белая Вежа”, “Вожык”, у газетах “ЛiМ”, “Унiверсiтэт”, “Працоўная слава”, альманахах “Дзьмухавец” i “Сафiя”. Аўтар зборнiка вершаў “Водар белага налiву” і калектыўнага зборнiка “Кветкавыя ветразi” клуба аматараў мастацкага слова “КЛУмБа”.
З 18 cтудзеня 2017 — член Саюза пicьменнiкаў Беларусi.