БДУ на TIBO–2017: “Пціч-М”, “Каліброўка”, ID-карты і трыбафатыка

19 Apr, 2017.

З 18 па 21 красавіка праходзіць XXIV Міжнародны спецыялізаваны форум па тэлекамунікацыях, інфармацыйных і банкаўскіх тэхналогіях TIBO–2017. Сярод удзельнікаў – прадстаўнікі Белдзяржуніверсітэта. Наведнікам выставы прапануецца інфармацыя па больш чым 30 навукова-тэхнічных распрацоўках БДУ.

 На ўрачыстым адкрыцці першы намеснік прэм’ер-міністра Васіль Мацюшэўскі зачытаў вітальнае пасланне ад Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі. Ён адзначыў, што сёння інфармацыйныя тэхналогіі ўкараняюцца паўсюдна і змяняюць усе сферы дзейнасці чалавека. Дынамічнае развіццё ІТ-сектара – адна з асноўных задач дзяржавы.

Прарэктар па навуковай рабоце БДУ Васіль Сафонаў дэманструе распрацоўкі міністру адукацыі Беларусі Ігару Карпенку

— Безумоўна, пляцоўка TIBO ў Беларусі карыстаецца заслужаным аўтарытэтам і ў адпаведных кампаній, і ў нашых калегаў па ЕАЭС. Традыцыйна Беларусь адкрытая для дыялогу, – сказаў Васіль Мацюшэўскі. Таксама ён адзначыў, што цяпер у свеце шмат кажуць пра новую эканоміку, а выстава паказвае самыя перспектыўныя яе кірункі.

— Сёлета бяруць удзел у форуме больш за 100 кампаній і арганізацый з 17 краін, – паведаміў міністр сувязі і інфарматызацыі Беларусі Сяргей Папкоў. – Мы паспрабавалі прывезці на выставу самыя прасунутыя рашэнні ў галіне тэлекамунікацый і інфарматызацыі. Мы ўдзячныя вядучым сусветным кампаніям за тое, што яны ахвотна бяруць удзел у TIBO–2017.

У цырымоніі адкрыцця таксама прынялі ўдзел Мар’яна Шчоткіна, намеснік старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Хоўлінь Чжаа, генеральны сакратар Міжнароднага саюза электрасувязі, Бішар Хусейн, генеральны дырэктар Сусветнага паштовага саюза, Мікалай Нікіфараў, міністр сувязі і масавых камунікацый Расійскай Федэрацыі.

Што да экспазіцыі БДУ, то яна ўключае запатрабаваныя тэхналогіі і прадукцыю, якія распрацаваны ў лабараторыях навукова-даследчых інстытутаў і факультэтаў універсітэта. Пра гэта падрабязна распавяла Таццяна Апанасевіч, праграміст аддзела рэкламнага і інфармацыйнага забеспячэння навуковых распрацовак Галоўнага ўпраўлення навукі:

— На выставе мы даём інфармацыю пра адукацыю ў БДУ, прадстаўляем навукова-тэхнічныя распрацоўкі нашага ўніверсітэта. Напрыклад, гэта дадзеныя пра нанаспадарожнік БДУ, звышмалы арбітальны касмічны апарат. Таксама гэта прэзентацыя абсталявання выпрабавальнага цэнтра SZ-01, якое служыць для мадэлявання і аналізу трохмернага напружана-дэфармаванага стану складаных інжынерных сістэм. Гаворка ідзе пра адносна маладую навуковую галіну – трыбафатыку. З дапамогай апаратуры можна выпрабаваць сістэмы і матэрыялы на механічную стомленасць, трэнне і знос. Комплекс дазволіць выявіць пашкоджанасць грунтоў у наваколлі шахтаў, вылічыць ступень трэння вадкасці ў трубаправодах, а таксама размеркаваць нагрузку ў зубасківічнай сістэме чалавека. Дадзеная інавацыя створаная навукоўцамі механіка-матэматычнага факультэта БДУ.

Па словах Таццяны Антонаўны, выкарыстоўваецца назапашаны досвед працы са спецыялістамі медыцынскага профілю. Прадстаўлена ўстаноўка гіпертэрмічная камп’ютарызаваная “Пціч-М”. Апарат прызначаны для комплекснага лячэння розных формаў анкалагічных захворванняў у спецыялізаваных клініках. Гэта распрацоўка навукова-даследчай лабараторыяй інфармацыйна-вымяральных сістэм факультэта радыёфізікі і камп’ютарных тэхналогій БДУ.

Таксама тут можна даведацца падрабязней пра праект Цэнтра інфармацыйных тэхналогій па распрацоўцы і ўкараненні шматфункцыянальных інтэлектуальных ідэнтыфікацыйных картаў у БДУ. Гэта адначасова пропуск ва ўніверсітэт, бібліятэкі і банкаўская картка. Праект ужо пайшоў адаптацыю, падобнай карткай ужо карыстаюцца супрацоўнікі БДУ.

Яшчэ сярод прадстаўленых распрацовак – апаратна-праграмны комплекс “Каліброўка” для правядзення палётных калібровак спадарожнікавых здымачных сістэм, сістэма маніторынгу зямной паверхні з касмічных і авіяцыйных платформаў, відэаспектральная сістэма (ВСС), прыборы для вымярэння электрычных велічынь. Прадстаўнікі БДУ тлумачаць прынцып працы апаратна-праграмных комплексаў крыптаграфічнай абароны інфармацыі, кантролю і размежавання доступу да ПЭВМ, а яшчэ распавядаюць пра метадычнае і праграмнае забеспячэнне “Аналіз крэдытаздольнасці рэальнага сектара нацыянальнай эканомікі”.

Даведка

Форум TIBO праводзіцца з 1994 года, ён стаў пляцоўкай для дэманстрацыі перадавых інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій, якія ўжо прыйшлі ці яшчэ толькі плануюць прыйсці ў Беларусь. Гэта адно з найбуйнейшых выставачных мерапрыемстваў у краінах СНД і Балтыі. Кожны год яго наведваюць вядучыя беларускія і замежныя вытворцы тэлекамунікацыйнага абсталявання, камп’ютараў і ПА, сродкаў і сістэм бяспекі, пастаўшчыкі разнастайных ІКТ-паслуг.

 Алёна ЛЯЎШЭНЯ

Фота Васіля Кузьмічкіна

Яшчэ больш фота у лічбавым архіве БДУ

 

print

Вам таксама можа спадабацца: