Сем гадоў таму ў Інстытуце журналістыкі нарадзіўся цікавы праект, без якога ўжо цяжка ўявіць жыццё ўстановы. Кожны раз “Дзень роднай мовы на журфаку БДУ” меў адмысловую тэматыку і насычаную праграму. З цягам часу ён заваяваў сэрцы многіх студэнтаў і выкладчыкаў, а ў мінулым годзе і прадстаўнікоў журы “Найлепшага моладзевага праекта БДУ”. З ганаровым тытулам пераможцы ў намінацыі “Факультэт” праект сустрэў 2017 год, у якім заклікаў сваіх удзельнікаў знайсці асабісты сімвал нацыянальнага арнаменту.
На працягу мінулага тыдня на журфаку панавала асаблівая неверагодная атмасфера! Тут танцавалі і спявалі, удзельнічалі ў гульнях і спаборніцтвах, частаваліся дранікамі і па-сяброўску абдымаліся, нават “сваталіся” да нявесты-прыгажуні і, канечне, размаўлялі толькі па-беларуску. Калі вы не паспелі завітаць на свята, то зараз разам адправімся на шчырую размову з любімымі выкладчыкамі, станем удзельнікамі гульні “Хуткія спатканні”, а таксама абавязкова трапім на доўгачаканую вечарыну “Сватанне”.
Галоўнымі гасцямі традыцыйнай сустрэчы з выкладчыкамі Інстытута журналістыкі пад назвай “Лад жыцця” на гэты раз сталі кандыдаты філалагічных навук дацэнты Дзмітрый Драздоў і Інга Воюш, а таксама малады педагог-аспірант Вікторыя Пяткевіч.
Дзмітрый Мікалаевіч распавёў пра свой вопыт работы са студэнтамі. Ён прызнаўся, што журналісты заўжды творча падыходзілі да выканання заданняў. Выкладчык успомніў, як да заняткаў ягоныя навучэнцы складалі нават вершы і прыдумвалі песні, не баючыся раскрыць сябе і свой талент. Гэта дапамагала паверыць у свае сілы, развіваць здольнасці і тварыць. А тварыць журналіст павінен кожны дзень! Дзмітрый Мікалаевіч заўважыў, што многія сучасныя студэнты не ахоплены вялікай апантанасцю да журналісцкай справы. У кожнага на гэта могуць быць свае прычыны, але калі вы ўсё ж такі цвёрда вырашылі прыйсці ў свет журналістыкі, то пакіньце ў ім асабісты незабыўны след.
Вікторыя Міхайлаўна расказала, як вырашыла стаць выкладчыкам і чаму вядзе заняткі на беларускай мове. Яна прызналася, што родная мова адпавядае яе ўнутранаму стану. Менавіта мова дапамагае зразумець, які чалавек перад намі. Вікторыя заўважыла, што наша мяккае роднае слова дапамагае заставацца спакойнай і ўраўнаважанай. Выкладчыца лічыць, што беларуская мова зусім не падыходзіць для сварак, а створана для шчырасці і пазітыву.
Інга Дзмітрыеўна гаварыла пра сваю даўнюю сувязь з беларускай мовай і пра шчырую любоў да яе. Успамінала, як яшчэ ў дзяцінстве мілагучнасць роднага слова чула ў бабулі на Віцебшчыне. Як у школе на ўроках беларускай літаратуры адзіная дэманстравала добрае валоданне роднай мовай. Як пасля гады вучобы спачатку ў педвучылішчы, а пасля ў БДПУ імя М. Танка таксама былі цесна звязаны з ёй. Выкладчыца нагадала пра Закон аб мовах, які ўдыхнуў у краіну новае жыццё, успомніўшы падзеі таго часу. Апошнія дзесяць гадоў Інга Дзмітрыеўна не карыстаецца ў такой жа меры роднай мовай, бо выкладае дысцыпліны звязаныя і з рускай гісторыяй, але не ў якім разе не страчвае любові да роднага слова. “З нашай мовай будзе ўсё добра, галоўнае, каб мы хораша да яе ставіліся”, – з упэўненасцю заўважыла выкладчыца.
Удзел у гульні “Хуткія спатканні” даваў магчымасць не толькі пагутарыць па-беларуску на розныя тэмы, але і знайсці новых знаёмых і сяброў. Таксама гэта была выдатная практыка для будучых журналістаў ва ўменні хутка знаходзіць кантакт з іншымі людзьмі. Па чарзе мяняючы напарніка размовы, удзельнікі ў межах ста секунд абмяркоўвалі самае асабістае. Прапанаваныя тэмы былі рознымі: кнігі, фільмы, ежа, падарожжы, жаданні. Гульню праводзіў першакурснік Ягор Ярмачонак, які пасля падзяліўся сваімі ўражаннямі:
– Упершыню прымаў удзел у свяце, таму, канечне, адчуваў хваляванне. Рады, што да мяне на гульню завітала шмат ахвотнікаў, але вялікая адказнасць дадавала крыху няўпэўненасці. Пасля асмялеў, калі заўважыў, што студэнты з ахвотай уключыліся ў размову і знайшлі кантакт са сваімі напарнікамі. Для мяне гэта быў добры вопыт, таму жадаю і далей актыўна дапамагаць у падрыхтоўцы свята.
Крыху больш за гадзіну заставалася да пачатку самага галоўнага мерапрыемства ў рамках Дня роднай мовы – святочнай вечарыны “Сватанне”. Пакуль каманда арганізатараў наладжвала апаратуру, а выканаўцы былі занятыя апошнімі рэпетыцыямі сваіх музычных нумароў, задала некалькі пытанняў кіраўніку свята Андрэю Талерчыку.
– Чаму на гэты раз для свята быў узяты менавіта такі слоган – “Абяры свой сімвал”?
– Сімвалам Дня роднай мовы сёлета з’яўляецца беларускі арнамент ва ўсіх сваіх формах і праявах. Мы хацелі, каб кожны ўдзельнік свята знайшоў той сімвал, які яму больш пасуе, і добра ўсвядоміў, што ён абазначае. Апошнім часам многія носяць вышыванкі, стужачкі з арнаментам, але не да канца разумеюць, што гэта такое. Мы хочам данесці гэтае разуменне тым, хто прыйдзе на наша свята.
– Што асаблівага ў праграме гэтага года?
– З’явіўся новы курс “Мова на кожны дзень”. Ён скіраваны на тое, каб узняць цікавасць моладзі да беларускай мовы, паказаць, што ёй можна карыстацца ў паўсядзённым жыцці ў самых розных сітуацыях. За курс адказваю я, таму на першых “занятках” прэзентаваў серыю невялікіх апавяданняў, дзе выкарыстоўваліся цікавыя беларускія словы. На другіх распавёў пра традыцыйныя беларускія стравы. Тэма цікавая, але забытыя, многім зусім невядомая. Часта лічаць, што беларуская кухня – гэта толькі бульба ды дранікі. Карацей, з бульбы – хлеб і з бульбы – каша. Насамрэч гэта зусім не так. Наша кухня даволі старажытная, у ёй ёсць разнастайныя стравы. Напрыклад, верашчака, пячыста, мачанка і многа іншых. Пакуль рыхтаваўся, перагледзеў шмат матэрыялаў у кнігах і інтэрнэце.
– Што лічыш разынкай свята?
– Мы з вялікай павагай ставімся да Дня роднай мовы і робім так, каб усе мерапрыемствы ў рамках свята былі цікавыя і карысныя. Адзначу, што кульмінацыяй, безумоўна, з’яўляецца вечарына. Сёння ў яе незвычайная канцэпцыя. Падчас вечарыны будзе праходзіць сватанне. Мы хацелі нагадаць пра гэтую беларускую традыцыю і звярнуць увагу менавіта на наш нацыянальны абрад. Прыйдуць жаніх, нявеста, свацці – усё як мае быць. Гасцей парадуюць выступоўцы-студэнты, а таксама запрасілі саліста гурта “Рэха” Андруся Такінданга. Будуць абвешчаны пераможцы конкурсу малюнкаў, якія можна ўбачыць у холе, дзе праходзіць вечарына. Аўтары найлепшых работ атрымаюць салодкі прыз – торт.
Акрамя студэнтаў, завіталі на вечарыну і выкладчыкі. Кандыдат філалагічных навук дацэнт Пётр Пятровіч Жаўняровіч прэзентаваў студэнтам сваю кнігу, якая зусім нядаўна пабачыла свет.
– Думаю, што гэты “Даведнік па літаратурнай праўцы” будзе карысным не толькі для журналістаў, а для ўсіх аўтараў, для тых, хто працуе з беларускай мовай. Для таго, каб ваш тэкст даходзіў да чытача, нёс пэўнае ўражанне, безумоўна, ён павінен мець адпаведную ўладкаванасць. Такая кніга на Беларусі першая, спадзяюся, будуць і перавыданні, якія дапоўняць яе.
Павіншаваць студэнтаў прыйшоў таксама доктар філалагічных навук прафесар Віктар Іванавіч Іўчанкаў. Ён адзначыў, што Дзень роднай мовы адзначаецца ў краіне ўжо сямнаццаты раз. Выкладчык заўважыў, што кожны ўспрымае свята па-свойму, знаходзіць у ім нейкае асабістае значэнне, але заўжды гэта звязана з родным словам. Ён пажадаў усім прысутным мацаваць беларускае слова, шанаваць, любіць яго і гаварыць на ім.
Тым часам паміж нашымі даражэнькімі сваццямі, з вобразамі якіх цудоўна справіліся студэнткі Марта Кудзіна і Вольга Пірог, разгарэлася спрэчка. Спачатку трэба было высветліць, ці сапраўды з сур’ёзнымі намерамі завітаў хлопец да дзяўчыны? Ці кахае яе? Ці хуткі розум ды працавітыя рукі мае? Каб пераканаць сваццяў у тым, што маладыя павінны быць разам, на дапамогу жаніху (Яну Багдановічу) і нявесце (Вераніцы Соніч) прыйшлі ўсе ўдзельнікі свята.
Што госці толькі ні рабілі! Вадзілі карагоды і танцавалі польку, спаборнічалі ў хуткасці і запіхвалі ў рот абаранкі, гулялі ў “ручаёк” і падпявалі беларускія песні. Музычныя нумары падаравалі Лідзія Заблоцкая, Кірыл Карабан, Аляксандр Лапуцько, Уладзіслаў Музачэнка, Анжаліка Пушнова і іншыя. Таксама на вечарыне дзяўчаткі з творчай студыі “МІМ-ВSU” радавалі гасцей боды-артам, галоўнымі элементамі якога сталі разнастайныя сімвалы нацыянальнага арнаменту. Абяцаны торт атрымалі пераможцы конкурсу малюнкаў – Дар’я Траяноўская і Лізавета Маслоўская.
Скончыўшы ўсе спаборніцтвы і праверкі, свацці нарэшце вырашылі пасябраваць і дазволіць маладым ажаніцца. Пасля такіх добрых навін госці дружна спявалі разам з салістам гурта “Рэха” Андрусём Такіндангам і частаваліся смачнымі дранікамі са смятанай.
На працягу ўсёй вечарыны побач са сваімі студэнтамі быў кандыдат філалагічных навук дацэнт Фёдар Валянцінавіч Драбеня, якому ўдалося падчас святочнай сустрэчы заўважыць самае галоўнае:
– Было вельмі душэўна, па-сяброўску, па-журфакаўску. Спаборніцтва, хто больш запіхне ў рот абаранкаў, “ручаёк”, конкурсы, танцы… Усё добра! З аднаго боку, шкада, што людзей было не шмат, а з другога, прыйшлі толькі тыя, каму гэта насамрэч цікава і патрэбна, хто імкнуўся да гэтай падзеі, хто сапраўды сябруе паміж сабой і знаходзіцца на адной хвалі. Кожнае свята павінна аб’ядноўваць. Мы змаглі аб’яднаць тых, хто любіць мову!
На свяце пабывала Дар’я НІКАНЧУК
Відэа: