Цёплыя словы падзякі і захаплення, песні, кветкі і ўзнагароды – так падводзіліся вынікі прэстыжнага конкурсу «Найлепшая арганізацыя ідэалагічнай і выхаваўчай працы ў інтэрнаце БДУ».
Загадчыкі, каменданты, выхавальнікі, сацыяльныя педагогі, педагогіарганізатары, інструктары па фізічнай культуры і студэнцкія саветы – усе тыя людзі, якія арганізуюць жыццё студэнтаў у кожным інтэрнаце БДУ, клапоцяцца пра камфорт іх пражывання і вольны час. Ганаровыя госці ўрачыстага падвядзення вынікаў конкурсу – прарэктар па выхаваўчай і навучальнай рабоце Уладзімір Сувораў, начальнік упраўлення выхаваўчай працы з моладдзю Аляксей Багамазаў, дырэктар студгарадка Ала Мелех.
На працягу двух гадоў адміністрацыя Студэнцкага гарадка БДУ выбірала найлепшы інтэрнат і найлепшы педагагічны калектыў. Сярод прафесіяналаў і незаменных працаўнікоў дзевяці інтэрнатаў складана было вызначыць, хто пераўзыходзіць калегаў у арганізацыі ідэалагічнай і выхаваўчай працы. Нарэшце 1 чэрвеня шчаслівы ўладальнік кароннага тытула быў абвешчаны: перамог калектыў «сямёркі»!
Конкурс праводзіўся ў тры этапы. На першым завочным этапе педагагічныя калектывы інтэрнатаў прадстаўлялі экспертнай камісіі творчыя справаздачы пра зробленую працу, другі этап уяўляў сабою падрыхтоўку і правядзенне мерапрыемства па любым кірунку ідэалагічнай і выхаваўчай працы, на трэцім этапе конкурсу быў праведзены рэйдагляд інтэрнатаў. Па выніках усіх трох этапаў і быў вызначаны пераможца.
Падвядзенне вынікаў конкурсу стала сапраўдным святам, якое прынесла сям’і інтэрнатаў шмат уражанняў, хваляванняў і ўспамінаў. Перад калектывамі інтэрнатаў і гасцямі выступілі з пранікнёнымі песнямі студэнты з Казахстана «Кабэнд», а таксама студэнткі, удзельніцы і пераможцы конкурсаў студгарадка 2016–2017 года «Сярэбраныя струны», «Міс Вясна». Марына Самойлава – пераможца «Сярэбраных струн» у намінацыі «Аўтар» – у кампаніі сваёй высакароднай гітары колеру слановай косткі захапіла радкамі: «Ты ж ведаеш, у мяне цёпла»…
Дырэктар Студэнцкага гарадка БДУ Ала Мелех, узнагароджваючы ўсіх удзельнікаў дыпломамі, натхнёна падзякавала калегам:
«Я параўноўваю вашу працу з паветрам. Паветра нельга ўзяць у рукі, пераставіць, пакратаць, але без яго няма жыцця. Так і выхаваўчая праца. Дзякуй, што вы прафесійныя ў сваёй працы. Тое, што з выхаваннем у нашых інтэрнатах няма праблем, заслуга ўсіх вас».
Уручаючы прызавы дыплом загадчыцы сёмага інтэрната Нэлі Савугінай, прарэктар Уладзімір Сувораў распавёў, як вельмі складана прыйшлося журы выбіраць найлепшага сярод лепшых, і пахваліў: «У вас правільны працоўны настрой. Мерапрыемствы захапляюць. Тое, што праводзіцца студэнтамі ў інтэрнатах, заўсёды разумна, цікава. Дзякуй вам за гэту працу».
Ад усёй вялікай сям’і студгарадка жадаем яго супрацоўнікам поспехаў у адказнай працы, новых творчых ідэй, дасягнення мэт, фінансавага дабрабыту і парадку ва ўсім!
Дар’я ШУПЕНЬКА
Фота Валерыі Гаўрылавец
Відэа тут