Савет маладых навукоўцаў БДУ правёў серыю мерапрыемстваў, у якіх, апроч навуковых супрацоўнікаў і выкладчыкаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, прынялі ўдзел маладыя навукоўцы Беларускай медыцынскай акадэміі падыпломнай адукацыі і Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Мерапрыемствы адкрыла панэльная дыскусія “Генерыруем ідэю”, якая адбылася 12 сакавіка 2014 г. У яе падрыхтоўцы і правядзенні, нароўні з Саветам маладых навукоўцаў, прынялі ўдзел супрацоўнікі startup-цэнтра БДУ Раманава Н. С. і Малашанкава В. Ф.
Наступным важным мерапрыемствам стаў круглы стол “Праблемы арганізацыі і аптымізацыі працы калегіяльных грамадскіх органаў”, які адбыўся 19 сакавіка 2014 г. Яго арганізатарам выступіла старшыня Савета маладых навукоўцаў філалагічнага факультэта В. У. Зуева. Падчас дыскусій былі закрануты пытанні, звязаныя з актывізацыяй дзейнасці Савета маладых навукоўцаў як грамадскай арганізацыі, і праблемы фінансавання грамадскіх арганізацый маладых навукоўцаў.
Важным мерапрыемствам, запланаваным Саветам маладых навукоўцаў БДУ, стаў міні-сімпозіум “Міждысцып-лінарны падыход у сучаснай навуцы”, які прайшоў 26 сакавіка 2014 г. У ім прынялі ўдзел больш за 30 маладых навуковых устаноў вышэйшай і падыпломнай адукацыі, а таксама Нацыянальнай акадэміі навук.
Маладыя навукоўцы выступілі з прэзентацыямі вынікаў навучальна-метадычных і навукова-даследчых прац, якія праводзяцца на стыку розных навук, што дэманструюць неабходнасць выкарыстання метадаў і паняццяў традыцыйна не звязаных паміж сабой дысцыплін. Такое спалучэнне навук, у прыватнасці матэматыкі і філалогіі, у сваім дакладзе “Узаемадзеянне лінгвістыкі і матэматыкі пры стварэнні частотнага слоўніка сербскай мовы” прадэманстраваў дацэнт кафедры М. В. Супрунчук. Вялікую цікавасць і шырокую дыскусію выклікалі даклады старшага выкладчыка кафедры А. А. Шашко “Актуальныя кірункі міждысцыплінарных даследаванняў (на прыкладзе эканомікі)” і дацэнта кафедры А. Н. Трыфанавай “Фарміраванне цэласнай адукацыйнай сістэмы ў кантэксце навукова-практычнай інтэграцыі”. У сваіх выступленнях маладыя навукоўцы закранулі важныя і актуальныя пытанні рэалізацыі міждысцыплінарных сувязяў у навуковай і навучальнай дзейнасці на прыкладзе эканамічнага і хімічнага факультэтаў. Пра вынікі навукова-даследчых праектаў, якія рэалізуюцца на стыку розных прыродазнаўчых і гуманітарных навук, у сваіх дакладах “Матэматычнае і камп’ютарнае мадэляванне ў медыцыне і біялогіі”, “Феномен міждысцыплінарнасці і гістарычная навука” распавялі дацэнты кафедры тэарэтычнай і прыкладнай механікі С. М. Басякоў і В. А. Пятроўская.
Вынікі працы семінара ў сваім заключным слове падвяла старшыня Савета маладых навукоўцаў БДУ Г. А. Каралёва: “Міждысцыплінарнасць у навуцы існавала заўсёды. Не варта кідацца з крайнасці ў крайнасць і займацца толькі новаўвядзеннямі. У навучальных планах студэнтаў павінны быць на малодшых курсах фундаментальныя навукі, якія ў далейшым дазволяць ім займацца навукай на стыку дысцыплін.”
Паводле інфармацыі
Савета маладых вучоных БДУ