У гэтыя майскія дні мы разам з усім беларускім народам, іншымі народамі свету адзначаем вялікую гістарычную дату – 69-ю гадавіну Вялікай Перамогі над фашызмам.
Вайна з гітлераўскай Германіяй і яе саюзнікамі стала для савецкага народа Вялікай Айчыннай вайной, якая па сваіх маштабах і жорсткасці не мела сабе роўных у гісторыі.
Суровая цана вайны. Паводле ранейшых афіцыйных звестак, вайна забрала жыцці 2,2 млн беларусаў. Сённяшнія гісторыкі ўжо нават кажуць пра 3 млн чалавек (г. зн. загінуў кожны трэці даваенны жыхар). Было знішчана 209 гарадоў і гарадскіх пасёлкаў, 9200 вёсак (пры гэтым 627 вёсак напаткаў трагічны лёс Хатыні). Амаль кожная сям’я ў Беларусі страціла роднага альбо блізкага.
Урокі на будучыню. Вайна адышла ў мінулае, але людзі памятаюць пра яе, імкнуцца асэнсаваць яе ўрокі. Яны хочуць ведаць, чаму чалавецтва апынулася ў такой кровапралітнай бойні і як не дапусціць паўтарэння падобнага. Сённяшняму пакаленню цяжка сабе нават уявіць, якім бы быў свет у выніку рэалізацыі планаў гітлерызму, якія каласальныя высілкі спатрэбіліся, каб спыніць, а потым разграміць агрэсараў.
Вялікая Айчынная вайна была барацьбой розуму з цемрашальствам, дабра са злом. Тысячы студэнтаў, выкладчыкаў і супрацоўнікаў БДУ ўдзельнічалі ў гэтай барацьбе, мужна і самаахвярна змагаліся на франтах, у партызанскіх атрадах, падпольных арганізацыях, у глыбокім савецкім тыле, а таксама ў шэрагах еўрапейскага Супраціўлення і саюзных армій. Многія з іх не вярнуліся з вайны. Наш боль пра загінулых ніколі не заціхне. Але без іх подзвігаў не было б Перамогі.
Памяць неўміручая. Светлая памяць пра герояў вайны ўвекавечана народам у мемарыялах, помніках, абелісках, у кнігах (у тым ліку ў Кнізе памяці БДУ). Мы схіляем галовы перад мужнасцю загінулых герояў, а таксама аддаём даніну глыбокай павагі нашым ветэранам. Усцешна, што дагэтуль працягваюць педагагічную дзейнасць Драбязка Сцяпан Рыгоравіч, прафесар кафедры тэорыі і гісторыі дзяржавы і права; Дулаў Андрэй Васільевіч, прафесар кафедры крыміналістыкі; Котаў Альберт Іосіфавіч, дацэнт кафедры новай і найноўшай гісторыі; Сачанка Іван Іванавіч, прафесар кафедры замежнай журналістыкі і літаратуры; Умрэйка Дзмітрый Сцяпанавіч, прафесар, галоўны навуковы супрацоўнік лабараторыі нелінейнай оптыкі і спектраскапіі, Чыгір Васіль Фёдаравіч, прафесар кафедры грамадзянскага права; Юркевіч Мікалай Рыгоравіч, прафесар кафедры грамадзянскага працэсу і працоўнага права.
Усяго ў пярвічнай ветэранскай арганізацыі БДУ зараз знаходзіцца на ўліку 36 чалавек. Іх багаты жыццёвы вопыт і пасільная праца ва ўніверсітэце садзейнічаюць грамадзянска-патрыятычнаму і маральна-этычнаму выхаванню студэнцкай моладзі.
З нагоды 70-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў я жадаю ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, усім супрацоўнікам універсітэта шчасця, аптымізму, здароўя і здзяйснення гуманных мэтаў нашай альма-матар.
Са святам Перамогі!
Рэктар БДУ акадэмік
С. У. Абламейка
Фотарэпартаж з святкавання Дня Перамогі глядзіце тут