20 мая на адкрытай пляцоўцы ва ўнутраным дворыку БДУ адбыўся вялікі інтэрактыўны ўрок, які завяршыў праект “Чытаем па-беларуску з velcom”. Сустрэча сабрала больш за 200 вучняў з Мінскай, Гродзенскай і Віцебскай абласцей. Усяго за паўтары года існавання маштабны праект ахапіў 23 000 школьнікаў па ўсёй Беларусі.
Урок праходзіў не за партамі, а ў цікавым і нестандартным фармаце. Малодшых школьнікаў чакаў квэст, у якім гасцям трэба было прадэманстраваць свае паэтычныя, літаратурныя і танцавальныя здольнасці.
Пакуль маленькія гарэзы рыхтаваліся да незвычайных выпрабаванняў і фарміравалі каманды, з асаблівасцямі праекта “Чытаем па-беларуску з velcom” пазнаёміла яго каардынатар Катажына Валкоўская.
– Ініцыятыва распачалася ў кастрычніку 2015 года ў школах Мінска, – адзначыла Катажына. – З вясны 2016 стартаваў рэгіянальны этап, які ахапіў 40 населеных пунктаў нашай краіны. Незвычайныя настаўнікі праводзілі ў школах, гімназіях, школах-садках інтэрактыўныя ўрокі беларускай мовы і літаратуры, удзельнічалі ў спецыяльных радыёперадачах, разам наведвалі раёны. Сярод іх – вядомыя пісьменнікі, акцёры, спартсмены і тэлевядучыя. У пастаянны склад увайшлі дзіцячыя пісьменнікі Раіса Баравікова, Уладзімір Ліпскі, Алена Масла, Наталля Бучынская, а таксама тэлевядучы Юрый Жыгамонт. Далучаліся Аліна Талай, Дзмітрый Ліхтаровіч, Меліціна Станюта, Віталь Радзівонаў, Алег Лепешанкоў, Павел Харланчук і іншыя вядомыя дзеячы. Галоўнай мэтай ініцыятывы стала развіццё цікавасці да беларускай мовы, літаратуры і культуры сярод малодшых школьнікаў, таму найбольшая колькасць удзельнікаў праекта была прадстаўлена навучэнцамі 2-4 класаў. З дапамогай нашых запрошаных настаўнікаў і нестандартных урокаў стараліся паказаць юнаму пакаленню, што беларуская мова цікавая, мае шмат носьбітаў, у ліку якіх знакамітыя беларускія асобы. Ініцыятарам і галоўным арганізатарам праекта стала кампанія Velcom пры падтрымцы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.
На апошні ўрок праекта, які праходзіў ва ўтульным дворыку БДУ, завіталі прадстаўнікі ўстаноў адукацыі Полацка, Оршы, Жодзіна, Барысава, Маладзечна, Дзяржынскага раёна, а таксама аграгарадкоў Квасоўка і Астрашыцкі Гарадок.
Госці аб’ядналіся ў пяць камандаў і на працягу гадзіны змагаліся ў незвычайным культурным квэсце “Кніга Скарыны”. Ён складаўся з пяці творчых станцый, кожная з якіх размяшчалася каля скульптур знакамітых дзеячаў нашай зямлі: Францыска Скарыны, Ефрасінні Полацкай, Кірылы Тураўскага, Міколы Гусоўскага, Сымона Буднага і Васіля Цяпінскага. Такім чынам, пакрочылі разам з вучнямі трэцяга класа, якія прыехалі з Квасоўкі, што на Гродзеншчыне.
На прыпынках маленькіх “чамучак” сустракалі прадстаўнікі творчага саюза Інстытута журналістыкі ў нацыянальных строях. Студэнты спачатку расказвалі маленькім гасцям цікавыя факты з жыцця пералічаных асоб, а пасля звярталіся да задання, ад паспяховасці выканання якога залежала колькасць атрыманых балаў.
На пляцоўцы побач са скульптурай Міколы Гусоўскага ўдзельнікі вучыліся выконваць беларускія нацыянальныя танцы. Рухі школьнікам дэманстраваў студэнт журфака Аляксандр Дабранаў, які амаль 15 гадоў прысвяціў вывучэнню таемнага свету танца. Ён заўважыў, што абраныя для маленькіх гасцей харэаграфічныя нумары добра падыходзяць для навічкоў і звычайна не выклікаюць складанасцяў у выкананні. Разам яны станцавалі “Мітусь”, “Таўкачыкі”, “Кросны” і “Бульбу”.
Добра адгадаўшы загадкі на станцыі, якая размясцілася ля помніка Францыску Скарыну, каманда трэцякласнікаў накіравалася да самага хвалюючага прыпынку. Каля скульптуры Ефрасінні Полацкай у рамках квэсту праходзіў конкурс чытальнікаў. Удзельнікі абралі вершы рознай тэматыкі і розных аўтараў. Сярод іх былі Янка Купала, Кандрат Крапіва, Яўгенія Янішчыц, Алесь Звонак, Пятрусь Броўка і многія іншыя. Напрыклад, прагучалі творы “Ваеннае ліхалецце”, “Гарбуз”, “Мая малітва”. Выступоўцаў ацэньвала журы, у склад якога ўвайшлі тэлевядучы Юрый Жыгамонт, дзіцячыя пісьменніцы Раіса Баравікова, Наталля Бучынская, Алена Масла, а таксама начальнік вучэбна-метадычнага аддзела пачатковай адукацыі Мінскай вобласці Інстытута развіцця адукацыі Людміла Крагель.
Студэнты, якія сустрэлі ўдзельнікаў ля помніка Кірылу Тураўскаму, прапанавалі пагуляць у “Кракадзіла”. Так, дзве пары з каманды па чарзе на працягу дзвюх хвілін тлумачылі астатнім з дапамогай жэстаў і мімікі словы, якія ім на паперцы паказвалі вядучыя. Колькі слоў адгадалі – столькі балаў атрымалі. Дарэчы, маленькія сябры вельмі хутка арыентаваліся, разумелі адзін аднаго.
Скласці невялічкае апавяданне камандзе неабходна было на станцыі, якая размясцілася каля скульптуры аднадумцаў Сымона Буднага і Васіля Цяпінскага. Для гэтага спачатку з вялікага мяшка, які быў у вядучых, дзеткі выцягнулі 5 розных рэчаў. Камандзе Квасоўкі трапіліся сшытак, цацка, кубачак, агурок і хустка. Назвы гэтых прадметаў вучні павінны былі ўжыць у сваім калектыўным творы, для стварэння якога адводзілася 3 хвіліны. Дадатковыя балы дапамагла зарабіць інсцэніроўка ўласнага апавядання.
Пакуль журы падлічвала балы і вызначала пераможцаў квэсту і конкурсу чытальнікаў, кіраўнік групы па карпаратыўна-сацыяльнай адказнасці кампаніі Velcom Віктар Пазнякоў расказаў, як узнікла задума стварэння праекта.
– У 2014 годзе намі была вызначана стратэгія карпаратыўна-сацыяльнай адказнасці, якая ўключала два асноўныя напрамкі, – заўважыў Віктар. – Гэта развіццё нацыянальнай ідэнтыфікацыі і дапамога дзецям. Праект “Чытаем па-беларуску з velcom” аб’яднаў дзве гэтыя мэты, таму мы з задавальненнем узяліся за яго рэалізацыю. Спачатку ён праходзіў толькі ў Мінску. Заўважылі, што ініцыятыва паспяховая, таму перанеслі яе на ўсю краіну. Квэст у БДУ, з аднаго боку, стаў зараз яе завяршэннем, а з другога боку, гэта шанаванне нашай традыцыі праводзіць незвычайныя заняткі. Сённяшняя сустрэча стала адным з іх. У мінулым годзе таксама выкарыстоўвалі адкрытую пляцоўку – парк імя Янкі Купалы. У гэты раз мы былі рады супрацоўнічаць з БДУ. Культурная праграма цікавая і насычаная, і нават надвор’е сёння на нашым баку. Атрыманымі вынікамі задаволеныя, таму з новага навучальнага года будзем працягваць праект у іншым фармаце, але пад такой жа назвай і з такім жа пасылам да дзяцей.
Працягнула спецыяльны вялікі ўрок узнагароджанне ўдзельнікаў і пераможцаў. Перад яго пачаткам у адзінае цэлае хлопчыкі і дзяўчаткі злучылі часткі кнігі, якія пасля выканання ўсіх заданняў атрымала кожная каманда. Кніга сімвалізавала той скарб, які падараваў свету Францыск Скарына. Гэты год праходзіць пад знакам гэтага знакамітага дзеяча, таму што адзначаецца 500-годдзе беларускага кнігадрукавання.
Пераможцы конкурсу чытальнікаў атрымалі свае ўзнагароды з рук вядомых культурных дзеячаў, якія ацэньвалі маленькіх выступоўцаў. Яны з хваляваннем яшчэ раз падаравалі ўсім прысутным падрыхтаваныя вершы. Былі адзначаны вучні Полацкай гімназіі № 1, сярэдняй школы № 4 г. Оршы, Сапоцкінскай сярэдняй школы, гімназіі № 2 г. Барысава і іншых устаноў.
Вучань шостага класа Сапоцкінскай сярэдняй школы Уладзіслаў Буракевіч прызнаўся, што было вельмі цікава прымаць удзел у квэсце і прыемна стаць адным з пераможцаў конкурсу чытальнікаў. Хлопчык марыць стаць урачом, але цікавіцца нацыянальнай культурай, любіць беларускую мову і літаратуру. Для конкурсу абраў свой любімы твор Алеся Звонака “Гарбуз”.
Пераможцаў квэсту ўзнагародзіў кіраўнік аддзела карпаратыўных камунікацый кампаніі Velcom Вячаслаў Смірноў:
– Мы рады бачыць усіх хлопчыкаў і дзяўчатак, а таксама іх настаўнікаў, якія разам завіталі сюды, каб стаць удзельнікамі незвычайнага ўрока. Наша каманда старалася зрабіць праект “Чытаем па-беларуску з velcom” цікавым і праехала 21 000 кіламетраў, каб правесці нестандартныя ўрокі ў 184 школах і гімназіях нашай роднай Беларусі. У ініцыятыве паўдзельнічалі таксама футбольны клуб “БАТЭ”, Новы замак у Гродне, віцебскі тэатр “Лялька” і іншыя. За дапамогу мы вельмі ўдзячныя Міністэрству адукацыі Рэспублікі Беларусь, а таксама кіраўніцтву і студэнтам БДУ. Мажліва, праз нейкі час нашы маленькія госці таксама стануць яго навучэнцамі, а сёння яны здзіўлялі нас сваімі талентамі і ўпэўнена ішлі да перамогі. Дыпломамі за ўдзел у квэсце ўзнагароджваюцца Полацкая дзяржаўная гімназія № 1 імя Францыска Скарыны, а таксама прадстаўнікі сярэдніх школ Жодзіна, Барысава і Астрашыцкага Гарадка. Трэцяе месца занялі вучні школ і гімназій горада Маладзечна і Дзяржынскага раёна, другое – Квасоўская сярэдняя школа. Пераможцамі сталі навучэнцы сярэдняй школы № 4 горада Оршы.
Складнікам поспеху падзялілася настаўніца гісторыі школы-пераможцы Кацярына Дзегцярова:
– Наша школа – гэта вялікая дружная сям’я. Разам мы часта бавім і свой вольны час. З задавальненнем ездзім на экскурсіі, арганізоўваем паходы, удзельнічаем у конкурсах. Дзеткі актыўныя і творчыя, у такім узросце ім усё цікава, яны гараць жаданнем ва ўсім паўдзельнічаць, дасягнуць перамогі. Незабыўныя ўражанні навучэнцам пакінулі сустрэчы з Юрыем Жыгамонтам і Алінай Талай, калі яны самі прыязджалі да нас у госці. Лёгкаатлетка Аліна Талай – выпускніца нашай сярэдняй школы, таму хлопчыкі і дзяўчаткі з асаблівымі пачуццямі чакалі яе. Для іх праграма праекта была цікавай і карыснай. Беларуская мова – родная, таму вельмі важна, каб дзеці ведалі яе і размаўлялі з маленства. Дзякуй, што ёсць такія праекты, якія дапамагаюць гэтаму.
Пасля музычнага падарунка Дзмітрыя Нікановіча арганізатары сустрэчы цёпла развіталіся з гасцямі і пажадалі новых адкрыццяў у свеце беларускай культуры, а я паспяшалася даведацца меркавання сапраўднага прафесіянала – акцёра, тэлевядучага, аўтара праграмы “Падарожжа дылетанта” Юрыя Жыгамонта.
– Ці проста сёння было ацэньваць маленькіх чытальнікаў?
– Усе ўдзельнікі былі добра падрыхтаваныя, цудоўна чыталі вершы, абралі добрыя творы. Сярод аўтараў былі Рыгор Барадулін, Вера Вярба, Яўгенія Янішчыц, Паўлюк Трус і іншыя. Прыемна, што падчас узнагароджання мы яшчэ раз пачулі найлепшыя выступленні. Заўважу, што дзеці з беларускамоўных школ адразу вылучаліся ў маўленні. Хацелася, каб у школах, калі ў нас двухмоўе, колькасць гадзін беларускай і рускай была аднолькавай.
– Якія ўражанні засталіся пасля наведвання вучняў розных раёнаў на працягу праекта?
– Лічу, што ўсе творчыя сустрэчы падчас праекта былі карыснымі для малодшых школьнікаў. Дзеці – гэта своеасаблівае зерне, якое спачатку падае ў зямлю, а пасля прарастае. Хочацца верыць, што словы пра нашу мову, якія трапляюць у дзіцячыя душы, застаюцца там і нараджаюць цікавасць да роднага слова.
– Вы засталіся задаволеныя вынікамі праекта?
– Так, праца прынесла свой плён. Праекты, якія займаюцца папулярызацыяй беларускай мовы, вельмі патрэбныя. З задавальненнем, калі запросяць, буду працягваць удзельнічаць у гэтай ініцыятыве. Мова – гэта душа народа. Яе можна параўнаць з сонцам. Калі няма сонца, усё жывое гіне. Цела чалавечае без душы таксама становіцца мёртвым.
Дар’я НІКАНЧУК
Фота Васіля Кузьмічкіна
Яшчэ больш фота у лічбавым фотаархіве БДУ
Відэа: