Кар’ера ці сям’я? Перад такім выбарам часта апынаюцца маладзёны яшчэ падчас вучобы ў ВНУ. У БДУ ведаюць адказ! Ён вельмі кароткі: «і». І кар’ера, і сям’я. Як гэта магчыма, абмяркоўвалі падчас сустрэчы «Кар’ера і сям’я – складнікі поспеху», што прайшла 17 мая ў рамках Тыдня сям’і.
Студэнцкія сем’і, а таксама сем’яніны «са стажам» з ліку супрацоўнікаў дзяліліся досведам, а несямейныя пакуль студэнты маталі на вус. Вядучыя імпрэзы абаяльныя Вольга Шыбека і Дзмітрый Нікановіч самі маладыя сем’яніны.
Да Міжнароднага дня сям’і, які адзначаецца з 1993 года 15 мая з ініцыятывы ААН, у БДУ пад эгідай псіхалагічнай службы і пры падтрымцы фундаментальнай бібліятэкі і прафкама быў падрыхтаваны цыкл акцый, сустрэч і конкурсаў, якія суправаджаліся рознымі цікавосткамі, як, напрыклад, экспрэс-дыягностыка для студэнтаў і тэматычныя выставы кніг і дапаможнікаў для маладых сужэнцаў і бацькоў.
Вялікая сям’я БДУ
Прарэктар па вучэбнай рабоце Сяргей Ходзін, павіншаваўшы прысутных з «прыемным тыднем», распавёў, што БДУ грае вядучую ролю ў ажыццяўленні праекта па вывучэнні інстытута сям’і, які будзе ажыццяўляцца пры падтрымцы ААН і паспрыяе вырашэнню праблем дэмаграфічнай бяспекі краіны. Сяргей Мікалаевіч нагадаў, што БДУ з’яўляецца таксама сям’ёй, у якой, дарэчы, ёсць уласны дом – будынак гістарычнага факультэта на Чырвонаармейскай, помнік гісторыі і культуры 2-й катэгорыі рэспубліканскага значэння, дом нумар адзін для БДУ, адкуль універсітэт пачынаўся. У кожнага факультэта свае дамы, рэктарат для агульных збораў – як у любой вялікай сям’і, якія спрадвеку былі ўласцівы беларусам. Жылі вялікімі сем’ямі, а ўнутры вялікай сям’і існавалі меншыя – так і цяпер у БДУ, прычым ад дабрабыту кожнай маленькай «сям’і» залежыць агульны поспех універсітэта. Адна з добрых традыцый альма-матар – ухваленне і падтрымка студэнцкіх сем’яў: «А дзе ж мы яшчэ сустракаемся? Сярод такіх прыгожых, разумных якраз і можна заўважыць будучага сужэнца. Мы з жонкай пабраліся шлюбам, калі яна вучылася на пятым курсе, таксама прайшлі інстытут студэнцкай сям’і, гэта няпростае выпрабаванне… Разам пачынаць, зберагаючы пачуцці, якія аб’ядноўваюць – вельмі важна».
Найлепшая студэнцкая сям’я: гармонія і самаахвярнасць
Сяргей Варанюк – выпускнік ваеннага факультэта і пераможца Першага рэспубліканскага конкурсу на найлепшую студэнцкую сям’ю (2013 г.) прыйшоў на свята сям’і адзін: па распарадку дня, якога ў сям’і вайскоўцаў строга прытрымліваюцца, у трохгадовага байца Ванечкі акурат быў дзённы сон. Паміж кар’ерай і сям’ёй, лічыць малады бацька і старшы лейтэнант вайсковай часткі мінскага раёна, павінна стаяць гармонія: каб на працу ісці з усмешкай і вяртацца да любай сям’і з радасцю. Сямейныя крызісы напаткалі сям’ю Варанюкоў у належным парадку – крызіс і першага года, і трэцяга яны прайшлі годна, за што дзячаць БДУ: «На шчасце, універсітэт своечасова даў патрэбную інфармацыю пра тое, што крызісы непазбежныя і іх варта і можна правільна перажыць».
Сёлета найлепшай студэнцкай сям’ёй у Мінску зноў была прызнана пара з БДУ – Іван і Аліна Цвірко. Пазнаёміўшыся ў самым паэтычным месцы БДУ, літаратурным клубе «КЛУмБа», у 2015 годзе, пажаніўшыся ў 2016, маладыя сужэнцы абое вучыліся і працавалі ў БДУ, выступалі на паэтычных імпрэзах – і, нарэшце, перамаглі ў марафоне міжуніверсітэцкага конкурсу «Сямейнае шчасце – пачатак шляху», дзе ўдзельнічалі студэнцкія пары з усіх сталічных ВНУ. Аліна так акрэсліла рэцэпт сямейнага поспеху: «Заўсёды імкнёмся выбудоўваць нашы стасункі згодна з прынцыпам аддаваць больш, чым патрабаваць наўзамен, бо той, хто гэтага прытрымліваецца, у любым разе не застанецца ў пройгрышы і будзе шчаслівы».
Ад пясочніцы да бізнесу
Калі наведваеш сваякоў на святы, зазвычай вяртаешся дамоў не з пустымі рукамі – каму мех бульбы ад бабулі, каму торбачкі з сувенірамі. Вось і ў БДУ дарылі не толькі веды і досвед, песні і ўсмешкі, але і салодкія падарункі, і развіццёвыя гульні для малых. Таццяна Казачук, дырэктар прадпрыемства «Маленькі разумнік», выпускніца мехмата БДУ, пачала займацца са сваёй дачкой – і паступова гэтыя заняткі выраслі ў сур’ёзны бізнес: «Дзякуй тым бацькам, хто не проста завозіць сваіх малых у садок, а штодня знаходзіць час з імі і пагуляць, і пачытаць, і пагутарыць – гэта адзіны спосаб вырасціць годнага чалавека, стварыць сям’ю. З часам разумееш: гэта самае галоўнае ў жыцці».
Дзмітрый Нікановіч: «Як малады тата хачу заўважыць, што няма нічога больш прыўкраснага, чым ведаць: у цябе ёсць маленькая дачка, і вось ты вяртаешся дадому, а яна табе пасміхаецца ў свае 4,5 месяцы, і так свядома! Цяжка паверыць, што маленькі чалавек можа быць такім разумным і эмацыйным – гэта сапраўднае шчасце».
«Акальцаваным» – лаяльнасць пры абароне дыплома
Андрэй і Алена Пазнякі пазнаёміліся ў інтэрнаце, абое вучацца на 4 курсе мехмата і разам працуюць у IT-кампаніі. Па завяршэнні цукеркава-букетнага перыяду стасункаў асаблівых сюрпрызаў пара не сустрэла. Пакуль вядучы нагадваў, якія бываюць, напрыклад, адкрыцці для «новаспечанай» жонкі, калі раптам муж пачынае закідваць шкарпэткі пад канапу, замест таго каб па-ранейшаму акуратненька класці іх на месца, Андрэй парыраваў – маўляў, цяпер мы проста шпурляем шкарпэткі пад канапу разам. Трэці інтэрнат, дзе жывуць, маладыя лічыць шыкоўным: «Гэта як свая аднапакаёўка, ніякіх лішніх людзей». На жаль, у інтэрнаце нельга паставіць пральную машыну, правілы пражывання ўвогуле даволі строгія, але Пазнякі імкнуцца іх прытрымлівацца. Арганізаваліся маладзёны ў сям’ю ў спадзяванні мець дзетак – «спярша стварыць, потым выхаваць». А пакуль тое, пішуць дыпломы са спадзяваннем, што камісія па абароне можа быць больш лаяльнай да дыпломнікаў з заручальнымі пярсцёнкамі.
Адказны крок
З будучым мужам Вольга Грышко (5 курс юрфака) сустракалася 3 гады, вяселле стала лагічным працягам стасункаў, у сваёй сям’і дзяўчына ўпэўнена: «Калі мы на такім этапе прыйшлі да сур’ёзных стасункаў – гэта штосьці значыць» – і гатовая да наступнага кроку, павелічэння сям’і. Стаўленне моладзі да інстытута сям’і і да нараджэння дзетак з’яўляецца аб’ектам пільнай увагі і вывучэння Цэнтра сям’і і дзяцінства Псіхалагічнай службы БДУ.
Метадыст Тамара Карасцялёва адзначыла, што даследаванні, праведзеныя сумесна з сацыёлагамі ФФСН БДУ, Магілёўскага і Гродзенскага ўніверсітэтаў паказалі: студэнцкая моладзь настроена браць шлюб па каханні, шукаюць надзейных партнёраў. Большасць студэнтаў упэўнена: калі прыйшло каханне – трэба жаніцца, нягледзячы ані на фінансы, ані на побытавыя складанасці студэнцкага жыцця, і мець прадаўжальнікаў сваіх маладых сем’яў. Сумная статыстыка разводаў (у 2016 г. у Беларусі на 1000 шлюбаў прыпадала ажно 506 разводаў!) адлюстроўвае, наколькі неабходная маладым сем’ям падтрымка: інфармацыйная, псіхалагічная, духоўная і матэрыяльная.
Хто да мартэна?
Матэрыяльную падтрымку сямейным студэнтам і супрацоўнікам у БДУ аказваюць і адмысловыя дзяржаўныя праграмы, і адпаведныя прафсаюзы. Старшыня прафкама БДУ Ігар Вярэнчыкаў распавёў, аднак, не пра шэраг праектаў па падтрымцы мацярынства і дзяцінства, якія ажыццяўляе яго арганізацыя, і нават не пра тое, як пісаць заяўкі на матпадтрымку пры заключэнні шлюбу ці нараджэнні дзіцяці, – а пра ўласны сямейны досвед: «Я таксама нядаўна ажаніўся, 38 гадоў таму… Смейцеся, але ў мяне сапраўды адчуванне, што гэта было толькі ўчора. Бо я ажаніўся – і прыйшоў вучыцца на юрфак, і ўсё атрымалася: скончыў факультэт, аспірантуру, абараніўся, пайшла кар’ера… Юрыдычна шлюб – гэта раўнапраўны саюз мужчыны і жанчыны, але ну якое раўнапраўе? Вось прыходзіць жанчына дадому – у яе ёсць выбар, чым заняцца: можа згатаваць, можа памыць, прыбрацца, а мужчына, як галава сям’і, абавязаны рэгуляваць сям’ёй у грамадстве, таму ён павінен сесці ля тэлевізара, прагледзець усе аналітычныя праграмы, усе спартыўныя мерапрыемствы… Калі сур’ёзна, дык сям’я і кар’ера – гэта вельмі правільнае спалучэнне: без сям’і кар’еры не зробіш аніякай. Бо няма тылу. Што да таго, хто галоўны: мы, мужчыны, безумоўна, важныя, разумныя, вядучыя, але мы будзем рабіць тое, што скажуць нашы жанчыны…»
Намеснік старшыні ЦК Беларускага прафсаюза супрацоўнікаў адукацыі і навукі Валянціна Ільіна нагадала, што «галіновы прафсаюз – гэта дзверы, куды можна пагрукацца, калі ўзніклі праблемы, і вам адчыняць, вас зразумеюць і дапамогуць. Наш прафсаюз велізарны – гэта больш за 600 тыс. чалавек, з іх чвэрць – маладзёны. Вельмі важна, каб яны, утварыўшы сваю маленькую сям’ю, не забываліся і на вялікую. Каб сыны памяталі пра маці – у мяне дарослы сын якраз на прыступцы стварэння сваёй маладой сям’і, дык ведаю, пра што кажу. Паняцце сям’і нашмат шырэйшае і большае, чым сужэнцы–дзеткі, і неабходна, каб захоўвалася пераемнасць пакаленняў». Паміж сям’ёй і кар’ерай Валянціна Аляксееўна паставіла самаахвярнасць, згадаўшы, што камусьці ж трэба і ля пліты пастаяць, нават пасля поўнага працоўнага дня: «Для таго, каб была кар’ера, сям’я павінна падтрымліваць. Хтосьці адзін павінен мець сілу ўзяць на сябе кар’еру, а другі – дапамагчы ў гэтым і, калі трэба, стаць да мартэна». А можна ж і піцу замовіць, або разам павячэраць у кавярні, зладзіўшы такім чынам маленькае сямейнае свята – дадам ад сябе.
Асалода – траціць грошы на такія патрэбы!
Дзмітрый Мікулка – намеснік па выхаваўчай рабоце дырэктара студгарадка – яшчэ нядаўна быў на семінары ААН у Швецыі і выбіраў касцюмчык для свайго другога дзіцяці, а сёння ўжо чакае трэцяе. Распавядаючы пра гэта з замілаваннем, Ігар Вярэнчыкаў зазначыў: «Давядуць яны прафсаюз да галечы… Матдапамога на нараджэнне кожнага дзіцяці, потым – як шматдзетнай сям’і, потым пры паходзе дзетак у школу і г. д. Але каб вы ведалі, якая гэта асалода – траціць грошы на такія патрэбы!» Сам Дзмітрый лічыць кар’еру неабходнай тады, калі разумееш, навошта працуеш, зарабляеш грошы, павышаеш уласны статус: каб твая сям’я была шчаслівейшая, каб можна было больш дазволіць сваім дзеткам, кудысьці іх звазіць адпачыць, напрыклад. А дзеткі, гледзячы, як пастаянна рупліва працуюць бацькі, вучацца працалюбнасці – і тады сям’я выходзіць шчаслівай.
Генадзь і Таццяна Нагорныя – яшчэ адна сямейная пара супрацоўнікаў БДУ – скіраваны на стварэнне моцнай сям’і і працяг роду не толькі ў сваёй сям’і, але і на працы ў студгарадку.
Навучыце быць бацькамі
Школа свядомага бацькоўства – арганізацыя ў структуры сямейнага цэнтра Псіхалагічнай службы БДУ, што рыхтуе маладзёнаў да выканання сямейных роляў мужа і жонкі, таты і мамы. Апроч вялікай тэарэтычнай работы школа арганізоўвае цікавыя практычныя заняткі з наведваннем дамоў дзетак, дзе студэнтам (прытым не толькі БДУ) даюць патрымаць на руках пакінутых немаўлятак, распавядаюць пра найноўшыя дасягненні ў занятках з дзеткамі, якія маюць асаблівасці развіцця. Такая праца, на думку Тамары Карасцялёвай, спрыяе фарміраванню больш свядомага і адказнага стаўлення маладзёнаў да сям’і і бацькоўства і, магчыма, дазволіць пазбегнуць цяжкіх выпадкаў адмаўлення ад ужо народжаных дзетак.
Яўген Гапонаў, адзін з кіраўнікоў школы свядомага бацькоўства, які ажаніўся з выпускніцай гэтай жа школы і ўжо 2,5 месяцы гадуе сыночка, пацвярджае: веды, атрыманыя падчас правядзення і курыравання школы, працуюць і дапамагаюць у рэальным жыцці.
Начальнік Псіхалагічнай службы БДУ Руслан Папок прапанаваў кожнаму зрабіць ашаламляльную кар’еру сем’яніна – бацькі, сына, сястры і г. д., дапамагчы жонцы зрабіць кар’еру мамы, увогуле разглядаць сям’ю як поле дзейнасці, як своеасаблівую і вельмі патрэбную кар’еру.
Падрыхтавала
Маргарыта АЛЯШКЕВІЧ