З наваселлем! Уладальнікамі новых кватэр сталі 57 супрацоўнікаў БДУ (+відэа)

31 Aug, 2017.

Дом пабудаваны ў Фрунзенскім раёне па вул. Маршала Лосіка, 4.

У святочнай цырымоніі здачы дома 29 жніўня прынялі удзел намеснік кіраўніка адміністрацыі Фрунзенскага раёна Мінска Аляксандр Некрашэвіч, а таксама старшыня прафкама супрацоўнікаў БДУ Ігар Вярэнчыкаў.


Нагадаем, што рашэннем Мінгарвыканкама ад 18.08.2016 г. УКБ Фрунзенскага раёна Мінска даручана будаўніцтва 50 % агульнай плошчы жылых памяшканняў у шматкватэрным доме ў межах вул. Шаранговіча, Гарэцкага, Рафіева, мікрараён № 3 для прафесарска-выкладчыцкага складу і іншых супрацоўнікаў БДУ і 50 % па спісах РУП «Навукова-практычны цэнтр НАН Беларусі па механізаванні і  сельскай гаспадарцы» для навукоўцаў і супрацоўнікаў. З 57 кватэр супрацоўнікаў БДУ 1-пакаёвых – 15, 2-пакаёвых – 28, 3-пакаёвых – 14.
У мэтах удасканалення грамадскага кантролю стану ўліку працаўнікоў БДУ, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, загадам рэктара БДУ ад 28.10.2016 г. створана грамадская камісія па жыллёвых пытаннях пад старшынствам прарэктара па выхаваўчай і вучэбнай рабоце У. В. Суворава.
Па словах сакратара камісіі  Алены Шчатко, прыкладна 80 % супрацоўнікаў з новага дома з’яўля­ліся жыхарамі інтэрната БДУ. Па­водле праектнай дэкларацыі кошт 1 кв. м. агульнай плошчы кватэры для нармаванай плошчы склаў 1 058 рублёў 29 капеек, для плошчы, якая  перавышае нармаваную, – 1 202 рублі 9 капеек.

Дзякуючы дадзенаму будаў­ніцтву, на ўліку тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў,  на 23.08.2017 г. засталося ўжо 422 супрацоўнікі за кошт забудоўшчы­каў, што выбылі.
У жніўні таксама стала вядома пра рашэнне Мінгарвыканкама пра вылучэнне яшчэ 51 кватэры ў раёне вул. Міхалова, Алібегава, Чыгуначная для супрацоўнікаў БДУ. Застаецца чакаць выхаду праектнай дэкларацыі для пачатку будаўніцтва новага дома.

Зыходзіць з рэальнай сітуацыі
Старшыня прафкама супрацоўнікаў БДУ Ігар ВЯРЭНЧЫКАЎ лічыць, што кіраўніцтва ўніверсітэта надае сацыяльнаму пытанню самую шчырую і пільную ўвагу: «Магчымасць атрымаць уласнае жыллё – важны стымул для супрацоўнікаў лепш працаваць. Таму мы ўвесь час хадайнічаем ад імя прафсаюза і, у першую чаргу, ад імя рэктара ва ўсе інстанцыі пра вылучэнне кватэр пад будаўніцтва. Вось здалі 57 кватэр, і неўзабаве вылучылі яшчэ 51 кватэру. Дзякуй мэру горада і яго намесніку за тое, што вельмі сур’ёзна дапамагаюць».
– Такое адчуванне, што наш універсітэт хутчэй забяспечвае сваіх супрацоўнікаў жыллём, чым па чарзе ў горадзе. Як так атрымліваецца?
– Не блытайце розныя паняцці. У горадзе людзі чакаюць ільготных крэдытаў, а мы будуем за свой  кошт. Вось як гэта гучыць: «…для па­ляпшэння жыллёвых умоў су­працоўнікаў, якія стаяць на адпаведным уліку, паводле рашэння Мінгарвыканкама прадугледжана вылучэнне каля 57 кватэр без прыцягнення сродкаў дзяр­жаўнай падтрымкі з прыбыткам   замоўцы, што не перавышае 5 %». Гэта значыць, у сярэднім квадратны  метр для нашых працаўнікоў каштуе 500 у. а. З улікам таго, што на дадзены момант камерцыйны кошт значна вышэйшы, каля 700–1000 у. а.
– Ігар Раманавіч, што б Вы жадалі сказаць людзям, улічваючы Вашу дзейнасць?
– Трэба, каб людзі з разуменнем паставіліся да таго, што мы жадаем яшчэ раз удакладніць спісы тых, хто стаіць у чарзе. Калі мы размяркоўвалі 57 кватэр, закранулі 130-га чалавека ў чарзе. Адна справа, калі чалавек адмаўляецца з-за адсутнасці фінансавай магчымасці, і іншая справа, калі высвятляецца, што ў кагосьці няма правоў на паляпшэнне жылля. Людзі ўжо пабудаваліся, ці штосьці змянілася ў жыцці, а часу ці жадання паведаміць камісіі ў іх няма. Можа, яны яшчэ на штосьці разлічваюць? Яны штучна павялічваюць чаргу. Трэба, каб людзі думалі не толькі пра сябе, але і пра сваіх калегаў. Калі ты дакументальна можаш пацвер­дзіць свае правы, то калі ласка, будзем усяляк падтрымліваць. Калі няма, то знайдзі час паінфарма­ваць пра гэта. Вельмі б хацелася да канца бягучага года мець рэ­альны спіс тых, хто мае патрэбу ў жыллі, каб можна было зыходзіць з рэальнай сітуацыі.

Усё адбывалася, як у фільме «Гараж»
Сваімі ўражаннямі падзяліліся навасельцы:

Віктар КОЧЫН, намеснік начальніка ЦІТ
– Віктар Паўлавіч, Вы стаялі ля вытокаў і былі галоўным арганізатарам і ініцыятарам пабудовы гэтага дома. Чаму гэтым заняліся?
– У нас даўно не будаваліся дамы. Апошнія ішлі для навуковых супрацоўнікаў і выкладчыкаў, а ўніверсітэт вялікі, і людзей вельмі шмат. Некаторыя стаялі на чарзе з 80-х, 90-х гадоў, людзі даўно чакаюць. Хацелася, каб іх жыллёвыя ўмовы паляпшаліся.
– Кім курыравалася дадзенае пытанне?
– Усе рашэнні прымаліся з узгадненнем кіраўніцтва: рэктара Сяргея Уладзіміравіча Абламейкі і прарэктара Уладзіміра Васільевіча Суворава. Актыўную дапамогу аказваў прафсаюз у асобе старшыні Вярэнчыкава Ігара Раманавіча. Была створана камісія па паляпшэнні жыллёвых умоў, прызначаны сакратар камісіі. Усё паводле нормаў заканадаўства.
– Хто старшыня вашага кааператыву?
– Дом будаваўся долевым спосабам, гэта не кааператыў. Г. зн. дамова з УКБ ідзе ў кожнага інды­відуальна. Старшыні няма. Хоць людзі прыходзілі да мяне па розных пытаннях, дапамагаў як мог.
– Якая атмасфера была сярод забудоўшчыкаў?
– Вы глядзелі фільм Разанава «Гараж»? Усё, што адбывалася шмат гадоў назад, яно і цяпер актуальнае. Кватэрнае пытанне вельмі важнае для людзей. Яны будуюць за свае кроўныя грошы, і ім кожная дробязь здаецца вельмі значнай. Вядома, атмасфера была злёгку абвостраная. Хто патрапіць ці не патрапіць, адмовіцца, не адмовіцца. Усе былі ўсхваляваныя, але гэта былі прыемныя хваляванні.
– Якія пачуцці перажывае чалавек, які выплачвае апошні ўнёсак за кватэру?
– Эмоцыі супярэчлівыя. Трохі павялічыўся апошні ўнёсак, але добра, што ўсё скончылася. Гэта жыццё. Мы рады, што, прынамсі, 57 чалавек мы зрабілі шчаслівымі. Бадай большасць з іх жыве ў інтэрнаце, і цяпер у іх сапраўднае свята.

Чарга падышла толькі ва ўніверсітэце
Міхаіл РАДЗЬКО, старшы выкладчык кафедры педагогікі
– Што адчуваеце, абзавёў­шыся сваім жыллём?
– Вядома, радасць, 10 гадоў у чарзе. Былі свае нюансы пры пабудове дома, але ў цэлым дом будаваўся нядоўга. Трохі падаражэў у канцы. Але кошт пад’ёмны: 1079 рублёў за метр. Гэта крыху больш за 500 у. а. Кватэры вельмі вялікія. Да прыкладу, у мяне аднапакаёвая кватэра 53,7 метра. Двухпакаёўка – у раёне 70, трохпакаёвая – 93. Адпаведна, мінімальная сума грошай павінна быць на 53 метры. Нам яшчэ пашанцавала. Бо спачатку  адмянілі 585 указ пра аказанне    матэрыяльнай дапамогі на дзяцей, а потым цудам вярнулі для тых, у каго былі складзены дамовы да жніўня.
Дзякуй універсітэту за магчы­масць атрымаць жыллё, таму што  з гэтым цяпер сапраўды вельмі складана.

Віктар АСТРОГА, загадчык кафедры мытнай справы ФМА
– Віктар Аляксандравіч, якія пачуцці напярэдадні падзеі, пераезду?
– Велізарная радасць і гонар за свой універсітэт. Я сам выпускнік гістарычнага факультэта. Я – ад самага пачатку пат­рыёт БДУ. Дысертацыя мая была прысвечана збольшага БДУ, гісторыі навукі. Жонка мая працуе ў БДУ. Ва ўніверсітэце працую з 2008 года загадчыкам кафедры, рыхтую спецыялістаў. Наша кафедра мытнай справы з’яўляецца вядучай у сваёй галіне. Студэнты паступаюць да нас, у самы лепшы ўніверсітэт краіны. І я думаю, што вядучая ВНУ павінна прапаноўваць жыллё сваім выкладчыкам, што яна і робіць высілкамі рэктара, нашай адміністрацыі. Таму, натуральна, я лічу, што ўсё гэта вельмі правільна, і, вядома, кватэра мая дзякуючы таму, што я працую ў БДУ, універсітэце, які   шануецца ў краіне.


– Калі жыллё ёсць, адкрываюцца новыя перспектывы…
– Можна паставіць кропку з жыллёвымі пытаннямі і спакойна працаваць, таму што, як кажуць, тыл, кватэра – гэта вельмі важна для любога спецыяліста, у тым ліку і для выкладчыка, які мусіць зай­мацца навукай, студэнтамі.
– Вы самі адкуль? Ці думалі, што станеце мінчуком?
– Я родам з Баранавічаў. Скончыў універсітэт, патрапіў па размеркаванні ў Асіповічы, паступіў у аспірантуру БДУ. На чарзе ў нашым Маскоўскім раёне ўсё вельмі доўга, таму менавіта дзякуючы БДУ я атрымаў кватэру. У звычайнай чарзе, як маладая сям’я. Так, сям’я ўжо даўно не маладая: сын працуе і дачка – студэнтка.
– Складана было фінансава пабудавацца?
– Вядома, дапамагала ўся сям’я, сваякі. Нягледзячы на тое, што сума ў два разы меншая за звычайную, яна ўсё адно досыць вялікая. Але я даўно збіраўся, планаваў. Дзякуй маім сваякам, якія падставілі плячо і дапамаглі своечасова сабраць сродкі.
Хачу сказаць, што аўтарытэт універсітэта, які дапамагае ў побытавых пытаннях, яшчэ больш умацаваўся ў маіх вачах. Я і далей буду аддаваць яму ўсе сілы без усякага пафасу. Я працаваў і ў  мытных органах і ў акадэміі навук, усюды стаяў на чарзе, але падышла яна толькі ў нас ва ўніверсітэце.


Ніна УРУБЛЕЎСКАЯ, намеснік дырэктара юрыдычнага каледжа
– Распавядзіце, як гэта –  стаць шчаслівым уладальнікам кватэры?
– Яшчэ да канца не ўсвядоміла. Удзячная ўніверсітэту за атрыманую магчымасць. На чарзе стаяла доўга, я працую ў БДУ 16 гадоў. Былі моманты, як заўсёды, але ў цэлым усё добра. Дом – гэта самае важнае для чалавека, і калі такое пытанне вырашаецца, гэта матывуе не толькі працоўную дзей­насць, але і жыццё грае іншымі фарбамі.


Вольга КЛАПАЦЬ, метадыст УМС
– Вольга Васільеўна, марылі стаць сталічным жыхаром?
– Вядома. Я сама з Брэсцкай вобласці, г. Бяроза. Нарадзілася ў Германіі, у сям’і вайскоўцаў. Я не ўяўляю іншай працы, акрамя майго ўлюбёнага ўніверсітэта. Я з 1999 года злучана з ім і адчуваю велі­зарную ўдзячнасць. Заўсёды ве­ры­ла ў мару, і яна ў мяне спраў­дзілася. Сёлета я загадала жаданне пра кватэру, яно здзейснілася. Гэта цудоўна!
– Якія былі складанасці з будаўніцтвам?
– Ды не было асаблівых складанасцяў. Недахоп часу на ўсе папяровыя справы: і ў банк трэба было, і ва УКБ і г. д. Наш дом прыгожы, яркі. Кватэры вялікія, з шыкоўнымі балконамі. З 6 паверха шкло ад падлогі на балконах, і выгляд, вядома, цудоўны, я ў захапленні ад гэтай прыгажосці.
– Няпроста, напэўна, грошы было сабраць?
– Ды я наогул не чакала, што будуць будавацца. Калі патэлефанавалі, прапанавалі паўдзельнічаць, падумала, што гэта жарт. Але пры вялікай падтрымцы маіх родных і блізкіх( я яшчэ ўзяла крэдыт у «Беларусбанку»), у мяне ўсё атрымалася. Дзякуй вялікае нашаму ўніверсітэту за магчымасці, і хачу пажадаць усім верыць у сваю мару –  яна абавязкова спраўдзіцца!


Калі будавалася  жыллё БДУ
У 2011 годзе пабудаваны асобны дом на 110 кватэр для ПВС па вул. Чачота, 32. У 2013 годзе міжуніверсітэцкі кааператыў на Каменнай Горцы – 25 кватэр. У 2015/16 годзе вылучана 47 кватэр у якасці арэнднага жылля ў комплексе «Магістр». 2017 год – 57 кватэр у доме па вул. Маршала Лосіка, 4.

Таццяна БАГАМАЗАВА
Фота аўтара
Яшчэ больш фота у лічбавым фотаархіве БДУ
Відэа:

 

print

Вам таксама можа спадабацца: