Факультэт філасофіі і сацыяльных навук пры падтрымцы кампаніі Wargaming, Мінскага гаркама БРСМ і Прафсаюзнай арганізацыі студэнтаў БДУ правёў 5 і 6 мая турнір па кіберспорце BSU WOT TOURNAMENT!
У турніры прынялі ўдзел студэнты розных ВНУ г. Мінска. Маладыя людзі прадэманстравалі спрыт, уважлівасць і ўменне стратэгічна думаць у камп’ютарнай гульні World Of Tanks, якая ўжо даўно заваявала сусветную вядомасць.
У адным са сталічных камп’ютарных клубаў адбыліся двухдзённыя баталіі, у якіх пазмагаліся 12 камандаў па 7 чалавек у кожнай. Сцэнарыі шматлікіх бітваў паўтаралі бітвы Другой сусветнай вайны, дазваляючы гульцам не толькі ўдасканальваць свае навыкі ў кіберспорце, але і лепш пазнаваць ваенную гісторыю.
Па выніках фінальнай гульні перамогу ў турніры атрымала каманда БНТУ «Элеватар». Другое месца ў літаральным сэнсе заваявала зборная БДУ і БДЭУ «Інквізіцыя», а 3 месца дасталася камандзе студэнтаў БНТУ і БДУІР «My little pony».
Удзельнікі камандаў-пераможцаў атрымалі падарункі ад арганізатараў турніру, а таксама адмысловы прыз ад кампаніі Wargaming – унутрыгульнявыя бонусы і рэдкія каштоўныя кнігі пра гісторыю канструявання і вытворчасці вядомых савецкіх танкаў часоў Другой сусветнай вайны СУ-152 і КВ-1.
Студэнты ФФСН ініцыявалі правядзенне турніру BSU WOT менавіта напярэдадні 72-й гадавіны Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.
Такім чынам моладзь вырашыла прыцягнуць увагу да гісторыі і лепш ацаніць мірны час, у якім танкавыя бітвы, на шчасце, магчымыя толькі ў віртуальнай рэальнасці.
Рада ІВАНОВА