Гісторыя, дзяржава і ўніверсітэт: ад ідэі стварэння БДУ прайшло 100 гадоў (+відэа)

8 Dec, 2017.

Міжнародная навуковая канферэнцыя «1917 год у гістарычных лёсах Беларусі» прайшла 30 лістапада – 1 снежня ў Беларускім дзяржаўным універсітэце. Форум быў прысвечаны стогадоваму юбілею падзей 1917 года, якія прадвызначылі не толькі развіццё беларускай дзяржаўнасці, але і станаўленне БДУ. Пра важныя моманты гэтых двух дзён – у нашым матэрыяле.

Векавы шлях
Адкрыццё канферэнцыі і пленарнае пасяджэнне праходзілі ў гістарычным месцы – Нацыяналь­ным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы. Менавіта ў сценах гэтага будынка напачатку ХХ стагоддзя была агучана ідэя пра стварэнне першага ўніверсітэта, вышэйшай навучальнай установы ў краіне.
А праз некалькі гадоў тут жа адбыўся ўрачысты сход, прысвечаны адкрыццю БДУ.
– Мы знаходзімся ва ўнікальным месцы і ва ўнікальны час з таго пункта гледжання, што амаль 100 гадоў назад, 15 снежня 1917 года, на Першым Усебеларускім з’ез­дзе прафесарам Яўхімам Карскім быў зроблены даклад, які прадвызначыў стварэнне Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, – казаў рэктар БДУ Андрэй Кароль, старшыня арганізацыйнага камітэта канферэнцыі.

– Пазней былі і іншыя знакавыя вехі на гэтым няпростым шляху. У прыватнасці, 25 лютага 1919 года быў падпісаны ўказ, які легітымізаваў стварэнне ўніверсітэта. Дэ-факта першыя заняткі адбыліся ў кастрычніку 1921 года, што паклала пачатак традыцыі святкавання дня нараджэння ўні­версітэта.
Рэктар ВНУ адзначыў, што станаўленне беларускай дзяржаўнасці і станаўленне ўніверсітэта ідуць побач, а саюз адукацыі і навукі непарыўна звязаны з іншымі сферамі грамадскага жыцця. Гэтыя думкі часта гучалі ў выступленнях удзельнікаў навуковага форуму.

– Амаль 100 гадоў таму ў гэтым будынку сабраліся беларусы, якія марылі пра тое, што мы зараз маем, павінны захоўваць і памнажаць – свая дзяржава і свой універсітэт, – казаў прарэктар па вучэбнай  рабоце Сяргей Ходзін. – І толькі пасля 11 ліпеня 1921 года ў гэтым жа будынку адбылося ўрачыстае пасяджэнне з нагоды пачатку дзейнасці БДУ. Каб асэнсаваць гістарычныя падзеі 1917 года, яго наступствы, сёння ў гэтай зале сабраліся навукоўцы з Беларусі, Расіі, Польшчы, Чэхіі.

Даклады ўдзельнікаў
і гасцей
Падчас канферэнцыі была дадзена ацэнка цэламу шэрагу актуальных праблем, наступствам пераломных падзей векавой даўніны. Госці канферэнцыі адзначылі, што рэвалюцыя шмат у чым вызначыла гістарычную, культурную і сацыяльную скіраванасць ХХ стагоддзя. Таму заканамерна, што ў юбілейны год больш за 100 даследчыкаў, навуковых, дзяржаўных дзеячаў звяртаюцца да ўсебаковага даследавання той эпохі. Напрыклад, на пленарным пасяджэнні з дакладам «Савецкая сістэма адукацыі як вынік пераўтварэнняў Вялікай Кастрычніцкай Сацыялістычнай рэвалюцыі» выступіў міністр адукацыі Беларусі Ігар Карпенка. У сваім выступленні ён заўважыў:

– Пройдзены шлях нашым народам у ХХ стагоддзі – гэта шлях асэнсавання мінулага, гэта старонкі гераічнай барацьбы, прыклады мужнасці, усеагульнага імкнення да сапраўднай незалежнасці і росквіту краіны. Гэта аснова развіцця палітычнай, сацыяльна-эканамічнай структуры сучаснага беларускага грамадства, зацвярджэнне грама­дзянскага міру і згоды.

Кастрычніцкая рэвалюцыя пакла­ла пачатак карэннай перабудовы ўсяго грамадскага жыцця і ў тым ліку народнай адукацыі. Партыя бальшавікоў у сваёй праграме па народнай адукацыі паставіла гіс­тарычную задачу ператварыць школы са зброі класавага пана­вання буржуазіі ў зброю поўнага знішчэння дзялення грамадства   на класы, у зброю камуністычнай перабудовы грамадства.
У савецкі час небывалае развіццё мела айчынная навука. Праз 50 гадоў пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі ў 1967 годзе ў СССР   налічвалася 770 тыс. навуковых  работнікаў. І гэтыя спецыялісты бы­лі падрыхтаваны на самым высокім узроўні. Гэта яны праклалі шлях у космас, яны паставілі атам на службу народнай гаспадарцы, гэта іх уменнямі створана і функцыянуе ў тым ліку і наша Нацыя­нальная акадэмія навук, яе вяду­чыя наву­кова-даследчыя інстытуты.
Савецкая сістэма адукацыі па ацэнках розных экспертаў і палітычных апанентаў разглядалася як адна з самых эфектыўных аду­кацыйных сістэм ХХ стагоддзя.
Сучасная сістэма адукацыі Беларусі атрымала ў спадчыну най­лепшыя традыцыі савецкай школы і развіваецца з улікам асноўных тэндэнцый сусветнай адукацыйнай прасторы. Створаная цэласная збалансаваная сістэма адукацыі дазваляе кожнаму рэалізаваць сваё канстытуцыйнае права на адукацыю і стаць паспяховым у грамадстве, канкурэнтаздольным у прафесіі і запатрабаваным у жыцці.
Сёння можна з упэўненасцю  сцвярджаць, што развіццё адукацыі ў краіне ўяўляе сабою задачу агульнанацыянальнай значнасці. Наяўнасць збалансаванай, навукаёмістай, якаснай, эканамічна эфектыўнай, сучаснай сістэмы адукацыі – гэта заклад паспяхо­вага развіцця дзяржавы і грамадства ў будучыні.
На працягу двух дзён на базе факультэтаў БДУ (гістарычнага, юрыдычнага, філасофіі і сацыяль­ных навук, міжнародных адносін) прайшла праца 7 секцый: «Метадалагічныя праблемы і новыя канцэпцыі ў вывучэнні падзей і наступстваў 1917 г.», «Падзеі 1917 г. і іх наступствы ў грамадска-палітычнай і гісторыка-культурнай рэфлексіі», «Універсітэт як падмурак нацыя­нальна-дзяржаўнага будаўніцтва», «Першы Усебеларускі з’езд: на шляху да беларускай дзяржаўнасці», «Сацыяльна-эканамічныя і грамадска-палітычныя пераўтварэнні ў Беларусі ва ўмовах рэвалюцыі і ў паслярэвалюцыйны перыяд», «Змены ў дзяржаўна-прававым становішчы Беларусі ў выніку рэвалюцыйных падзей 1917 г.» і «1917 год: рэгіянальнае вымярэнне». Таксама адбыўся круглы стол «Метадалагічныя праблемы і новыя падыходы ў вывучэнні беларускай дзяржаўнасці». Пазней матэрыялы канферэнцыі будуць размешчаны ў Электроннай бібліятэцы БДУ.

Прывітальныя адрасы
Міжнародная канферэнцыя не засталася без увагі дзяржаўных інстытутаў і ўстаноў. Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь накіраваў гасцям і ўдзельнікам форуму прывітанне, урачыста зачытанае першым намеснікам кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Максімам Рыжанковым: «Падзеі 1917 года спрыялі імкненню беларусаў жыць у сваім доме. Ідэя самавызначэння Беларусі, якая ішла знізу, ад ініцыятывы народных мас, выказалася ў скліканні Першага Усебеларускага з’езда. Гэты народны сход прадэманстраваў найважнейшыя каштоўнасці, значныя для нас да сённяшняга дня: свая дзяржава, яе сацыяльны характар і той факт, што толькі народ, яго воля, калектыўны розум і лідары могуць стаць сапраўднай крыніцай незалежнасці.
Звяртаючыся на Усебеларускіх народных сходах да меркавання тых, хто сваёй працай стварае нашы багацці, мы бачым і іншы ўрок гісторыі нашай дзяржаўнасці: толь­кі адзінства ўсіх нас, усяго нашага беларускага народа з’яўляецца гарантам выбару і захавання самастойнага шляху развіцця».
Кіраўнік дзяржавы таксама падкрэсліў, што на Усебеларускім з’ездзе ў 1917 годзе выразна прагучала фундаментальная ідэя – стварэнне свайго ўніверсітэта.

