Хто стаяў ля вытокаў беларускай навукі і адукацыі? На гэтае пытанне адказваюць гісторыкі БДУ ў кнізе «Інтэлектуальная эліта Беларусі. Заснавальнікі беларускай навукі і вышэйшай адукацыі (1919–1941)».
Гэта першае выданне з серыі «Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт: 100 гадоў на карысць Айчыны», якая рыхтуецца да стагоддзя ўніверсітэта. 17 красавіка на гістарычным факультэце адбылася прэзентацыя кнігі з удзелам рэктара акадэміка Сяргея Абламейкі, прарэктара па вучэбнай рабоце Сяргея Ходзіна, дэкана гістарычнага факультэта Аляксандра Каханоўскага і прафесара Алега Яноўскага.
Рэктар пачаў з таго, што ўзгадаў пра Дэкрэт аб заснаванні БДУ, які быў прыняты ў 1919 годзе. І дадаў, што звычайна ўніверсітэты лічаць дату свайго нараджэння ад моманту прыняцця Дэкрэта. Дарэчы, ідэя стварэння дадзенай кнігі (як і цэлай серыі) таксама належыць Сяргею Уладзіміравічу.
«Тое, што ў гэты час стала развівацца навука – гэта факт. Мы вырашылі паказаць яе развіццё на базе БДУ, паказаць, як нараджалася адукацыя на Беларусі, і тых людзей, якія стваралі ўніверсітэт», – патлумачыў рэктар.
У сваю чаргу Сяргей Ходзін заўважыў: «Гісторыкам трэба падкрэсліваць тое важнае, што было зроблена нашымі папярэднікамі. Мы разумеем, што няма патрэбы даказваць вялікую ролю БДУ ў інтэлектуальным развіцці нашай краіны, але важна напісаць пра гэта».
Мэта праекта – прадставіць слупы грамадства, якія рухалі навуку і адукацыю на працягу стагоддзя. Праз жыццёвыя і творчыя біяграфіі выбітных навукоўцаў БДУ паказаць значэнне навукі і вышэйшай адукацыі ў фарміраванні нацыянальнай беларускай дзяржавы. У першым выданні прадстаўлены біяграфіі 27 беларускіх інтэлектуалаў, якіх справядліва лічаць не толькі стваральнікамі найважнейшых напрамкаў фундаментальных і прыкладных даследаванняў у галіне гуманітарных і прыродазнаўчых ведаў у Беларусі, але і творцамі новай універсітэцкай сферы.
«Вельмі важна, калі да гісторыі нашага ўніверсітэта будуць прыцягвацца шырокія пласты навуковай гістарычнай супольнасці і тых, каго цікавіць гісторыя, з іншых факультэтаў», – адзначыў прарэктар.
На працягу года над выданнем працавала 15 аўтараў, навуковым рэдактарам кнігі выступіў прафесар Алег Яноўскі:
– Гэта навуковае выданне, але там вы не знойдзеце ніводнай зноскі, ніводнай спасылкі. За кожным фактам стаіць дакумент, вельмі дакладныя звесткі, якія ўзяты з розных крыніц. Праца знайшла водгук у тых, хто хаця б дакрануўся да таго тэксту, які мы сёння прадстаўляем. Гэтыя прыклады памножацца, калі кніга стане больш даступная для шырокага чытача, калі звернуцца не толькі асабіста зацікаўленыя, але і тыя, хто цікавіцца гісторыяй навукі і вышэйшай адукацыі. Тых кірункаў, якія хацелася ахапіць і пазначыць, узнавіць і рэанімаваць з той гістарычна недалёкай даўніны – не пад сілу аднаму чалавеку, нават дваім.
Гісторыкі ўзяліся за справу, якая была ініцыявана рэктарам, і такімі калектыўнымі намаганнямі мы нарэшце можам зрабіць тое, што дазваляюць нам рабіць крыніцы, якія ёсць і якія яшчэ трэба здабыць. На некаторыя рэчы, што здаюцца звыклымі з таго часу, можна паглядзець інакш. Інтэлектуальнае асяроддзе, якое стваралася і будзе стварацца – гэта прадмет нашай навуковай зацікаўленасці.
Наталля КУДРАШОВА
Фота Генадзя Краскоўскага
Яшчэ больш фота у лічбавым фотаархіве БДУ
Відэа: