20 мая, субота, 12 гадзін — штосьці нагадвае, праўда? Сонейка не шкадавала цеплыні для тых, хто прыехаў на «Вязынку» – хапіла на ўсіх (нават крыху засталося). І ўжо за некалькі гадзін да пачатку афіцыйнага адкрыцця мерапрыемства большасць студэнтаў вілі вянкі з дзьмухаўцоў ды фатаграфаваліся каля сажалкі. Калі ісці на другі яе бок, можна пачуць, як сімфонія рапух становіцца нават гучнейшай за песні філфакаўцаў.
Халодны пачатак вясны стаў прычынай таго, што лісткі на дрэвах яшчэ да канца не раскрыліся. Але таго ж сама нельга сказаць пра першакурснікаў філалагічнага факультэта. Да гэтага часу яны паспелі далучыцца да калектыву філфака, прымалі актыўны ўдзел у мерапрыемствах, а некаторыя – нават некалькі разоў.
Традыцыйна распачалася гімнам «Гаўдэамус» першая, урачыстая, частка «Вязынкі», якая працягвалася, як заўсёды, у атмасферы шчырасці і сяброўства. «Вязынка» – мерапрыемства, якое збірае ўсіх, хто мае дачыненне да філалагічнага факультэта, а таксама шматлікіх гасцей. Студэнты, выпускнікі, выкладчыкі, адміністрацыя – на нейкі час усе яны робяцца адной вялікай сям’ёй, не зважаюць на ўсялякія сацыяльныя ролі.
Ніколі яшчэ «Вязынка» не праходзіла без паэзіі. Падчас прамовы Сяргея Мікалаевіча Ходзіна, прарэктара БДУ па вучэбнай рабоце, слухачы ўспомнілі, з чым жа звязвае Янка Купала «ласку матчыну». Дэканы факультэтаў (Іван Сямёнавіч Роўда, Вячаслаў Міхайлавіч Малафееў, Віктар Генадзьевіч Шадурскі, Аляксандр Генадзьевіч Каханоўскі, Вадзім Францавіч Гігін) і начальнік Галоўнага ўпраўлення вучэбнай і навукова-метадычнай работы БДУ Людміла Міхайлаўна Хухлындзіна прачыталі ўрывак з паэмы Якуба Коласа «Новая зямля», каб нагадаць слухачам, што менавіта класік беларускай літаратуры «забыць не мае сілы».
Адной з асаблівасцяў «Вязынкі–2017» былі надзвычай таленавітыя курсанты ваеннага факультэта Беларускай дзяржаўнай акадэміі авіяцыі. Дзякуючы ім мерапрыемства на некаторы час ператварылася ў рок-канцэрт, і слухачам нават не хапіла трох песень – яны патрабавалі працягу. Акрамя гэтага, важным госцем Вязынкі стаў ужо знаёмы студэнтам па «Фестывалі факультэтаў» гіпсавы Францыск Скарына (яго ролю выканаў студэнт славянскай філалогіі Дзмітрый Ляшкевіч), з чыіх вуснаў прагучалі знакамітыя словы з прадмовы да кнігі «Юдзіф».
Падзяліліся сваімі поспехамі ў вывучэнні беларускай мовы таксама і замежныя госці з Венгрыі і Кітая: Лаяша Дароцы, студэнт-стажор БДУ з універсітэта горада Дэбрэцэн, і група студэнтаў з Хэнанскага ўніверсітэта.
Як заўсёды, універсітэцкая супольнасць з вялікай пашанай усклала кветкі ў знак падзякі да помніка Янкі Купалы, пасля чаго ўсе дружна рушылі на Парнас. «Экшн» на гэтым не спыніўся: пенальці дэкану, валейбол, турыстычная сцяжынка… Курсанты ваеннага факультэта акадэміі авіяцыі спаборнічалі ў сіле з філалагічным факультэтам, перацягваючы канат (дзяўчаты не здаваліся да апошняга). А яшчэ пагаворвалі, што каша была несалёнай, але гэта недакладная інфармацыя.
Калі звяртацца да лічбаў, 41 – столькі год прайшло з першай «Вязынкі»,135 – а столькі год прайшло з нараджэння двух знакавых для беларускай літаратуры і культуры людзей: Янкі Купалы і Якуба Коласа. Іх нараджэнне ў адзін год — выпадковасць? Мабыць. Але тое, што абодвум ім была ўласцівая такая любоў да родных мясцін? Што абодва яны мелі такі надзвычайны талент? Наўрад ці.
Юлія КЛІМЯНКОВА
Фота Анастасіі Вадэвіль
Яшчэ больш фота у VK
Відэа: