Невялікая Славакія мае багатую і насычаную падзеямі гісторыю, з’яўляецца радзімай многіх знакамітых людзей і можа прапанаваць сваім гасцям поўны турыстычны набор з багатай экскурсійнай праграмай, гарналыжным і экстрэмальным спортам, а таксама аздараўленнем на шматлікіх тэрмальных крыніцах. Акрамя таго, ў гэтай краіне існуе велізарная колькасць адукацыйных магчымасцяў. Адной з іх скарысталася студэнтка трэцяга курса славянскай (руская і славацкая мовы) філалогіі Вікторыя Шчаглова.
Віка ўдзельнічала ў стажыроўцы, якая праводзілася на базе ўніверсітэта Яна Амаса Коменскага ў горадзе Браціслава. Па словах дзяўчыны, стыпендыю яна атрымала ад Міністэрства адукацыі, навукі, даследаванняў і спорту Славацкай Рэспублікі. “Кожны год на факультэт дасылаюць запрашэнні на стажыроўку, як правіла, для трох чалавек, – распавядае Віка, – і выкладчыкі спачатку пытаюць, хто хоча паехаць, а потым з ахвотнікаў выбіраюць шчасліўчыкаў. Звычайна акадэмічная паспяховасць грае вырашальную ролю пры адборы стыпендыятаў. Стажыроўка доўжылася тры тыдні, з 31 ліпеня па 20 жніўня 2016 года”.
Дні, праведзеныя ў Славакіі, былі для Вікі вельмі насычанымі. “Дзень праходзіў такім чынам: у 9 раніцы пачыналіся заняткі, спачатку на працягу дзвюх пар мы займаліся славацкай мовай. Дарэчы, у першы дзень стажыроўкі выкладчыкі правялі для нас тэст і сумоўе, каб даведацца наш узровень валодання мовай, таму моўныя групы былі рознаўзроўневыя, да таго ж улічваліся нашы пажаданні па кірунках заняткаў – я, да прыкладу, рабіла ўпор на размоўную практыку. Пасля гэтых урокаў мы сыходзілі на перапынак на абед, а потым спяшаліся яшчэ на дзве пары, – дзеліцца Віка. – Потым нас чакала насычаная культурная праграма, кожны вечар праходзіў абсалютна па-рознаму: былі ў нас і вечар нацыянальных кухняў краін-удзельніц, славацкай народнай і сучаснай музыкі, паходы ў кіно і тэатр – усяго не пералічыць. За некалькі дзён да заканчэння стажыроўкі лекцыі змяніліся гурткамі па інтарэсах: музыка, кіно, літаратура, тэатр і г. д. А яшчэ мы нацешыліся ўсімі прыгажосцямі Славакіі падчас трохдзённай экскурсіі па краіне!”
Што да непасрэдна навучальнага працэсу і выкладчыкаў, Віка запэўнівае, што займацца было неверагодна цікава, лектары праводзілі заняткі з выкарыстаннем сучасных методык, больш за тое, з імі было лёгка і прыемна камунікаваць, абсалютна не адчувалася розніца ва ўзросце і статусе, і наогул, арганізатары праграмы заўсёды лёгка ішлі на кантакт і як маглі дапамагалі юным славакістам.
“Самы вялікі плюс стажыроўкі, – падагульняе Віка, – гэта магчымасць пазнаёміцца з людзьмі з 33 іншых краін. Мы ўсе такія розныя, але славацкая мова нас аб’ядноўвае. Гэта неверагодна! Пасля паездкі ў Славакію я зразумела, што для нас няма нічога немагчымага, увесь свет адкрыты, галоўнае – умець гэтым скарыстацца”.
Надзея ДЗЯМІДКА