Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «Развіццё беларуска-кітайскага супрацоўніцтва ў сферы вышэйшай адукацыі ў рамках праекта «Пояс і Шлях» прайшла 26 кастрычніка ў БДУ. Мерапрыемства накіравана на ўмацаванне беларуска-кітайскага супрацоўніцтва ў галіне адукацыі і навукі. Яго ўдзельнікамі сталі каля 100 кіраўнікоў беларускіх ВНУ, прадстаўнікоў органаў дзяржаўнага кіравання, а таксама прафесарска-выкладчыцкага складу ўніверсітэтаў Кітая.
З вітальнымі словамі да ўдзельнікаў звярнуліся міністр адукацыі Беларусі Ігар Карпенка і рэктар БДУ Андрэй Кароль.На пленарным пасяджэнні прагучалі даклады, прысвечаныя пытанням сучаснага стану і перспектывам развіцця сістэмы адукацыі Беларусі і Кітая. Таксама быў прааналізаваны досвед узаемадзеяння ўніверсітэтаў дзвюх краін і вызначаны шляхі ўмацавання іх супрацоўніцтва. З дакладам «Эвалюцыя сістэмы вышэйшай адукацыі ў Беларусі» выступіў рэктар Рэспубліканскага інстытута вышэйшай школы Віктар Гайсёнак. Пра стратэгію развіцця сістэмы вышэйшай адукацыі нашай краіны распавёў начальнік Галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі Міністэрства адукацыі Сяргей Каспяровіч. Старшыня Вышэйшай атэстацыйнай камісіі Генадзь Пальчык выступіў з дакладам «Падрыхтоўка і атэстацыя навуковых кадраў у Рэспубліцы Беларусь». Акрамя таго, дырэктар Даследчага інстытута вышэйшай адукацыі ДПУ Чжан Дэсян прадставіў асноўныя кірункі рэформаў вышэйшай адукацыі ў Кітаі. А яго намеснік Цун Мін падзяліўся досведам камерцыялізацыі вынікаў навуковых даследаванняў кітайскіх універсітэтаў.
Выступленне дырэктара Рэспубліканскага інстытута кітаязнаўства імя Канфуцыя БДУ Анатоля Тозіка было прысвечаны ўзаемадзеянню ўніверсітэтаў дзвюх краін.
Вынікам форуму стала распрацоўка рэкамендацый па развіцці партнёрскіх адносін паміж Беларуссю і Кітаем у галіне адукацыі і навуковай дзейнасці.
У рамках форуму адбылося ўрачыстае адкрыццё Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом КНР у Рэспубліцы Беларусь Цуй Цымінам бюста філосафа Канфуцыя.
Гэты сімвалічны акт не выпадковы. У цяперашні час у БДУ навучаецца 720 грамадзян Кітая. Таксама доля кітайскіх студэнтаў, хто паступае ў бягучым наборы, самая вялікая ад агульнай колькасці замежных абітурыентаў (64 %).
Рэктар БДУ Андрэй Кароль адзначыў: «Мы сёння прысутнічаем на вельмі значнай гістарычнай падзеі – адкрыцці бюста вялікаму мудрацу, чые ідэі і погляды аказалі ўплыў на многія сферы жыццядзейнасці грамадства, у тым ліку і на навуковую сферу. Адметна, што першы на тэрыторыі нашай краіны бюст філосафа Канфуцыя ўстаноўлены ў БДУ і будзе знаходзіцца побач з помнікамі выбітных людзей, значных для нашай дзяржавы, сярод якіх Ефрасіння Полацкая, Францыск Скарына, Мікола Гусоўскі».
Арганізатарамі мерапрыемстваў выступілі РІВШ, РІК імя Канфуцыя БДУ, Далянскі політэхнічны ўніверсітэт.