«Сёння мы яшчэ больш разумеем, што без адукацыі, без навукі мы не зможам умацаваць незалежнасць нашай дзяржавы. Бо асноўная яе мэта – стварэнне не толькі матэрыяльных, але і духоўных асноў для развіцця чалавека», – звярнуўся да ўдзельнікаў канферэнцыі Прэзідэнт.

Акрамя таго было атрымана вітальнае пасланне ад Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, падпісанае Міхаілам Мясніковічам і Уладзімірам Андрэйчанкам. Яго зачытаў Ігар Марзалюк, старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па адукацыі, культуры і навуцы, член Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. – Драматычныя падзеі пачатку ХХ стагоддзя мелі рэвалюцыйныя пераўтварэнні, якія зламалі палітычную сістэму Расійскай імперыі і адкрылі перад шматлікімі народамі дарогу да незалежнасці. Для беларускага народа 1917 год таксама стаў важнай вехай у ба­рацьбе за самавызначэнне. На Першым Усебеларусім з’езде, які, нягледзячы на ўсе нягоды і цяжкасці вайны, праходзіў у гэтай зале амаль 100 гадоў таму, Беларусь заявіла пра сваё права на нацыянальнае самавызначэнне, суве­рэ­нітэт і стварэнне ўласных прадстаўнічых інстытутаў дзяржаўнай улады.
Таксама вітальныя адрасы былі атрыманы ад Канстытуцыйнага  Суда, Мінгарвыканкама, Савета Федэральнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі беларусаў Расіі.

Водгукі і ўражанні
Публіка сабралася ў БДУ неабыякавая да гісторыі. На завяршэнні міжнароднага форума ўдзельнікі па­дзяліліся сваімі меркаваннямі пра два праведзеныя дні канферэнцыі.
Як выказаўся акадэмік-сакратар аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, член-карэ­спандэнт НАН Аляксандр Кава­леня, час выбраў нас:
– Важнасць гэтай гісторыі не  толькі ў асэнсаванні дня сённяш­няга. Яна дазваляе нам кінуць позірк у будучыню, фарміраваць у пакалення, якое толькі падрастае, не толькі грамадзянскія і патрыятычныя, але і гуманістычныя перакананні.
Тэма БДУ гучала ў многіх выс­туп­леннях. Аляксандр Каханоў­скі, дэкан гістарычнага факультэта БДУ, казаў:
– Хацелася б яшчэ адзначыць, што канферэнцыя – гэта не толькі дыскусія на тэму навуковых пытанняў. У той жа час у нас ёсць магчымасць абмеркаваць далейшае супрацоўніцтва ў прыватнасці з прадстаўнікамі тых універсітэтаў, якія прыехалі на канферэнцыю. Таму дадам, што наша канферэнцыя – гэта яшчэ і абмен досведам, перспектывы далейшага развіцця аду­кацыйнага працэсу.
Алег Яноўскі, загадчык кафедры гісторыі Расіі гістарычнага факультэта БДУ:
– Мне быў аказаны гонар кіраваць секцыяй «Універсітэт як падмурак нацыянальна-дзяржаўнага будаўніцтва». У рамках канферэнцыі навукоўцы распавядалі, як універсітэт адыходзіў ад той ідэі 1917 года, як яна рэалізоўвалася, называліся тыя імёны, якія былі пры станаўленні БДУ. Таксама гучалі і прапазіцыі таго, як мы будзем адзначаць сваё 100-годдзе. Вынікі секцыі пад­штурхнулі да пытання, што падрыхтаваць, каб гэта прагучала не только на рэспубліканскім узроўні, але і на сусветным.
Дэкан факультэта філасофіі і сацыяльных навук БДУ Вадзім Гігін звярнуў увагу на важнасць супрацоўніцтва гісторыкаў і прадстаў­нікоў іншых навук, каб не разгу­біцца ў тым багацці архіўных дакументаў, якое стала даступным у апошнія гады:
– На абмеркаванні тэмы круг­лага стала прысутнічалі гісторыкі, філосафы, сацыёлагі, эканамісты, юрысты, палітолагі. І толькі такія канвергентныя даследаванні гэтых складаных праблем (не толькі ХХ стагоддзя, але і больш ранніх часоў) спрыяюць таму, што мы прыйдзем да пэўнага навуко­вага кансэнсусу па пытаннях не толькі дзяржаўнасці, але і сацы­яльнага ладу. Мы не зможам упэўнена пракласці далейшы шлях беларускай дзяржаўнасці, калі не будзем разумець, што тады адбывалася.
Высокую ацэнку форуму далі калегі з Расійскай Федэрацыі. Старшыня Савета Федэральнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі беларусаў Расіі Сяргей Кандыбовіч адзначаў:
– Мы ўсе знаходзімся пад уражаннем. Што такое 100 гадоў для гісторыі? Гэта не так ужо шмат. Аднак варта аддаць належнае, што Беларусь за гэты час вырасла ад ускраін Расійскай імперыі да прыгожай дзяржавы.
Аксана Солапава, намеснік дэкана–навуковы сакратар, кіраўнік лабараторыі гісторыі дыяспар гістарычнага факуль­тэта МДУ імя М. В. Ламаносава, старшыня Нацыянальна-культурнай аўтаноміі «Беларусы Масквы»:
– Той узровень, на якім праходзіць форум, выразна дае зразумець, што Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт прадэманстраваў высокую планку асэнсавання гістарычнага мінулага. Толь­кі той гісторык мае права зваць сябе гісторыкам, хто ўмее зразумець, прыняць, абагуль­ніць мінулае сваёй краіны. І толь­кі тады гісторык мае права называць сябе грамадзянінам айчыны, толькі тады гістарычная навука выконвае сваю галоўную грамадзянскую функцыю. І менавіта гэты форум паказаў высокую місію, якую нясуць гісто­рыкі БДУ. І высокая ацэнка кіраўніка дзяржавы, якая прагучала, пацвярджае правільнае і паступальнае развіццё гістарычнай навукі БДУ.
Таісія Доўнар, прафесар кафедры тэорыі і гісторыі дзяржавы і права юрыдычнага факуль­тэта БДУ:
– Падзеі 1917 года гралі лёсавызначальную ролю для беларусаў, бо ў іх межах склаліся рэальныя перадумовы для фарміравання нацыянальнай дзяржаўнасці, якая стваралася ў рэчышчы складаных знешніх і ўнутраных фактараў. Мы павінны звярнуць увагу на тыя постаці, якія стаялі ля вытокаў новых формаў улады, рэальна буда­валі дзяржаўны апарат і стваралі якасна іншае права, вывучаць іх жыццё, дзейнасць і творчасць.
1917 год заклаў пад­мурак  новай дзяржавы – створанай 1 студзеня 1919 года Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі, правапераемнікам якой выступае сучасная Рэспубліка Беларусь. І гэтай даце, а таксама стагоддзю прыняцця першай Канстытуцыі (2 лютага 1919 г.) і дэкрэта СНК аб утварэнні Беларускага дзяржаўнага ўніверсі­тэта, на наш погляд, трэба прысвяціць асобную канферэнцыю. Рэктар Андрэй Кароль у размове з журналістамі падсумаваў, што тэма канферэнцыі закранае не толькі БДУ, але і непарыўную сувязь адукацыі з іншымі сферамі грамадства беларускай дзяржавы. Асаблівая ўвага бу­дзе нададзена вынікам канферэнцыі. Атрыманыя рэкамендацыі, высновы, механізмы  ў рамках кампетэнцыі ўніверсітэта будуць рэалізаваныя.

 Алёна ЛЯЎШЭНЯ
Відэа:

print

Вам таксама можа спадабацца: