У гэтым годзе Міжнародны фестываль студэнцкіх і маладзёжных тэатраў наведалі 17 тэатраў, 7 з іх – беларускія. Касцюмы, пластыка, прэм’еры, хатнія жывёлы, эмоцыі і перажыванні – чым яшчэ пакаралі сэрцы гледачоў тэатры Мінска і Гомеля, мы цяпер раскажам.
Прадстаўнікі Белдзяржуніверсітэта
Два тэатры БДУ ўдзельнічалі ў фестывалі: «На балконе» і «На філфаку». Яны ж калісьці стаялі ля вытокаў зараджэння «Тэатральнага куфара».
Народны студэнцкі драматычны тэатр «На балконе» прадставіў прэм’еру «Каханне людзей». За аснову рэжысёр Дзмітрый Цішко ўзяў п’есу Дзмітрыя Багаслаўскага. Эмацыйна, ярка і максімальна блізка да аўдыторыі: глядацкія месцы знаходзіліся прама на сцэне, да акцёраў можна было і рукой дастаць. Прэм’ерны паказ распавядае гісторыю жыхароў адной вёскі. Тыя ўжо вельмі хочуць жыць «як усе», але нешта не атрымліваецца. Забойства, скандалы, любоў і ўспаміны, якія не даюць спакою. Героі ламаюць галаву над тым, што трэба зрабіць для таго каб заслужыць і ўтрымаць сваё шчасце. Акрамя сюжэтнай лініі, гледачам запомніўся спектакль рэкламай з 2000-х, пластыкавымі скрынкамі, крымінальнымі гісторыямі з БТ.
Слёзы ў зале былі таксама і ад спектакля «Піф-паф – ты мёртвы!» Народнага музычнага тэатра-студыі «На філфаку». На сцэне дзіцячая гульня перарастае ў суд. Хто вінаваты: хлопец, які здзейсніў забойства або тыя, хто яго да гэтага давёў? Галоўны герой – школьнік – хваравіта пераносіць насмешкі і здзекі. І ў адзін дзень вырашае ўсё спыніць. Рэжысёр Кацярына Тананайка, распавядае, што п’еса Уільяма Мастрасімонэ трапілася ім у рукі ў патрэбны час. Акцёрам спадабалася гэтая гісторыя, яе рысы знаёмыя многім. Пастаноўкай трупа хацела сказаць, што за свае ўчынкі ўсім даводзіцца адказваць. А хто вінаваты, ужо для сябе вырашалі самі гледачы.
Пластычныя спектаклі
Гэта ўдзельнікі конкурсу «Куфар_Пластилин». Сярод іх спектакль «[Maki:]» тэатра танца «Tremors» Беларускага дзяржаўнага універсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі. Акцёры паказвалі гледачам мову харэаграфіі і гармоніі. Спектакль складаўся з чатырох частак, якія адпавядалі порам года. Галоўныя персанажы – сутнасці ў вобразах «поўмакаў». Гэты свайго роду спектакль-рытуал развіваўся ў пустачы. Спачатку ў герояў няма дакладнага ўяўлення ўласнага «Я». Паступова сюжэт перацякае ў дзве гісторыі чалавечых адносін «Ён – яна» і «Ім – Ты – Наш». Як захаваць сябе і тое, што табе дорага ў халодныя часы? Харэаграфія і пастаноўка Уладзіміра і Івана Сліжыкаў, Дар’і Тарасавай.
Таксама пачуцці і перажыванні праз рух перадавала тэатральная майстэрня «Студыёзы» Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў у пастаноўцы «Кніга кніг: жывыя гравюры». Рэжысёр Вячаслаў Сашчэка увасобіў на сцэне сінтэз пластыкі, жывапісу і гуку. Праз серыю стоп-кадраў прамалёўвалася біблейская эвалюцыя чалавецтва. За аснову ўзятыя гравюры Гюстава Доры і Юліуса Каральсфельда.
Жанр дакументальных экзерсісаў
Вылучылася сваёй формай пастаноўка «Чалавек, які перайшоў раку» тэатра дакумента Ганны Сулімы, БДУКМ. Спектакль-дакумент прадстаўлены ў жанры дакументальных экзерсісаў (ад франц. Практыкаванне) з элементамі «біямеханікі», з паэтычным словам, з успамінамі пра галоўнага героя. Ключавы персанаж – Усевалад Мейерхольд – рэжысёр, акцёр, педагог і сапраўдным рэфарматар тэатра ХХ стагоддзя. Ён з’яўляецца аўтарам тэатральнага тэрміна «біямеханіка» (комплекс практыкаванняў, накіраваны на ўдасканаленне фізічнага апарата акцёра) і аўтарам напрамка моладзевага тэатральнага руху «Тэатральны Кастрычнік». Яго жыццё абарвалася ў лютым 1940 г. Расстрэл. Чорныя фіранкі і грубае сукно адзення акцёраў сталі фонам таго гучнага і яркага жыцця У. Меерхольда.
Вечныя тэмы
Тэатральны праект Андрэя Саўчанкі з Мінска кранальна і тонка паставіў спектакль «Запіскі юнага лекара» па матывах Міхаіла Булгакава. Малады доктар па размеркаванні трапляе ў глухую вясковую бальніцу. Тут ён спасцігае законы прафесіі і жыцця, ратуе людзей ад смерці, падымаецца на барацьбу з цемрай Егіпецкай. Ён ўспрымае гісторыю хваробы свайго калегі як выключнае папярэджанне. Спектакль уключыў апавяданні: «Ручнік з пеўнем», «Цемра Егіпецкая», «Морфій».
«Тэатр адкрытых» Гомельскага гарадскога цэнтра культуры заварожваў сваіх гледачоў тонкімі жартамі і глыбокімі думкамі. Жанна і Марыя такія дзве зусім розныя суседкі, але іх лёс адзін ў адзін пераплятаюцца. Пастаноўка «вустрыцамі» паводле п’есы Уладзіміра Ступінскага перадае іранічную гісторыю пра пошукі натхнення. На пытанне «Які ён выварат творчасці?» гэтым спектаклем адказала рэжысёр Вольга Чарненка.
Алёна ЛЯЎШЭНЯ