Пошук крэатыўшчыкаў. У БДУ адкрыецца першы ў Беларусі інавацыйны цэнтр SAP Next-Gen Lab (+відэа)

14 Jun, 2017.

Мемарандум аб адкрыцці інавацыйнага цэнтра ў БДУ падпісалі (злева направа): дырэктар па ІТ групы кампаній «Санта Імпэкс Брэст» Вадзім Міцкевіч, генеральны дырэктар «Айбіэй Айці Парк» Сяргей Акуліч, дырэктар прадстаўніцтва ТАА SAP СНД у Рэспубліцы Беларусь Ілья Шуліпін, намеснік генеральнага дырэктара АІПІ НАН Беларусі Міхаіл Кавалёў і дэкан факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі БДУ Павел Мандрык

Мемарандум быў падпісаны паміж БДУ, Аб’яднаным інстытутам прыкладной інфарматыкі НАН Беларусі, SAP СНД, «Санта Імпэкс Брэст» і IBA.

Праца будзе арганізавана на базе цэнтра кампетэнцый па інфармацыйных тэхналогіях факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі БДУ, студэнцкіх праектных семінараў, стартапаў і хакатонаў, куды будуць прыцягвацца найлеп­шыя студэнты.
Сёння ўжо вызначаныя тры асноўныя кірункі дзейнасці цэнтра. У першую чаргу тут будзе здзяй­сняц­ца праца па рэалізацыі задач     і праектаў бізнес-кампаній. У пры­ватнасці, адным з заказчыкаў паслуг цэнтра выступіў «Санта Імпэкс Брэст», які зацікаўлены ў інавацыйных рашэннях і прапановах супрацоўнікаў БДУ і працаўладкаванні выпускнікоў ВНУ. Для рэалізацыі бізнес-замоў плануецца прыцяг­ваць прадстаўнікоў АІПІ НАН і IBA.
Другі кірунак звязаны з адукацыйнай робататэхнікай. Цэнтр стане інавацыйнай пляцоўкай, дзе студэнты змогуць займацца праектнай дзейнасцю па стварэнні аўтаматызаваных машын для рашэння прамысловых задач. Тут будуць арганізаваныя заняткі па распрацоўцы розных мадэляў, сістэм кіравання імі, навучанні працы з робататэхнічнымі прыладамі. Будзе праходзіць сумесная  з АІПІ НАН праца па падрыхтоўцы навучальна-метадычных праграм па адукацыйнай робататэхніцы, арганізоўвацца практычныя і лаба­раторныя заняткі са студэнтамі і практычныя канферэнцыі і семінары для супрацоўнікаў БДУ.

Праца ў цэнтры прадугледжвае розныя фарматы ўцягвання сту­дэнтаў і выкладчыкаў у інавацыйную дзейнасць: ад лекцыйных заняткаў, знаёмства з перадавымі тэхналогіямі і прынцыпамі пабудовы новых бізнес-мадэляў у эпоху глабальнай лічбавай рэвалюцыі да рэалізацыі групавых і індывідуальных праектаў. Тут створаць усе ўмовы для запуску ўласнага стартапа. Студэнты і выкладчыкі БДУ атрымаюць доступ да ўнікальнага навучальнага матэрыялу SAP, змогуць прайсці дыстанцыйныя і вочныя курсы навучання, трэнінгі, тэхнічныя брыфінгі, арганізаваныя гэтай нямецкай карпарацыяй.
Трэці кірунак тычыцца матэматычнага мадэлявання лагістычных бізнес-працэсаў прадпрыемстваў. Любы заказчык зможа атрымаць колькасную ацэнку эфектыўнасці працы сваёй кампаніі, на аснове якой будуць дадзеныя рэкамен­дацыі па памяншэнні выдаткаў і павелічэнні прыбытку.

Майстар-клас Сяргея Панкратава

За дзень да інавацыйнага форуму SAP у Мінску, 17 мая, для сту­дэнтаў і выкладчыкаў БДУ быў праведзены майстар-клас дырэктара па маркетынгу кампаніі SAP СНД Сяргея Панкратава на тэму «Лічбавая трансфармацыя – новыя ролі і задачы IТ-прафесіяналаў у сучас­ных рэаліях бізнесу». У мерапры­емстве прынялі ўдзел дырэктар цэнтра кампетэнцый па інфармацыйных тэхналогіях БДУ Сяргей Маркаў, менеджары праграмы «Універсітэцкі альянс» SAP СНД Юрый Купрыянаў і Ігар Сіўцоў.
Падобныя цэнтры на постсавецкай прасторы сёння функцыянуюць толькі ў пяці ВНУ Расіі. Гэта: Маскоўскі тэхналагічны ўніверсітэт, Вышэйшая школа эканомікі, Расійскі дзяржаўны ўніверсітэт нафты і газу імя І. М. Губкіна, Санкт-Пецярбургскі нацыянальны даследчы ўніверсітэт інфармацыйных тэхналогій, механікі і оптыкі і Цюменскі тэхнапарк. Усяго на сёння адкрыта 29 інавацыйных цэнтраў SAP Next-Gen Lab у розных краінах.

Алена МАРЦУЛЕВІЧ

Яшчэ больш фота у лічбавым фотаархіве БДУ

Відэа:

print

Вам таксама можа спадабацца: