За 95 гадоў дзейнасці Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт даў пуцёўку ў жыццё 160 тысячам маладых спецыялістаў, у тым ліку больш чым 7 тысячам для іншых краін. З цягам часу многія з выпускнікоў БДУ выраслі ў выбітных выкладчыкаў, навукоўцаў, грамадскіх дзеячаў, буйных кіраўнікоў і прадпрымальнікаў. Шмат хто з іх атрымаў прызнанне не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі.
Павел ЛАТУШКА,
Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Францыі, Іспаніі і Партугаліі, пастаянны прадстаўнік Беларусі пры ЮНЕСКА
Выпускнік юрыдычнага факультэта 1995 г.
– БДУ з’яўляецца прэстыжнай установай адукацыі. Багатыя традыцыі, прафесарска-выкладчыцкі склад, новыя тэхналогіі дапамагаюць працаваць у адпаведнасці з патрабаваннямі сучаснасці. Сёння ўніверсітэт сапраўды можа ганарыцца сваёй слаўнай гісторыяй, унікальнымі навуковымі распрацоўкамі, імёнамі сваіх выпускнікоў. Вялікі ўклад БДУ ў развіццё Беларусі. Выпускнікі альма-матар заклалі фундамент у вывучэнне пытанняў гісторыі і зараз працуюць на карысць нацыянальнай культуры.
Аўтарытэт БДУ нязменна высокі і ў Беларусі, і далёка за яе межамі, а дыплом – сведчанне грунтоўнай прафесійнай падрыхтоўкі.
Лілія АНАНІЧ,
міністр інфармацыі Беларусі
Выпускніца факультэта журналістыкі БДУ 1982 г.
– БДУ – вядучая вышэйшая навучальная ўстанова нашай краіны, адна з «візітных картак» Беларусі. Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт заўсёды быў у авангардзе грамадскага і навуковага жыцця.
За 95-гадовую гісторыю ў БДУ сфарміраваліся аўтарытэтныя навуковыя школы, выраслі спецыялісты з сусветным імем. Агульнавядомымі сталі іх даследаванні тэарэтычных і прыкладных праблем у галіне матэматыкі, фізікі, хіміі, біялогіі, навук аб Зямлі, гуманітарных і сацыяльных навук.
Папулярызацыя ўніверсітэцкіх ведаў – важная частка інфармацыйнай прасторы Беларусі.
Святлана АЛЕКСІЕВІЧ,
лаўрэат Нобелеўскай прэміі ў галіне літаратуры
Выпускніца факультэта журналістыкі 1972 г.
Беларуская пісьменніца, аўтар нашумелага цыкла «Галасы Утопіі» і шэрагу кніг, перакладзеных на 19 моў свету.
Кожная з тэм у яе творчасці вострасацыяльная і выклікае мноства няскончаных дыскусій. Працягваюць ставіцца п’есы па матывах кніг Алексіевіч, здымаюцца як дакументальныя, так і мастацкія фільмы, а яна не перастае пісаць: вядома, што цяпер вядзецца праца над кнігай «Цудоўны алень вечнага палявання», якая ў гэты раз складаецца з аповедаў пра каханне – усё-такі Алексіевіч, як бы там ні было, застаецца проста жанчынай.
Цікавы факт: каля пятнаццаці гадоў таму Святлана Аляксандраўна ахвяравала Фундаментальнай бібліятэцы БДУ, а канкрэтна аддзяленню факультэта журналістыкі, тысячу долараў. Вядома, такая сума пераводзілася не адразу, а часткамі. У выніку за гэтыя грошы былі купленыя больш як трыста кніг. Некалькі кніг на нямецкай і шведскай мовах падарыла сама Алексіевіч.
Віктар БАБАРЫКА,
старшыня праўлення ААТ «Белгазпрамбанк»
Выпускнік механіка-матэматычнага факультэта 1988 г.
– Універсітэт прайшоў слаўны шлях у 95 гадоў, быў сведкам розных эпох. Але зараз нават для чалавека 95 гадоў не ўзрост адпачынку, а час тварэння і творчасці. Для ўніверсітэта гэта тэрмін прыняцця выклікаў глабальнай трансфармацыі. Наша alma mater ва ўсе часы вылучалася здольнасцю гадаваць таленты, здольныя сістэмна вырашаць задачы, вучыць комплекснаму падыходу да ведаў, развіваць шырокі погляд на прыроду свету. Я жадаю, каб сёння, у эпоху цывілізацыйнага зруху і новых мабільнасцяў, Белдзяржуніверсітэт не кансерваваў свае традыцыі і дасягненні, а даваў слухачам уменні, веды і прылады адаптацыі і спазнання гэтага новага свету.
Сяргей ГВАРДЗЕЙЦАЎ,
заснавальнік кампаніі «Ітранзішн»
Выпускнік факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі 1996 г.
– ФПМІ – не толькі аснова ўсіх ведаў і ўменняў, атрыманых мной у галіне матэматыкі і інфарматыкі, але часта і крыніца новых ідэй для стварэння новага ў любой галіне: у прыкладной матэматыцы, у ІТ-сферы, у навуцы, у бізнесе. Так стваралася і мая кампанія – усё пачыналася з навучальнага курса для «прасунутых» студэнтаў, потым на гэтай аснове быў створаны калектыў, які паклаў пачатак існаванню «Ітранзішн». Зараз гэта вельмі паспяховая кампанія, якая працягвае актыўнае супрацоўніцтва з ФПМІ і бачыць у гэтым адзін з фактараў свайго поспеху. Разам з факультэтам мы пабудавалі некалькі лабараторый, распрацавалі навучальныя курсы, спрыяем развіццю студэнцкага руху ў алімпіядах і навуковай творчасці, а таксама далейшаму працаўладкаванню выпускнікоў.
Віктар КІСЛЫ,
прэзідэнт кампаніі Wargaming.net
Выпускнік фізічнага факультэта 2001 г.
Летась Bloomberg прызнаў Віктара Кіслага доларавым мільярдэрам. Яго мільярд зароблены галоўным чынам кампаніяй Wargaming.net, якую мы ведаем па камп’ютарнай гульні World of Tanks. У адным інтэрв’ю Віктар Кіслы адзначыў ролю адукацыі ў сваім поспеху.
– Пасля развалу Савецкага Саюза было модна ісці ў наргас. Тады лічылася: атрымліваеш адукацыю бухгалтара і потым робіш свой бізнес. А мне бацька растлумачыў, што бухгалтараў і адміністратараў у нашай краіне хапае. А вось каб думаць галавой, прыдумляць, ствараць – трэба ісці ў БДУ. Аглядаючыся назад, магу сказаць, што шмат людзей, якія заснавалі Wargaming, па адукацыі менавіта фізікі, хімікі, радыёфізікі, матэматыкі. Адукацыя вельмі дапамагла нам у сэнсе мадэлявання і інш.
Максім РЫЖАНКОЎ,
першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі
Выпускнік юрыдычнага факультэта БДУ 1994 г.
Максім Рыжанкоў кар’еру пачаў будаваць па дыпламатычнай лініі. З 1994 г. ён працаваў у цэнтральным апараце МЗС.
«Быў 93-ці год, ішло станаўленне беларускай дзяржаўнасці. Адчуванне адзінай дыпламатычнай сям’і, поўнай навізны, калі ўсе працавалі начамі напралёт, каб падрыхтаваць першы ў тваім жыцці візіт, першы дакумент, першае пагадненне. Я вельмі моцна заразіўся гэтым і ні разу потым не пашкадаваў», – успамінаў Рыжанкоў.
У 1996 г. ён стаў супрацоўнікам пасольства Беларусі ў Ізраілі. А ў 2003-2005 гг. працаваў у пасольстве ў Варшаве. Восенню 2012 года яго прызначылі памочнікам прэзідэнта па пытаннях спорту. Праз некаторы час ён стаў віцэ-прэзідэнтам у Нацыянальным алімпійскім камітэце, які ўзначальвае сам кіраўнік дзяржавы.
З’яўляецца адным з распрацоўшчыкаў Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь і каментароў да яе.
Аляксандр МАШЭНСКІ,
генеральны дырэктар СП «Санта IмпэксБрэст»
Выпускнік механіка-матэматычнага факультэта 1992 г.
– Вызначальным для мяне пры паступленні на мехмат стала тое, што мяне будуць вучыць высокапрафесійныя выкладчыкі. У мяне не было сумненняў, што я атрымаю якасную адукацыю.
Мне сапраўды пашанцавала, што гады вучобы прайшлі менавіта тут, дзе базавыя дысцыпліны, спорт і зносіны даюць магчымасць фарміраваць сябе не толькі як прафесіянала, а таксама як асобу. Атрыманыя падчас вучобы навыкі дапамаглі мне дасягнуць поспехаў у бізнесе.
У сваім жыцці я сустракаю шмат паспяховых людзей, моцных кіраўнікоў, выдатных лідараў, прычым сярод іх значную долю складаюць выпускнікі мехмата БДУ.
Максім МІРНЫ,
алімпійскі чэмпіён па тэнісе ў міксце, пераможца 50 турніраў АТР
Выпускнік факультэта міжнародных адносін 1988 г.
Выбітны беларускі тэнісіст, заслужаны майстар спорту. Адзін з найлепшых гульцоў у парным разрадзе ў гісторыі сусветнага тэніса.
– З вялікай прыязнасцю адчуваю сваю прыналежнасць да галоўнай ВНУ Беларусі! Хачу выказаць падзяку ўсім выкладчыкам ФМА, а таксама кафедры міжнароднага права, дзе мне пашчасціла атрымаць сваю спецыяльнасць і пазнаёміцца з найлепшымі педагогамі нашай краіны. Я атрымаў добрую адукацыю, якая вельмі дапаможа мне ў пасляспартыўным жыцці.
Нам сапраўды ёсць чым ганарыцца, бо Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт выхаваў і падрыхтаваў не адну плеяду годных грамадзян і высакакласных спецыялістаў.
Дзмітрый ТАЛАПІН,
прафесар Чыкагскага ўніверсітэта (ЗША)
Выпускнік хімічнага факультэта БДУ 1996 г.
– БДУ закладвае фундаментальную базу, якая дазваляе выпускнікам знаходзіць месца ў сучасным свеце. У маім выпадку адукацыя, атрыманая на хімфаку БДУ, выдатна дапамагала паспяхова працаваць у найлепшых універсітэтах і навуковых цэнтрах Германіі і ЗША. Якасць адукацыі наўпрост звязана з узроўнем прафесарска-выкладчыцкага складу. Падкрэслю важную ролю міжнароднай калабарацыі, якая з’яўляецца ключавым элементам прафесійнага поспеху сусветных навуковых школ.
Андрэй РОГАЧ,
загадчык кафедры фатонных матэрыялаў, дырэктар Цэнтра функцыянальнай фатонікі (Універсітэт Ганконга, Кітай)
Выпускнік хімічнага факультэта 1991 г.
Адзін з найбольш аўтарытэтных навукоўцаў у галіне нанаматэрыялаў. Цяпер займае 8 месца ў свеце па цытуемасці работ у галіне хіміі і фізікі наначасціц.
– Мой універсітэт даў мне бездакорную адукацыю. Цэлая плеяда выдатных навукоўцаў, якія выкладаюць на хімічным факультэце БДУ, прышчапілі ўсім нам трывалыя веды, якія дапамагалі, дзе б мы ні працавалі пазней. Нават нанахімічная тэматыка, якая прадвызначыла ўсю маю будучую прафесійную кар’еру, была прапанаваная маім навуковым кіраўніком і сапраўдным празорцам акадэмікам В. В. Свірыдавым яшчэ тады, калі такая навука, па сутнасці, яшчэ не існавала.
З уласных крыніц